Вяртанне скарбаў

Апублiкавана: 11 мая 2025 Стужка Музеі Мінск Спадчына

Аўтар: РУДАК Антон

Як шукаюць і наноў адкрываюць для беларусаў страчаныя артэфакты? Ліставанне з Уладзімірам Караткевічам, карціны Міхаіла Сеўрука, фотаздымкі роду Паскевічаў – што яшчэ ўдалося выявіць у іншаземных зборах?

НА ЗАКОННЫХ ПАДСТАВАХ 

У захаванні нацыянальнай спадчыны кіруючая роля належыць Камісіі па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны абарот каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Беларусі. Асаблівы акцэнт робіцца на пытаннях пошуку і вяртання ў нашу краіну страчанага ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Камісія дзейнічае на падставе палажэння, распрацаванага Міністэрствам культуры і зацверджанага пастановай Савета Міністраў №904 ад 22 снежня 2022 года. Дакумент вырашае пытанні паўнамоцтваў камісіі, замацавання рэгламенту яе работы, перыядычнасці і парадку правядзення пасяджэнняў, функцый экспертнай групы і сакратарыята. Камісія выконвае каардынацыйную ролю пры вызначэнні прыярытэтных напрамкаў па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны абарот каштоўнасцей беларускага паходжання. 

Вынікі працы за папярэдні год былі разгледжаны на пасяджэнні камісіі ў лютым. Шэраг мерапрыемстваў накіраваны на вырашэнне пытання аб вяртанні культурных каштоўнасцей, якія былі вывезены з беларускіх музеяў падчас Другой сусветнай вайны. Агулам у 2024 годзе камісія выканала ўсе 29 пунктаў плана. У рабоце прымалі ўдзел Міністэрства культуры і 37 падведамасных яму ўстаноў у цесным узаемадзеянні з Міністэрствам замежных спраў і іншаземнымі арганізацыямі, а таксама з навукоўцамі, архівістамі, мясцовымі ўладамі.

ПАДЛЯГАЕ ЗВАРОТУ 

Падчас нацысцкай акупацыі з беларускіх музеяў масава вывозілі творы мастацтва і гістарычныя каштоўнасці. Мінская дзяржаўная карцінная галерэя, створаная ў 1939 годзе, была практычна ўся разрабавана: зніклі 1700 карцін, 30 старажытных абразоў, калекцыя слуцкіх паясоў, антыкварная мэбля і бібліятэка. Супрацоўнікі спрабавалі схаваць некаторыя каштоўнасці, але ўдалося далёка не ўсё. Пасля вайны з тысяч артэфактаў у Мінск вярнулі ўсяго 153. Астатнія прадметы мастацтва і рэліквіі да гэтага часу знаходзяцца ў музеях і прыватных калекцыях па ўсім свеце. 

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь у рамках даручанай работы па правядзенні вартаснай ацэнкі страчаных культурных каштоўнасцей накіраваў у Дзяржаўны архіў Расійскай Федэрацыі запыт копіі дакументаў аб стратах Мінскага сацыяльна-гістарычнага музея (былы Беларускі дзяржаўны музей) падчас нацысцкай акупацыі. У адказ прыйшла копія нататкі намесніка наркама асветы БССР Надзвычайнай Дзяржаўнай Камісіі ад 24 ліпеня 1944 года, якая пацвердзіла нанясенне нямецкімі захопнікамі матэрыяльнай шкоды Гістарычнаму музею ў Мінску ў памеры 173 679 000 рублёў. Летась беларускія сховішчы і бібліятэкі правялі інвентарызацыю, падчас якой выявілі 7000 страчаных экспанатаў. Таксама Міністэрства культуры сумесна з Генеральнай пракуратурай склала спіс з 694 культурных аб’ектаў, якія трэба вярнуць: крыж Еўфрасінні Полацкай XII стагоддзя, слуцкія паясы, каштоўныя абразы, жывапісныя палотны, кнігі і скульптуры.

РОСШУК АРТЭФАКТАЎ 

Вялікая праца была праведзена па выяўленні і вывучэнні культурных каштоўнасцей, што знаходзяцца за межамі нашай краіны. Спецыялісты Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі знайшлі ў рэсурсах адкрытага доступу 10 электронных копій старадрукаваных і рарытэтных выданняў.

Будынак на сталічнай вуліцы Карла Маркса, 29, дзе да вайны знаходзілася Мінская дзяржаўная карцінная галерэя

З асабістага архіва польскага мовазнаўцы Фларыяна Няўважнага Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва атрымаў 219 лічбавых копій дакументаў, перададзеных удавой навукоўца Станіславай. Гэта ліставанне з Уладзімірам Караткевічам і яго сям’ёй, фотаздымкі, зробленыя падчас навучання на факультэце рускай філалогіі Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі. 

У 2024 годзе фонды дзяржаўных арганізацый культуры і архіўных устаноў папоўніліся 504 культурнымі каштоўнасцямі: арыгінальнымі прадметамі, электроннымі і лічбавымі копіямі. 

Вярнуліся у Беларусь 15 твораў жывапісу і графікі мастака Міхаіла Сеўрука, перададзеныя ў фонды Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”. У фонды Нацыянальнага гістарычнага музея паступілі тры фатаграфіі вядомага слуцкага фатографа Саміра Юхніна. Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафодакументаў атрымаў у дар 186 здымкаў Мікалая Гнісюка, заслужанага дзеяча мастацтваў Расійскай Федэрацыі. Гэта партрэты беларускіх акцёраў, моманты здымак мастацкіх фільмаў “Ідзі і глядзі”, “Подых навальніцы” і “Дажыць да світання”, усесаюзных кінафестываляў, якія праходзілі ў Мінску ў 1970 і 1985 гадах. Матэрыялы перадала ўдава фатографа — расійскі рэжысёр Надзея Майданская.

ЛІЧБАВЫЯ НАБЫТКІ 

У 2024 годзе наладжваліся дзелавыя кантакты і вяліся перамовы з замежнымі ўстановамі па пытаннях культурных каштоўнасцей беларускага паходжання. Вілейскі краязнаўчы музей сумесна з упраўленнем культуры Мінаблвыканкама дамовіўся з Дзяржаўным архівам Расійскай Федэрацыі аб перадачы 14 лічбавых копій з “Фотаальбома разбурэнняў, учыненых нямецка-фашысцкімі акупантамі”, што дазволіла раскрыць новыя трагічныя старонкі гісторыі нацысцкай акупацыі Вілейшчыны. Беларускі бок звярнуўся да Санкт-Пецярбургскага Цэнтральнага дзяржаўнага архіва кінафотадакументаў наконт перадачы лічбавых копій фотаздымкаў перыяду Першай сусветнай вайны з тэрыторыі сучаснага Вілейскага раёна. 

Міхаіл Сеўрук. Стары Нясвіж

Гомельскі палацава-паркавы ансамбль сумесна з пасольствам Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі ва ўзаемадзеянні з галоўным упраўленнем культуры Гомельскага аблвыканкама і Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь па дамоўленасці з Дзяржаўным гістарычным музеем у Маскве атрымаў у электронным выглядзе 11 гістарычных фатаграфій з гомельскай калекцыі князёў Паскевічаў. Гэтыя матэрыялы паглыбілі веды адмыслоўцаў аб паўсядзённым жыцці прадстаўнікоў славутага роду. Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук звязаўся з Архівам Расійскай акадэміі навук наконт выкарыстання звязаных з культурнымі каштоўнасцямі беларускага паходжання архіўных дакументаў, якія знаходзяцца ў фондах Архіва РАН. Цяпер выпрацоўваецца механізм перадачы сканіраваных матэрыялаў. 

У ліку электронных копій культурных каштоўнасцей беларускага паходжання, атрыманых Рэспублікай Беларусь летась, — тры лічбавыя копіі музейных прадметаў з калекцыі Ноўгарадскага музея-запаведніка, якія, паводле высноў даследчыка Анатоля Сінілы, раней належалі міжваеннаму збору Беларускага дзяржаўнага музея. На пастаяннае захоўванне ад Цэнтральнага дзяржаўнага архіва кінафотадакументаў і гуказапісу Рэспублікі Казахстан Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў прынята 11 адзінак копій відэа- і 40 фотаматэрыялаў. 

Апісана і ўведзена ў навуковы абарот калекцыя копій дакументаў з Цэнтральнага дзяржаўнага архіва Казахстана па гісторыі беларускага тэатра перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Апрацаваны восем сшыткаў з успамінамі беларускага гісторыка, этнографа і літаратара Мікалая Улашчыка за 1920—1940 гады. Яны дапамагаюць раскрыць новыя старонкі біяграфіі гэтага выбітнага дзеяча. 

У верасні 2024 года Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва падпісаў дамову з Рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем “Саюз пісьменнікаў Казахстана” аб падрыхтоўцы анталогіі “Пародненыя вайной і цаліной”. Раней паміж установамі была дасягнута дамоўленасць аб выяўленні дакументаў беларускіх дзеячаў мастацтва і культуры, якія знаходзіліся на тэрыторыі Казахстана ў эвакуацыі падчас Вялікай Айчыннай вайны.

СЕМІНАРЫ І ВЫСТАВЫ 

Арганізацыі культуры і навукі, установы адукацыі правялі дзясяткі тэматычных мерапрыемстваў, прысвечаных праблемам выяўлення і вывучэння культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Беларусі, і інфармаванню грамадскасці аб гэтых здабытках. 

Міхаіл Сеўрук. Малацьба лёну

Да свайго 85-годдзя Нацыянальны мастацкі музей зладзіў выставу “Страты і вяртанні. Лёс мастацкіх каштоўнасцей Дзяржаўнай карціннай галерэі. 1939—1957”. Часовая экспазіцыя “Беларусь адзіная і непераможная”, прымеркаваная да 80-годдзя Вялікай Перамогі, прайшла ў Нацыянальным гістарычным музеі ў снежні 2024-га. У лістападзе адбыўся Рэспубліканскі навукова-практычны семінар, прысвечаны ў тым ліку пытанням выяўлення, вяртання, сумеснага выкарыстання і папулярызацыі звестак аб культурных каштоўнасцях беларускага паходжання. 

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў працягвае напаўняць інтэрнэт-партал “Вяртанне”. Спецыялісты БДУКМ актуалізавалі Спіс вывезеных з Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны культурных каштоўнасцей паводле звестак ад арганізацый культуры. 

Падалі матэрыялы для размяшчэння на сайце “Вяртанне” Нацыянальны гістарычны музей, Нацыянальны мастацкі музей, Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”, Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. Іншыя культурныя ўстановы, у тым ліку архівы і бібліятэкі, праводзяць у сябе інвентарызацыю даваенных калекцый і звяраюцца з інфармацыяй на сайце “Вяртанне”. 

Паспяховая дзейнасць камісіі па вяртанні каштоўнасцей з-за мяжы паглыбляе веды адмыслоўцаў аб гістарычных лёсах айчынных музейных калекцый. Вынікі росшуку артэфактаў яскрава сведчаць аб эфектыўнасці культурнай дыпламатыі. 

Антон РУДАК 

Фота аўтара