“Экзотыка” Палесся

Апублiкавана: 10 мая 2025 Стужка Музеі Брэст і вобласць

Аўтар: Аўтары

У межах праекта “Брэстчына этнаграфічная”, што разгарнуўся ў Мастацкім музеі Брэста, прадстаўлены строі, ручнікі, посцілкі, фотаздымкі, прадметы побыту і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Столінскага і Лунінецкага раёнаў. Гледачы могуць пазнаёміцца з палескімі цікавінкамі да 4 мая. 

Праект нарадзіўся два гады таму і паспеў стаць прыкметнай з’явай у культурным жыцці Брэстчыны. Рэалізаваў ініцыятыву філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея “Мастацкі музей”. Аматары даўніны ўжо паглыбіліся ў гісторыю Пружанскага, Камянецкага, Кобрынскага, Жабінкаўскага раёнаў. Гэтая тэматыка гучала і падчас леташняй “Ночы музеяў”. А напрыканцы сакавіка адкрылася чарговая экспазіцыя. 

— Дзякуючы калекцыі нашай скарбніцы ёсць магчымасць ладзіць выставы і знаёміць наведвальнікаў з рознымі куточкамі рэгіёна, — адзначыла намеснік дырэктара Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея па навуковай рабоце Вольга Новікава. — Цяпер мы прадстаўляем Усходняе Палессе — Столінскі і Лунінецкі раёны. Гэтую экспазіцыю можна назваць выставай экзотыкі, праект не падобны да іншых. Нават у межах адной вобласці традыцыйная народная культура вельмі розная. Паказаныя каштоўныя рэчы мы набылі падчас этнаграфічных экспедыцый, якія ладзіліся ў 1960-я. 

Экспазіцыю дапаўняюць гліняныя вырабы з вёскі Гарадная Столінскага раёна — вядомага цэнтра ганчарства, гліняныя цацкі-свістулькі з вёскі Багданаўка Лунінецкага раёна. 

“ГАЛАВА” НІБЫ КАРОНА 

Цэнтральнае месца на выставе адведзена столінскім і лунінецкім строям. Асабліва цікавыя — наміткі. Гэта старадаўнія жаночыя галаўныя ўборы так званага ручніковага тыпу. У Давыд-Гарадку, Тураве і яго ваколіцах наміткі былі надзвычай прыгожыя. Касцюм мяшчанкі вянчала “галовачка” (або “галава”). Каркас яе выраблялі з палатна, бяросты, чароту. Такі “рагаты” ўбор атрымаў шырокае распаўсюджанне ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя. Завязаць гэтую хустку-“ карону” зусім не проста. Хаця даўней вясковая жанчына спраўлялася з ёй за тры-чатыры хвіліны. 

Не менш прывабныя мясцовыя фартушкі. Альшанскія модніцы мелі іх цэлыя калекцыі — на кожнае свята свайго колеру. Карысталіся папулярнасцю і аздобленыя безрукаўкі, якія называліся “кабат” (гарсэт). Непараўнальныя краявіды Усходняга Палесся добра паўплывалі на тамтэйшых майстроў, натхніўшы іх на стварэнне выбітных народных строяў. Таксама прадстаўлены ўзоры дзіцячага традыцыйнага адзення. Можна доўга любавацца маленькай кашуляй з вёскі Язвінкі Лунінецкага раёна, шматлікімі галаўнымі ўборамі. 

У тых краях добра захаваліся народныя абрады, напрыклад калядны карнавал “Конікі”, “Ваджэнне куста”, унесеныя ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей. 

“ЦІКЕТКІ” — МЯСЦОВЫ ТРЭНД 

Вандроўкай у мінулае музейныя работнікі назвалі маляваныя драўляныя этыкеткі для насення і гародніны. Прадпрымальныя і працавітыя жыхары Давыд-Гарадка выкарыстоўвалі іх шмат гадоў пасля Вялікай Айчыннай вайны. Гэтае маляванне развівалася аж да з’яўлення сучасных друкаваных пакецікаў! Невялікія фанеркі, як шыльдачкі, устаўлялі ў мяшэчкі з насеннем, каб пакупніку было прасцей выбраць тавар. 

Этыкеткі, ці па-мясцоваму “цікеткі”, сталі своеасаблівым трэндам. Раней гэтыя прадметы за грошы выраблялі больш за дзясятак майстроў. І хаця сярод іх не было прафесіяналаў, кожны меў непараўнальны стыль. У выніку з’явіўся ўнікальны від народнага мастацтва. 

Малюнкі выконваліся па ўсіх правілах, фарбы везлі з Пецярбурга. Кажуць, для вырабу “цікетак” выкарыстоўваліся вавёркавыя пэндзлі — настолькі тонкая была праца. Высакаякасныя выявы стваралі з вялікай адказнасцю: кавалачкі фанеры грунтавалі, пакрывалі лакам. Магчыма, таму яны так добра захаваліся да нашага часу і сталі музейнымі экспанатамі. 

ЕХАЦЬ“ НА ВЭСНУ” 

Гандлявалі гараджане па ўсім Савецкім Саюзе. Па-мясцоваму гэта называлася “ехаць на вэсну”. За сотні кіламетраў ад радзімы прадавалі насенне дзясяткаў гатункаў тутэйшых кветак, а таксама агуркоў, памідораў, цыбулі, буракоў… У паездках праводзілі амаль усю вясну. Эканомілі, але дадому вярталіся з багатым прыбыткам. Традыцыя мець усё са свайго мазаля захавалася і дагэтуль. 

РАМЕСНІК У КОЖНАЙ ХАЦЕ 

У Давыд-Гарадку на Століншчыне было вельмі шмат рамеснікаў. Стваралі яны не толькі строі, але і скураны абутак, залатыя ўпрыгожанні. Больш за тое, у Варшаву вазілі прадаваць сваё марозіва — у саматужна сканструяваных дарожных халадзільніках, з лёдам і пілавіннем. 

Кожны ў праекце “Брэстчына этнаграфічная” знойдзе для сябе нешта цікавае, бо гэта не толькі вандроўка ў мінулае, але і своеасаблівае люстэрка сучаснасці. 

Сяргей МОШЧЫК 

Фота аўтара