На перадавой ідэалагічнага фронту

Апублiкавана: 09 мая 2025 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Да Дня друку і Дня работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі міністр культуры, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі правёў сустрэчу з прадстаўнікамі СМІ. 

Мерапрыемства адбылося 5 мая ў Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжы імя А.К. Глебава. Перадусім міністр падкрэсліў важнасць сродкаў масавай інфармацыі ў фарміраванні грамадскай думкі, адстойванні нацыянальнай бяспекі ў ідэалагічным сэнсе, развіцці культурнага дыялогу. Руслан Іосіфавіч адзначыў высокі ўзровень працы айчынных журналістаў, іх аб’ектыўнасць і аператыўнасць, уклад у прасоўванне нацыянальнай культуры ў краіне і за яе межамі. Па словах Руслана Чарнецкага, узаемадзеянне паміж сферамі культуры і медыя мае вялікае значэнне для фарміравання ідэнтычнасці беларусаў і дэманстрацыі свету багацця нашых традыцый і сучасных здабыткаў. 

Размова ахапіла многія аспекты супрацоўніцтва — ад публікацый у газетах і часопісах, стварэння фільмаў, сюжэтаў і перадач на тэлебачанні і радыё да кадравай палітыкі. Журналісты змаглі ў нефармальнай абстаноўцы задаць пытанні міністру, абмеркаваць з ім планы і сумесныя праекты. 

Кіраўнік нашай галіны ўручыў прадстаўнікам СМІ лісты падзякі за актыўны ўдзел у асвятленні культурнага жыцця Беларусі. 

Сустрэча стала не толькі пляцоўкай для абмену думкамі, але і важным крокам ва ўмацаванні супрацоўніцтва паміж дзеячамі культуры і работнікамі медыя.