Прэм’ерны паказ поўнаметражнага фільма ў анімацыйнай форме "Мемарыяльныя комплексы Беларусі – 2", знятага Нацыянальнай кінастудыяй "Беларусьфільм", адбыўся ў сталічным кінатэатры "Піянер".
Стужка, якая стала лаўрэатам IV Міжнароднага кінафестывалю "Дзень Перамогі" (Масква, 2025), праз спалучэнне дакументальных і анімацыйных эпізодаў распавядае пра Хатынь, Брэсцкую крэпасць, Масюкоўшчыну, лагер смерці ў Азарычах і месца першага пуску "Кацюшы".
Рэжысёр-пастаноўшчык фільма Ірына Тарасава адзначыла:
— Мы імкнуліся гарманічна спалучыць анімацыю і дакументальныя кадры, каб апавяданне не проста перадавала рэальнасць, а ўпісвалася ў звыклае ўспрыманне гледача. Наша задача — паказаць знакамітыя мемарыялы з новага ракурсу. У фільме мы імкнуліся раскрыць малавядомыя старонкі, падкрэсліць эмацыйна важныя моманты, дадаць глыбіні. Гістарычная памяць — гэта не толькі факты, але і пачуцці, якія мы адчуваем, сутыкаючыся з мінулым.