Ды­ялог ку­ль­тур

Выстава “Партрэт народа. Рамяство і мастацтва Кітая” працуе ў Нацыянальным мастацкім музеі.

На ўрачыстым адкрыцці, якое адбылося 11 красавіка, прысутнічалі прадстаўнікі культурнага асяроддзя Беларусі і Кітая, у тым ліку старшыня Асацыяцыі арганізацый кітайскіх суайчыннікаў “Хуацяа” Ван Сяамэн. Дырэктар Цэнтра культурнага і адукацыйнага абмену “Дуноу” Цуй Вэньцзэ нагадала, што ў 2023 годзе ўстанова перадала музею шэсць твораў нацыянальнага мастацтва. Гэта быў не проста падарунак, які пераадолеў адлегласці, а сімвал шчырай надзеі на развіццё двухбаковага культурнага дыялогу, што сёння стала рэальнасцю. 

У рамках выставы, якая будзе працаваць да 1 чэрвеня, запланаваны таксама лекцыі і майстар-класы. Беларусы змогуць паспрабаваць сябе ў традыцыйных усходніх рамёствах і мастацкіх тэхніках. 

ПРЫГОЖАЕ Ў ЗВЫЧАЙНЫМ 

Еўрапейцы пазнаёміліся з культурай Кітая ў ХIV стагоддзі, калі туды трапіў знаны вандроўнік Марка Пола. Іерагліфічнае пісьмо, графіка, фарфор, вышыўка, вынаходніцтвы, своеасаблівыя этыка, філасофія, эстэтыка Паднябеснай істотна пашырылі наш светапогляд. 

Шэдэўры, натхнёныя рэлігійна-філасофскімі трактатамі, — гэта не толькі творы мастацтва, але і простыя побытавыя рэчы: шырмы, вазы, сервізы, строі. Тут можна ўбачыць і разьбу па дрэве, і фарфоравы посуд, і вышыўку па шоўку. На выставе — больш за 80 прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Усходу, якія адносяцца да XVII—XXI стагоддзяў. Частку экспанатаў наведвальнікам прадставілі ўпершыню. Як падкрэсліла куратар праекта малодшы навуковы супрацоўнік аддзела замежнага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Багдана Тупчыенка, акцэнт зроблены на дэманстрацыі штодзённасці кітайцаў. 

ДВА СУСВЕТЫ 

У грамадстве Старажытнага Кітая тысячагоддзямі фарміраваліся два адрозныя лады мыслення і побыту. З аднаго боку стаялі імператарскі двор і вышэйшае чыноўніцтва, з іншага — гараджане і сяляне. Усе гэтыя людзі хаця і падпарадкоўваліся адным законам, верылі ў адных багоў, але глядзелі на свет рознымі вачыма. Таму экспазіцыя падзелена на два тэматычныя блокі. Першы складаецца з твораў, звязаных з жыццём чыноўніцкага саслоўя шы. Дзякуючы яго прадстаўнікам былі занатаваны і дайшлі да нашых дзён старадаўнія паданні і легенды, філасофскія вучэнні. Сярод экспанатаў — узоры каліграфіі, прылады для пісьма, настольныя ўпрыгожанні, табакеркі і касцюмы. 

Другую групу складаюць прадметы, што выкарыстоўваліся ў штодзённасці: шахматныя фігуры, шырмы, вееры, вазы, шкатулкі са слановай косткі, лакіраваныя і інкруставаныя перламутрам ды каралам. Адным з цэнтральных экспанатаў з’яўляецца драўляная шырма канца XIX — пачатку XX стагоддзя з перламутравай і касцяной інкрустацыяй. Усе гэтыя рэчы адрозніваюцца традыцыйнай для Кітая сімволікай, змяшчаюць выявы міфалагічных персанажаў. 

ЭНЕРГІЯ ЦЫВІЛІЗАЦЫЙ 

Як заўважыла першы намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь па навуковай, міжнароднай і асветніцкай дзейнасці Вікторыя Кузьміна, экспазіцыі мастацтва Кітая на пляцоўках установы даўно зрабіліся традыцыяй. Гісторыі гэтай калекцыі больш за 60 гадоў. Летась да кітайскага Новага года арганізавалі праект “Ачышчаецца сэрца маё, ідучы па Чыстай рацэ”, было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве з Нацыянальным мастацкім музеем Кітая. 

Кожны твор, прадстаўлены на сёлетняй выставе, распавядае кранальныя гісторыі аб простых людзях, перадае цяпло і дух майстроў, адлюстроўвае сутнасць культуры краіны, жыццёвая сіла якой у няспынным руху. А энергія цывілізацый — у іх дыялогу. 

Антон РУДАК 

Фота аўтара