Каля паўтары тысячы гадоў гісторыі налічваюць гліняныя народныя свістулькі Магілёўскага Падняпроўя. Іх традыцыйным вобразам і тэхналогіі вырабу ў 2023-м нададзены статус нематэрыяльнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. А адрадзіў гэтыя цацкі майстар Вячаслаў Якавенка.
Будучаму народнаму майстру Рэспублікі Беларусь было пяць, калі, гуляючы ў пяску, ён наткнуўся на ліпкія карычневыя камячкі, што нагадвалі пластылін. Бабуля растлумачыла: гэта гліна. І зрабіла для ўнука фігуркі жывёл. Хлопчык зацікавіўся — паспрабаваў сам, а на “Гуканне вясны” пайшоў ужо не з жаўруком з цеста (такіх бабуля заўсёды ляпіла да свята), а са сваёй глінянай птушачкай.
Юнак паспяхова займаўся жывапісам у народнай выяўленчай студыі Крычава. Захапляўся гісторыяй, якая стала яго прафесіяй: Вячаслаў Мікалаевіч скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, выкладаў гісторыю мастацтва і ДПМ у мастацкай школе. Там жа вучыў дзяцей ляпіць з гліны. У 1990-х стварыў у Крычаўскім раённым Цэнтры культуры студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: “Добрасць” — для дарослых і “Свістулька” — для дзяцей і моладзі. Другі калектыў у 1999-м атрымаў званне народнага. Хлопчыкі і дзяўчынкі і цяпер разам з настаўнікам лепяць з гліны традыцыйную падняпроўскую цацку-свістульку і музычныя інструменты. Студыя неаднойчы станавілася пераможцам конкурсаў і фестываляў, у тым ліку міжнародных. Работы ўдзельнікаў экспанаваліся ў розных краінах, дзівосныя прадметы з задавальненнем набываюць за мяжой. Адна свістулька нават трапіла ў Антарктыду. У самім Крычаве ўжо шмат гадоў праходзіць брэндавы міжрэгіянальны фестываль народнай творчасці “Крычаўскі канёк”, ініцыяваны кіраўніком “Свістулькі”.
Прафесійная цікавасць да падняпроўскай свістулькі з’явілася ў майстра больш за 35 гадоў таму, калі ён паспрабаваў разгадаць сакрэт свісту. Вячаслаў Мікалаевіч пачаў вывучаць этнаграфію і археалогію — пагрузіўся ў даследчую працу, у якой атрымаў поспех.
— Падняпроўская гліняная цацка — архаічная, самабытная, — расказвае ўмелец. — Ад іншых адрозніваецца формай: зручная, без выступаў і вострых частак. Ножкі і галоўка маленькія — каб не разбілася, калі ўпадзе. Мае адметныя гукавыя якасці, можа імітаваць галасы птушак і жывёл. А яшчэ такія свістулькі прадстаўляюць вельмі старажытныя ўнікальныя вобразы — напрыклад, каня-пеўня, качкі-каня ці вершніка на качцы. Нашы цацкі і ствараюцца па-асабліваму: у Расіі форма загатоўкі нагадвае пельмень, а тут робіцца на палачку.
Сярод гліняных цацак Падняпроўя можна сустрэць не толькі свістулькі, але і лялек, бразготкі, дудачкі, шахматныя фігуркі, дзіцячы посуд. Ёсць і музычныя інструменты: акарына, парняты (парныя дудкі), шматствольная сірынга (так званая флейта Пана, або кугіклы).
Каб зрабіць свістульку, майстру патрэбныя гліна, пара палачак, вада і… умелыя рукі. Ёсць яшчэ адзін сакрэт: з дрэнным настроем за працу не садзіцца!
Птушкі Вячаслава Якавенкі заліваюцца трэллю, конікі ржуць, пеўні кукарэкаюць — усё як у жыцці. А на акарыне можна імітаваць зязюлю, шум лесу і ветру.
— Гук, які ўтварае свістулька, залежыць ад таўшчыні сценак, ад таго, з якой сілай ты дзьмеш і як прыкладаеш язык, — тлумачыць майстар.
Кожная цацка азначае нешта важнае. Напрыклад, качка — сімвал ночы, мацярынства і кахання, сава — сімвал мудрасці і аховы жанчын, мядзведзь — пладавітасці, мужчынскай сілы. А яшчэ ён — апякун шлюбу.
— Любая наша цацка, нават кавалачак гліны з печы, — абярэг, — упэўнены майстар. — Ужываліся свістулькі і пры выкананні абрадаў, лячэнні. З дапамогай такіх цацак да гэтага часу дзяцей знаёмяць з навакольным светам.
Дарэчы, свістулькай нават на прыроду можна паўплываць: Вячаслаў Якавенка сцвярджае, што яму даводзілася свістам... спыняць дождж!
— Паколькі падняпроўская гліняная цацка нясе багатую духоўную і гістарычную, эстэтычную, мастацкую і культурную інфармацыю, яе па праве можна лічыць сімвалам рэгіёна, — падкрэслівае Вячаслаў Мікалаевіч. — А якія цёплыя настальгічныя пачуцці гэты прадмет здольны выклікаць! На адным фэсце, у Тамбове, я сустрэў бабулю родам з Віцебшчыны, якая даўно жыве ў Расіі. Калі кабета даведалася, што ў горад прыедуць беларусы, са сваёй вёскі да нас дабралася пешшу. Убачыла свістулькі, плакала, прыціскала да сэрца, казала: “Родная мая, родная зямелька!..”
Вячаслаў Якавенка — чалавек усебакова адораны. Ён піша карціны: сярод работ пераважаюць пейзажы, нацюрморты, палотны гістарычнай тэматыкі. Некаторыя з іх захоўваюцца ў крычаўскім музеі, у калекцыях розных краін.
Наш герой займаецца фатаграфіяй і з’яўляецца аўтарам вершаў. Сярод іх — і тэксты песень, якія выконваюць знакамітыя беларускія калектывы. Дарэчы, Міжнародны фестываль народнай творчасці “Вянок дружбы” ў Бабруйску адкрываецца кампазіцыяй, словы якой напісаў Вячаслаў Мікалаевіч. Але большую частку часу мужчына прысвячае любімай справе і перадае майстэрства юным і дарослым жыхарам рэгіёна.
Плённая праца Вячаслава Якавенкі ацэнена больш чым 150 узнагародамі. У іх ліку — спецыяльны прыз ААН, гран-пры Міжнароднага фальклорна- этнаграфічнага фестывалю “Славянскае брацтва” (Смаленск), мноства дыпломаў, ганаровых грамат, падзячных лістоў, памятных медалёў. За выдатны ўклад у развіццё культуры Рэспублікі Беларусь распараджэннем Прэзідэнта на 2006 год Вячаславу Мікалаевічу была ўстаноўлена персанальная надбаўка. Майстар удастоены расійскага ордэна “Пашана і слава”, імя ўмельца ўнесена ў міжнародную энцыклапедыю “Лепшыя людзі”.
Святлана ЧЭКАЛАВА
Фота з архіва героя