Смерць, Кармэн і балеро

Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр Беларусі выпусціў балетную прэм’еру — “Танцы”, што складаюцца з трох аднааактовак. А праз два дні Міжнародную прафесійную прэмію BraVo атрымалі ў Маскве “Ілюзіі кахання”, спектакль таго ж харэографа — галоўнага балетмайстра калектыву Ігара Колба. Між гэтымі двума спектаклямі сапраўды назіраецца… 

…ПЕРАЕМНАСЦЬ 

“Танцы” шмат у чым працягваюць назапашанае ў “Ілюзіях”. Ёсць перазовы ў некаторых элементах харэаграфіі, што падкрэслівае адно і тое ж аўтарства, у сцэнічных строях (і там, і тут дзяўчаты ў пэўны момант выходзяць у ніжняй бялізне — у гарсэтах). А галоўная пераемнасць — у самой эстэтыцы гэтых балетаў. Бо на першы план выходзіць не ўласна танец, не пластычныя спляценні рук-ног-целаў, а іншыя складнікі спектакля: сцэнаграфія, касцюмы, праца з тканінай, рэквізітам. Як караля іграе світа, так менавіта гэтыя самыя кідкія, запамінальныя для шырокай публікі дэталі ствараюць найбольш яркае ўражанне. “Рулююць” у працэсе спасціжэння ўбачанага. Набываюць выразнасць і сэнсавае тлумачэнне. І ў выніку становяцца стрыжнем спектакля. 

Што запомнілася больш за ўсё? Эфектны пачатак першай аднаактоўкі — “Балеро”. Артысты, бы збітыя ў стаю вераб’і, узнімаюцца аднекуль з падзямелля і апынаюцца ўнутры паўкруглай клеткі (мастак — Вольга Мельнік-Малахава). Потым іх выпускаюць паскакаць- павесяліцца, а напрыканцы зноў вяртаюць у зыходнае становішча. 

У “Танцах смерці” ўражваюць вялізныя крылы матылькоў, якіх увасабляюць навучэнцы Мінскага харэаграфічнага каледжа. Невыпадкова і праграмка, аздобленая, як і суперзавеса, суквеццямі чартапалоху, зроблена з чорным матыльком смерці ў якасці зашпількі. Доўгі стол “з сакрэтам” — гэта і труна, і жыццёвая карусель з яе ўзлётамі і падзеннямі: стальніца ўзнімаецца разам з салістам (Андрэй Барыеў), які неўзабаве коціцца па ёй зверху ўніз, зноў узлятае і едзе долу. Ды і Лёс са сваім любоўным прызнаннем (фрагмент з оперы “Самсон і Даліла” ў выкананні Ірыны Паляшчук) не проста выходзіць на сцэну, а гайдаецца на арэлях у паднябессі — калісьці так з’яўлялася Муза ў нашай пастаноўцы оперы “Казкі Гофмана”.

У “Кармэн” самымі каларытнымі становяцца бычкі на карыдзе (у іх ролі таксама выступаюць студэнты каледжа): менавіта іх шырока раскінутыя рогі забіваюць і Хазэ (Антон Краўчанка), і Тарэадора (Дзяніс Шпак). А Кармэн (Аляксандра Чыжык), якая праз каханне да апошняга павінна ператварыцца з нахабы ў кранальную Джульету, канчае жыццё самагубствам. 

Такая перастаноўка акцэнтаў глядацкай увагі сведчыць аб прынцыповай змене эстэтыкі і шмат у чым нагадвае сітуацыю з музычным сямействам Бахаў. Дастаткова простая стылістыка сыноў рэзка кантраставала са складанымі філасофска-поліфанічнымі мастацкімі каардынатамі Іагана Себясцьяна. 

І звязана гэта было ў тым ліку са зменай сацыяльнага статусу і патрэбамі спажыўцоў. Калі бахаўская сімволіка, то адкрытая, а то і добра зашыфраваная, перасягала самыя смелыя чаканні, паглыбляючы ў засяроджаны роздум пра крыніцы светабудовы, дык творы наступнага пакалення з іх простай мелодыяй і акампанементам былі скіраваны на мілы, прывабны адпачынак, сумеснае музіцыраванне як варыянт добрага баўлення часу. 

Балеты Колба таксама вымушаюць разважаць: пра суадносіны душы і ўсё больш аголенага цела, жыцця і ўсюдыіснай смерці. Але — потым, пасля знешняга націску “карцінак”, а не ўласна рухаў. На сцэне мы бачым пераважна… 

…НОВЫЯ ПАКАЛЕННІ… 

…артыстаў, творчую моладзь. У розных складах “Танцаў” заяўлены Аліна Рудэнка, Уладзіслаў Каляда, Марыя Музалеўская, Дзіяна Багатава, Дар’я Чуваргіна, Лізавета Мусорына, Іван Камышоў, Апалінарыя Картаўцава, Антон Філіповіч. Некаторым з тых, хто рыхтаваў сольныя партыі, яшчэ наканавана з’явіцца перад гледачамі ў будучых паказах. Але галоўнае адкрыццё для тэатра і яго публікі — юная скрыпачка Сафія Шкулепа, што выконвае з аркестрам (дырыжор — Арцём Макараў) Інтрадукцыю і ронда капрычыёза Сен-Санса, якімі завяршаецца другая аднаактоўка. Музыканты добра ведаюць гэту 13-гадовую дзяўчынку — вучаніцу 7 класа Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Акадэміі музыкі (клас дацэнта Рэгіны Крывель), лаўрэата шматлікіх міжнародных конкурсаў, стыпендыята спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі. Вельмі папулярны віртуозны твор яна выконвае як ніхто з самых вядомых салістаў: надзвычай свежа, выразна, кранальна, неверагодна прыгожым гукам — пявучым у першай частцы і лёгкім, бы палёт матылька, у другой. Без капрызнай гуллівасці ці залішніх знешніх эфектаў, што перацягваюць увагу з музыкі на самога выканаўцу. 

Па-новаму гучыць і музыка Бізэ. Яго “Кармэн” зведала шмат пералажэнняў і апрацовак найбольш папулярных нумароў, былі і арыгінальныя творы на тэмы оперы — той жа балет “Кармэн-сюіта” Шчадрына, пастаўлены ў нас у Вялікім і Музычным тэатрах, прычым у розных харэаграфічных прачытаннях. Аўтар цяперашняй музычнай версіі — наш знаны Алег Хадоска. Да оперных мелодый былі дададзены фрагменты з “Арлезіянкі” і ўласная музыка кампазітара. Гісторыя работніцы цыгарэтнай фабрыкі зайграла новымі аркестравымі фарбамі, яркімі інструментальнымі сола — бляск, ды і толькі! 

На кожным з трох прэм’ерных вечароў запар “Танцам” доўга пляскалі ў далоні. Працяглым апладысментам дапамагалі і добра пастаўленыя паклоны, што даўно стала сусветным трэндам. Наступны паказ — 25 мая. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА