Кніга ад вытокаў да сучасн

Апублiкавана: 05 мая 2025 Стужка Бібліятэкі Мінск

Аўтар: РУДАК Антон

Навуковы дыялог і супрацоўніцтва, новыя ідэі і праекты: ХXI Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні прайшлі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 17—18 красавіка. 

ПРАБЛЕМНАЕ ПОЛЕ… 

…навуковай канферэнцыі традыцыйна ўключае пытанні гісторыі кніжнай культуры — ад старажытных часоў да сучаснасці. У праграму мерапрыемства ўвайшлі даклады даследчыкаў і навукоўцаў па тэмах: “Рукапісная кніжнасць Беларусі”, “Дзейнасць беларускіх друкарняў і выдаўцоў у XVI—XVIІІ стагоддзях”, “Стараабрадніцкая рукапісная і друкаваная кніга”, “Кніжныя зборы царкоўных іерархаў”, “Гістарычныя бібліятэкі і развіццё айчыннай бібліятэчнай справы”, “Беларуская кніга ў айчынных і замежных зборах і ў музейнай прасторы”, “Улік і апісанне кніжных помнікаў Беларусі”, “Кніга ў сучасным сацыякультурным і інфармацыйным асяроддзі”, “Актуальныя рэаліі кніжнай культуры і мастацтва кнігі”, “Культурная дыпламатыя”, “Роля і месца бібліятэк у лічбавай экасістэме”, а таксама “Біяграфіі асобаў беларускага кнігазнаўства”. 

ПАМЯТНЫЯ ДАТЫ 

Тэматыка дакладаў была звязана з такімі памятнымі датамі, як 535 гадоў з дня нараджэння беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара Францыска Скарыны (каля 1490 — каля 1551), 500-годдзе выдання скарынаўскага “Апостала”, 450-годдзе выдання “Евангелля” Пятра Мсціслаўца, 430-годдзе з дня нараджэння святара, вядомага грамадска-рэлігійнага дзеяча, публіцыста і пісьменніка-палеміста Апанаса Брэсцкага (каля 1595 — 1648), 375-годдзе з дня нараджэння беларускага друкара і гравёра Максіма Вашчанкі (1650— 1708) і 230-годдзе з дня памяці свяціцеля Георгія Каніскага (1717—1795). 

Для ўдзелу ў чытаннях зарэгістраваліся больш за 400 дэлегатаў з 10 краін, сярод якіх кіраўнікі і спецыялісты бібліятэк, архіваў, музеяў, устаноў адукацыі, вытворцы інфармацыйных рэсурсаў, баз звестак, праграмнага забеспячэння і абсталявання для бібліятэк. 

РЭДКІЯ ВЫДАННІ 

З вітальнымі словамі да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуліся першы намеснік міністра культуры Дзмітрый Шляхцін і генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня праўлення беларускага таварыства “Веды” Вадзім Гігін. Таксама былі заслуханы відэапрывітанні генеральнага дырэктара Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі, прэзідэнта некамерцыйнага партнёрства “Бібліятэчная Асамблея Еўразіі”, прэзідэнта Расійскай бібліятэчнай асацыяцыі Вадзіма Дуды, генеральнага дырэктара Прэзідэнцкай бібліятэкі імя Б.М. Ельцына Юрыя Носава і дырэктара Нацыянальнага цэнтра рукапісаў і рэдкіх кніг Міністэрства культуры і спорту Рэспублікі Казахстан Жандоса Балдыкава. 

Першы намеснік міністра культуры Дзмітрый Шляхцін

У рамках канферэнцыі адбыўся семінар па праблемах захаванасці  і кансервацыі фондаў рэдкіх кніг у царкоўных бібліятэках, мадэратарамі якога выступілі загадчыца аддзела рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Дыяна Муратава і сакратар выдавецкага савета Беларускай Праваслаўнай Царквы Тамара Самайлюк. Падчас семінара былі разгледжаны мерапрыемствы і рэкамендацыі па забеспячэнні захаванасці рэдкіх кніг, аналіз іх стану ў фондах бібліятэк і царкоўна-археалагічных музеяў Беларускай Праваслаўнай Царквы, прыклады рэстаўрацыі царкоўных кніг з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама досвед вывучэння рэдкіх кніг з правененцыямі на прыкладзе ўладальніцкіх запісаў Супрасльскага Часаслова 1793 года з кніжных збораў Гомельскай епархіі. 

Таксама ў рамках семінара прайшоў майстар-клас па мякчэнні скураных вокладак, праведзены мікрабіёлагам аддзела рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Кацярынай Валынец і інжынерам-тэхнолагам аддзела рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў Янінай Якімовіч. 

ЮБІЛЕЙ ПЕРАМОГІ 

У рамках канферэнцыі быў прэзентаваны выставачны праект “Гомельскі полк народнага апалчэння: гісторыя, подзвіг, памяць”, падрыхтаваны Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкай і прысвечанай адной з найбольш яскравых старонак у гісторыі гераічнай абароны Гомеля ўлетку 1941 года. Полк народнага апалчэння адважна стрымліваў сілы ворага сем дзён, з 13 да 19 жніўня, мужна абараняючы подступы да горада і прыкрываючы адыход на ўсход асобных частак і падраздзяленняў савецкіх войск, спрыяючы захаванню і ўмацаванню іх баяздольнасці. Выставачны праект, абапіраючыся на матэрыялы, якія захоўваюцца ў фондзе Гомельскай абласной бібліятэкі і дакументы з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага архіва грамадскіх аб’яднанняў Гомельскай вобласці, распавядае аб мужнасці і патрыятызме жыхароў Гомеля, якія добраахвотна, па клічы сэрца ўсталі на абарону роднага горада. 

Генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня праўлення беларускага таварыства “Веды” Вадзім Гігін

Штогадовыя міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні садзейнічаюць наладжванню навуковага дыялогу і супрацоўніцтва паміж даследчыкамі розных краін, выпрацоўцы эфектыўных падыходаў для вырашэння наспелых праблем, даюць магчымасць падзяліцца вынікамі навуковых дасягненняў, натхняюць удзельнікаў на ўвасабленне новых ідэй і праектаў. 

Антон РУДАК 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з Telegram-канала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі