Добрае і чыстае кіно

Апублiкавана: 04 мая 2025 Стужка Кіно Мінск Кінасправа

Аўтар: ГРЫНКЕВІЧ Віялета

Менавіта так ахарактарызаваў міністр культуры, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі мастацкі фільм “Каруза” рэжысёра Івана Харацьяна. Стужка выйшла ў беларускі пракат 24 красавіка. Асноўныя здымкі адбываліся на тэрыторыі нашай краіны з удзелам айчынных кінематаграфістаў.

Заснаваная на рэальных падзеях, карціна раскрывае гісторыю хлопчыка Міці і яго сабакі па мянушцы Каруза, якая ў самыя страшныя дні блакады Ленінграда выратавала ад голаду 16 чалавек. 

Дзеянні разгортваюцца на працягу дзесяцігоддзяў — з 1939-га да 1980-х. За гэты час героі растуць і мяняюцца, асабліва гаспадар Карузы. Дарослым яго ўвасабляе народны артыст Расійскай Федэрацыі, уладальнік Спецыяльнага прыза Прэзідэнта Беларусі за захаванне традыцый духоўнасці ў кінамастацтве Дзмітрый Харацьян. 

Прэм’ерны паказ карціны праходзіў 16 красавіка ў сталічным кінатэатры “Перамога”. Мерапрыемства наведалі прадстаўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Беларускага саюза кінематаграфістаў, іншыя ганаровыя госці. 

— Сэрца радуецца, калі маеш гонар прысутнічаць на прэм’ерах такіх фільмаў, — адзначыў Руслан Чарнецкі. — Карціна адлюстроўвае вельмі цяжкі час, паказвае смелых людзей, іх подзвігі. Гэта добрая, чыстая стужка. Вялікая пашана ўсім, хто паўдзельнічаў у яе стварэнні. Няхай такіх цёплых, душэўных работ будзе больш. Асабліва хочацца павіншаваць Івана Харацьяна. Калі шлях кінадзеяча пачынаецца з такіх фільмаў, яго чакае слаўная будучыня. 

Малады рэжысёр у адказ падзякаваў здымачнай групе, Беларускаму саюзу кінематаграфістаў, сваім бацькам і майстрам Усерасійскага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі імя С.А. Герасімава, дзе цяпер вучыцца.

— Калі ў першы дзень я прыйшоў на пляцоўку, адчуваў сур’ёзную адказнасць: перад камандай стаяла грандыёзная задача — зняць вялікае, складанае кіно, — прыгадаў пачатак стварэння фільма Іван Дзмітрыевіч.

ЭБІ З СІНЯВОКАЙ 

Як расказаў генеральны прадзюсар карціны Сяргей Багіраў, актрысу на ролю Карузы шукалі і ў нашай краіне, і ў Расіі. 

— Мы разглядалі розныя пароды — аўчарак, ньюфаўндлендаў, колі, але ўсведамлялі, што лепш за ўсё для стужкі падыходзіць паляўнічы сабака. Складанасць у тым, што ганчакі амаль не паддаюцца дрэсіроўцы. 

Прыдатны сабачка нарэшце знайшоўся ў Беларусі. Ролю Карузы выканала веймаранер па мянушцы Эбі. 

— Яна пачынала працаваць па камандзе “Матор”, а як толькі гучала “Стоп матор”, выходзіла з кадра, — распавёў Сяргей Багіраў. — У першы дзень, калі яе прывезлі, я пайшоў знаёміцца, і яна не падпусціла мяне да гаспадыні. На сярэдзіне здымак Эбі ўжо ведала ўсю групу, і калі чужыя падыходзілі да пляцоўкі, бараніла яе. 

“Каруза” — далёка не першая работа прадзюсара, знятая ў нашай краіне. Паводле яго слоў, многія сёння імкнуцца ствараць фільмы ў Беларусі з прычыны камфортнага асяроддзя. 

— Пастаянна працуем з вашымі кінематаграфістамі над адным-двума серыяламі ў год. Тут сапраўдныя прафесіяналы, добрыя і спагадлівыя людзі, — адзначыў Сяргей Багіраў. — Для здымак “Карузы” з Расіі прыехалі рэжысёр, генеральны прадзюсар і аператар. Усе астатнія ўдзельнікі працэсу — беларусы. Гэта цудоўныя грымёры, мастакі па касцюмах. Дзякуючы іх таленту і досведу работа над стужкай завяршылася нават раней за ўстаноўленыя тэрміны.

ШЛЯХІ ПАМЯЦІ 

Старшыня Беларускага саюза кінематаграфістаў Яўген Арэндарэвіч падкрэсліў, што прэм’ера “Карузы” — знакавая падзея ў кінамастацтве нашай краіны і Расіі. 

— У апошнія гады народы сталі яшчэ бліжэй і радней, як вынік — зблізіліся кінематаграфісты абедзвюх дзяржаў, — адзначыў Яўген Мікалаевіч. — У нас ёсць трывалая сувязь, мы разумеем і чуем адно аднаго і сумеснымі намаганнямі ствараем якасныя, высокадухоўныя фільмы. У сучасных умовах, калі ідзе “бітва” за экран, важна рабіць па-сапраўднаму шчырае, праўдзівае кіно. Неабходна трансліраваць традыцыйныя для нашых грамадстваў каштоўнасці, якія выхавалі ў сумленнасці не адно пакаленне. 

Сярод прыярытэтных напрамкаў у развіцці айчыннага кінематографа, як заўважыў старшыня БСК, — стварэнне карцін, прысвечаных блізкім беларускаму народу героям. 

— Значная ўвага ў сферы культуры надаецца праслаўленню вялікага подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, — распавёў Яўген Арэндарэвіч. — “Каруза” — гэта выказванне пра вайну сучаснай мовай для самага шырокага гледача. Яно нясе вельмі глыбокі сэнс. Асаблівы гонар для нас — разам захоўваць гістарычную памяць, дзеля чаго ствараем кранальныя, душэўныя, магутныя карціны.

А ЭКРАНАХ СТАЛІЦЫ 

Паводле слоў генеральнага дырэктара ўнітарнага прадпрыемства “Кінавідэапракат” Мінгарвыканкама Уладзіміра Карачэўскага, з 24 красавіка па 14 мая ў мінскіх кінатэатрах яркую прэм’еру пакажуць амаль 85 разоў. Колькасць сеансаў можа павялічыцца, калі ў аўдыторыі будзе адпаведны запыт. 

— Кожны з нас прыклаў максімум намаганняў, каб карціна атрымалася, — падкрэсліў Яўген Арэндарэвіч. — Беларускія кінематаграфісты зноў даказалі, што могуць рабіць магутныя праекты. Думаю, глядач атрымае сапраўднае задавальненне і безліч станоўчых эмоцый. 

Віялета ГРЫНКЕВІЧ