Некалькі дзясяткаў мерапрыемстваў, якія адлюстроўваюць багацце традыцый і сучасныя здабыткі ў сферы культуры нашай краіны, абяцае прадставіць XXIV Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна”. Форум пройдзе 13 і 14 чэрвеня.
Але акунуцца ў фестывальную атмасферу можна будзе задоўга да гэтых дат. Штодзённыя канцэртныя праграмы творчых калектываў Мінскай вобласці і ўдзельнікаў агульнарэспубліканскіх акцый распачнуць святочны марафон ужо 10 чэрвеня. Галоўныя падзеі разгорнуцца на Цэнтральнай плошчы і ў Палацы культуры Маладзечна. Прэзентацыі кніг і літаратурных праектаў зладзяць у Цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М. Багдановіча. Шматлікія мастацкія майстар-класы, паказы спектакляў для гледачоў рознага ўзросту арганізуюць у Мінскім абласным драматычным тэатры і тэатры лялек “Батлейка”. Сустрэчы з вядомымі творцамі пройдуць на прадпрыемствах і ва ўстановах раёна.
Усяго з 10 па 14 чэрвеня запланавана некалькі дзясяткаў мерапрыемстваў, якія прадэманструюць, наколькі багатыя гісторыя і спадчына Беларусі. Будуць паказаны і найлепшыя дасягненні ў сферы культуры нашай краіны.
Афіцыйныя рамкі фестывалю фанфары абвесцяць 13 і 14 чэрвеня. Па традыцыі Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, канцэрты адкрыцця і закрыцця ахопяць галоўныя сцэнічныя пляцоўкі Маладзечна — Палац культуры і Летні амфітэатр у парку Перамогі.
На працягу двух дзён будзе радаваць публіку сваёй творчасцю Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М. Фінберга. Знакаміты калектыў і маладыя вакалісты — асноўныя фігуры фестывалю, без якіх яго ўжо не ўявіць! Другі і трэці туры конкурсу пройдуць у Палацы культуры і будуць трансліравацца ў прамым эфіры на канале “Беларусь 3”.
Арганізатарамі форуму выступаюць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі абласны і Маладзечанскі раённы выканаўчыя камітэты, Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М. Фінберга, Белтэлерадыё- кампанія.