Трымацца за гістарычную памяць

Апублiкавана: 03 мая 2025 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

“Мы звяртаемся да гісторыі, каб абараніць не толькі будучыню, але ўжо сучаснасць”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка на міжнародным патрыятычным форуме Саюзнай дзяржавы “Вялікая спадчына — агульная будучыня”. Мерапрыемства, што праходзіла ў Валгаградзе напярэдадні 80-годдзя Перамогі, аб’яднала больш за 500 прадстаўнікоў 20 краін.

Прэзідэнт Беларусі прыбыў з рабочым візітам у Расію 29 красавіка. Аляксандр Лукашэнка разам з Уладзімірам Пуціным усклалі кветкі ў гісторыка-мемарыяльным комплексе “Героям Сталінградскай бітвы” на Мамаевым кургане. Пасля лідары накіраваліся на пляцоўку форуму, асноўная мэта якога — захаванне і абарона праўды аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны. 

— Наша сустрэча — не толькі даніна агульнаму гераічнаму мінуламу. Мы звяртаемся да гісторыі, каб абараніць не толькі будучыню, але ўжо сучаснасць, — адзначыў у пачатку выступлення Прэзідэнт Беларусі і падкрэсліў сімвалізм таго месца, дзе арганізавалі пасяджэнне: — Менавіта Сталінград прыняў беспрэцэдэнтны па моцы 200-дзённы ўдар. Тысячы загінулых герояў. Кожны — ад генерала да салдата — разумеў, што тут вырашаецца лёс чалавецтва і ход сусветнай гісторыі. 

Аляксандр Лукашэнка заявіў: “Мы ўсе з вамі кланяемся героям, якія змаглі вытрымаць смяротны ўдар, устаць ва ўвесь рост і адкінуць азвярэлага ворага, пагнаўшы яго да Берліна. Тысячы ўраджэнцаў усяго Савецкага Саюза, у тым ліку і Беларусі, абаранялі Сталінград”. Кіраўнік нашай дзяржавы звярнуў увагу, што памяць аб героях-вызваліцелях, сярод якіх і беларусы, зберагае Зала воінскай славы на Мамаевым кургане. А Курган Славы пад Мінскам захоўвае зямлю з розных куткоў Савецкага Саюза, дзе ішлі самыя бязлітасныя баі. 

— Мы беражом часцінку Сталінграда ў самым цэнтры нашай сталіцы, на плошчы Перамогі. Цагліны з легендарнага Дома Паўлава закладзены ў падмурак аднаго з будынкаў па праспекце Незалежнасці. Гэта свяшчэнныя для нас рэліквіі, — канстатаваў Прэзідэнт. 

Разам з тым беларускі лідар паведаміў, што сёння ў прыбалтыйскіх краінах і ва Украіне моладзь размахвае сцягамі дывізій СС, ставіць помнікі фашысцкім катам. Усё гэта робіцца з маўклівай згоды астатняга Захаду, каб сцерці памяць аб Вялікай Перамозе, аб нашых героях. 

— Але ж мы маўчаць не павінны. Мы для гэтага сёння з вамі і сабраліся, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка і заклікаў для абароны гістарычнай памяці прыкладаць яшчэ больш намаганняў. — У Беларусі мы актыўна пашыраем у грамадстве разуменне таго, што памяць аб Вялікай Перамозе — гэта частка нацыянальнай ідэі. Мы стараемся рабіць усё, каб нашы дзеці памяталі, што гэтай Перамогай мы моцна звязаны са сваімі ўсімі народамі, з рускім народам, усімі народамі былога Савецкага Саюза. 

Прэзідэнт назваў Перамогу свяшчэннай, а праўду аб Вялікай Айчыннай вайне — шчытом. Трымаць яго ў руках, па словах Кіраўніка дзяржавы, — вялікі гонар і адказнасць. Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў: у сродках масавай інфармацыі разгарнулася вайна за розумы нашых людзей і за галовы. Таму так неабходна даносіць гістарычную праўду цяперашнім, будучым пакаленням. 

— Як толькі забудзем дарогу да Хатыні, Сталінграда, Брэсцкай крэпасці, усё вернецца зноў, імгненна, нават не заўважым. Таму мы павінны, зубамі ўчапіўшыся, трымацца за гэтую гістарычную памяць, — заклікаў лідар.