Да велікодных свят хрысціяне рыхтуюцца заўзята: старанна прыбіраюць жыллё, гатуюць тварожныя пасхі, пякуць здобныя кулічы, фарбуюць яйкі — хто да чаго здатны. Адны робяць гэта традыцыйным спосабам, іншыя — з прымяненнем сучасных тэхналогій. Хтосьці аддае перавагу прастаце, хтосьці — вытанчанаму дызайну. У руках народнага майстра Таццяны Петух з Пастаў Віцебскай вобласці звычайныя рэчы становяцца творамі мастацтва. І сакрэт гэтага цуду гераіня не хавае ад людзей, а шчодра дорыць усім, хто зацікавіцца.
Скончыўшы мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П.М. Машэрава, з 14 чэрвеня 1998 года Таццяна Мікалаеўна ўзначальвае Дом рамёстваў “Стары млын” — філіял Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна.
Сама яна родам адсюль, з вёскі Лынтупы. З’явілася на свет у творчай сям’і, з дзяцінства добра малюе, шые, вяжа, пляце з бісеру, валіць з воўны… Няма, напэўна, справы, якая б майстру не ўдалася.
— Жыць прыгожа — сапраўднае мастацтва. Але нашы продкі гэта добра ўмелі. Чаму ж не атрымаецца ў нас? — пытаецца гаспадыня Дома рамёстваў. — Проста трэба рабіць тое, што любіш, і любіць тое, што робіш. Я закаханая ў мастацтва, і не толькі народнае. Архітэктуру люблю, жывапіс, музыку… І ўсяму гэтаму пастаянна вучуся, спрабую штосьці новае. Напрыклад, бацік — маё любімае захапленне. Я ў гэтай тэхніцы распісваю хусткі, вопратку, ствараю пано, карціны. Мае вязаныя шалі, абрусы, сурвэткі, цацкі аб’ездзілі не адну выставу. Вядома ж, традыцыйныя беларускія рамёствы — выцінанка, пляценне з саломкі, валенне з воўны. Не бачу падстаў ім не навучыцца. А хто, як не мы, захавае старадаўні рэцэпт пернікаў, які перадаецца жыхарамі маёй роднай вёскі з пакалення ў пакаленне?
Таццяну Мікалаеўну калегі завуць майстрам, які можа ўсё. Шкада, залатых рук у яе толькі дзве. Аднак ёсць яшчэ адзін талент — вучыць іншых рабіць прыгажосць. На майстар-класы прыходзяць усе, хто хоча адкрыць у сабе патайныя якасці, нават сталыя людзі, якія, здаецца, усё пра сябе ведаюць і ўсё ў жыцці паспрабавалі. Ну а дзеткам — выхаванцам нядзельнай школы пры храме Свяціцеля Мікалая Цудатворца — свае ўменні настаўніца перадае з асаблівай любоўю і вялізным цярпеннем. Разам яны робяць велікодныя і калядныя сувеніры, якія вельмі ўпрыгожваюць святы. Разам “лечаць” кнігі з храмавай бібліятэкі, разам ставяць спектаклі.
Першую сваю батлейку Таццяна Петух зрабіла з паперы. Узялася тады за біблейскую прытчу пра цара Ірада. Потым былі казкі Барыса Ганагі, што ставіліся ўжо ў драўляных дэкарацыях. Як правіла, у п’есе ад шасці да дзесяці персанажаў, а з лялькамі працуюць два-тры чалавекі. Таму галасы астатніх герояў гучаць у запісе, як і музыка для афармлення.
— Глыбока- глыбока ўнутры кожнага чалавека схавана частка Творцы. І знайсці яе можна толькі праз творчасць, — лічыць Таццяна Мікалаеўна.
Дарэчы, кожная пастаноўка храмавай батлейкі — унікальная, паказваецца аднойчы.
— Рыхтуем прытчы і казкі да Вялікадня і Каляд, кожны год розныя. За той час, пакуль існуе тэатр, мы з юнымі майстрамі-лялечнікамі паставілі больш за два дзясяткі спектакляў. Некаторыя з іх потым паказваем старым людзям, дзецям- сіротам, пацыентам шпіталяў, падапечным сацыяльных устаноў. Усё гэта дабрачынныя акцыі, каб нечым парадаваць людзей. Ёсць нават інклюзіўны спектакль “Асаблівыя, як усе”.
Народная творчасць беларусаў вартая таго, каб яе ведалі, зберагалі і пашыралі. Формаў такой працы ў загадчыцы Дома рамёстваў шмат. Гэта студыі мастацтваў, выставы, экскурсіі, фестывалі, кірмашы, дзе можна паказаць свае і чужыя работы, сумесныя прэзентацыі з калегамі з іншых раёнаў. У Нацыянальнай бібліятэцы нават захоўваюцца матэрыялы канферэнцыі, дзе Таццяна Петух прадставіла ўласныя даследаванні традыцыйнага беларускага строю.
Творы самой настаўніцы і яе вучняў часта ўдзельнічаюць у выставах і конкурсах, нязменна атрымліваюць найвышэйшую адзнаку журы і гледачоў. На сцяне ў кабінеце Таццяны Мікалаеўны столькі грамат, дыпломаў і падзяк, што з іх можна скласці вялізнае яскравае пано.
І яшчэ адно вельмі каштоўнае ўпрыгожанне — асабістая падзяка Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі члену Пастаўскай раённай выбарчай камісіі Таццяне Петух за падтрымку яго кандыдатуры на прэзідэнцкіх выбарах. “Мы перамаглі, таму што беззапаветна любім Айчыну, абараняем гістарычную памяць, шануем пераемнасць і беражом традыцыі”, — у гэтых словах сэнс усяго творчага, настаўніцкага, духоўнага жыцця таленавітай беларускай жанчыны, якая праз народнае мастацтва дорыць людзям агонь свайго сэрца і святло сваёй душы.
— Яйка раней было не толькі ежай, але і лекамі, будаўнічым матэрыялам, кампанентам фарбаў, календаром, абярэгам, духам збожжа, знакам Творцы. У маленькім яйку змяшчаецца цэлы сусвет, — гаворыць Таццяна Петух. — Для роспісу яйка патрэбны чыстая вада, жывы агонь, пчаліны воск, натуральная фарба, дробная галінка, добрыя пачуцці і светлыя думкі.
Пастаўская пісанка — гэта сапраўдны мастацкі твор. Яго малюнак часта паўтарае арнаменты на ручніках і вышыванках. Звычайна ў ім толькі два колеры — белы і барвова-чырвоны. Робячы такую карцінку, трэба добра вымыць белыя яйкі, працерці спіртам, каб абястлусціць, і зварыць. Пасля тонкім стрыжнем нанесці малюнак растопленым воскам. На ноч замачыць цыбульную шалупіну, потым пакласці ў яе яйкі. Каб яны афарбаваліся раўнамерна, дадаць да шалупіны сталовую лыжку солі і дзве-тры лыжкі воцату. Калі яйкі набудуць патрэбны колер, дастаць, паднесці да полымя свечкі і зняць растоплены воск сухой анучкай. Унікальны велікодны дызайн гатовы!
Алена ДАВЫДАВА
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА