Гэта павінен бачыць кожны беларус

Апублiкавана: 29 красавiка 2025 Стужка Кіно Мінск 80 мірных гадоў

Аўтар: ГРЫНКЕВІЧ Віялета

Рэспубліканская акцыя пад такой назвай крочыць па краіне. Паказы кінадылогіі “Спаленыя вёскі” і “Лагеры смерці” рэжысёраў Аляксандра Анісімава і Уладзіміра Луцкага стартавалі 17 красавіка.

На вялікіх экранах стужкі аднаўляюць страшную карціну свядомага і бязлітаснага знішчэння насельніцтва нашай краіны.

За мяжой паказы праходзяць у рамках міжнароднай акцыі “Памятаць. Помнить. Remember”, якая праводзіцца пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Новыя фільмы прадстаўлены ў Расіі, Кітаі, Турцыі, Таджыкістане, Аргенціне і многіх іншых дзяржавах.

ВАЖНАЯ СПРАВА — РАЗАМ

Як расказаў дырэктар студыі “Летапіс” Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Уладзімір Мілаш, працу над праектам распачалі ў 2023 годзе.

— На жаль, некаторыя стваральнікі стужак не дажылі да прэм’еры, — адзначыў Уладзімір Мілаш. — Гэтыя карціны — апошнія ў фільмаграфіі двух таленавітых людзей: аўтара сцэнарыя, былога дырэктара Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу “Хатынь” Артура Зельскага і рэжысёра Аляксандра Анісімава, які адважыўся ўзяць на сябе такую вялікую і адказную місію.

Уладзімір Мілаш

Аснова кінадылогіі — матэрыялы крымінальнай справы Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь па факце генацыду насельніцтва краіны падчас Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд. У якасці крыніц звестак выкарыстаны паказанні цудам ацалелых вязняў і жыхароў спаленых вёсак, падсудных нацысцкіх злачынцаў, а таксама рэчавыя доказы і архіўныя дакументы.

— Непасрэдны ўдзел у расследаванні цяжкіх злачынстваў узяла каманда “Беларусьфільма”: супрацоўнікі выязджалі на раскопкі, наведвалі спаленыя вёскі, запісвалі інтэрв’ю і хранікальныя відэа. Таму грунтоўнае паглыбленне гледача ў тэму забяспечана, — упэўнены Уладзімір Мілаш.

КОЖНЫ ТРЭЦІ

Фільмы раскрываюць сапраўдныя маштабы трагедыі нашага народа. Жудаснаму лёсу населеных пунктаў, сцёртых з зямлі нямецка-фашысцкімі захопнікамі, прысвечана стужка “Спаленыя вёскі”. Яна паказвае жахлівую праўду аб палітыцы “выпаленай зямлі”, што праводзілася на акупаванай тэрыторыі Беларусі, і наступствах гэтых мер для мірнага насельніцтва.

— Калі абвесці на карце краіны ўсе месцы, дзе знішчалі яе жыхароў, не застанецца ніводнага рэгіёна, які б пазбег страшнага лёсу, — распавёў дырэктар студыі “Летапіс”. — Расследаванне ў рамках крымінальнай справы працягваецца больш за чатыры гады. Зноў і зноў выяўляюцца факты аб населеных пунктах, адзначаных зверствамі фашыстаў.

Яшчэ адна незагойная рана ваеннага ліхалецця — масавае знішчэнне вязняў канцэнтрацыйных лагераў — адлюстравана ў фільме “Лагеры смерці”. Гэтая стужка ў падрабязнасцях расказвае пра найбуйнейшы на тэрыторыі Беларусі лагер “Трасцянец”, дзе загінула звыш 200 тысяч чалавек, канцэнтрацыйны лагер у вёсцы Калдычэва, у якім закатавалі амаль 22 тысячы мірных грамадзян і ваеннапалонных, ды іншыя крывавыя месцы на целе краіны.

— Больш за ўсё падчас здымак уразілі і напалохалі кадры крымінальнай хронікі, што без прыкрас захавалі нечалавечую жорсткасць. Складана паверыць, што такое адбывалася на нашых землях, — падзяліўся перажываннямі Уладзімір Мілаш. — Карціны — знамянальныя для ўсіх народаў, якія закранула бедства Другой сусветнай вайны. Таму слоган “Гэта павінен бачыць кожны беларус” натуральным чынам трансфармуецца ў “Гэта павінен бачыць кожны”.

ЗАБЫЦЦЮ НЕ ПАДЛЯГАЕ

Жахлівыя ўспаміны аб ваенным ліхалецці ў кінарэальнасці дылогіі існуюць паралельна з мірным жыццём дзядулі і ўнучкі, што наведваюць шматлікія мемарыялы. Такое рэжысёрскае рашэнне надае стужкам асаблівую кранальнасць і сімвалізм, раскрывае непарушную сувязь нашага народа з мінулым.

— Я — дзіця вайны. Нарадзіўся праз два месяцы пасля таго, як бацька пайшоў на фронт, — распавёў Леанід Улашчанка, выканаўца ролі дзядулі, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь. — Памятаю, як па вуліцы ў родных Самахвалавічах праводзілі нямецкіх ваеннапалонных. З жудаснымі падзеямі знаёмы не па чутках. Той час — гэта нясцерпныя голад, холад і боль.

Леанід Улашчанка

Леанід Улашчанка таксама адзначыў годную ігру юнай калегі.

— Падчас здымак устанавілася вельмі жывая сувязь, — расказаў акцёр. — Дзіця задавала шмат пытанняў, на некаторыя з іх нават не мог адказаць. Напрыклад, калі мы былі ў Хатыні, дзяўчынка пацікавілася, навошта спальвалі людзей. Было вельмі цяжка растлумачыць. Добра, што падышоў рэжысёр і далучыўся да размовы. 

Кінадылогія “Спаленыя вёскі” і “Лагеры смерці” — гэта не толькі даніна памяці загінулым, але і маніфест недапушчальнасці паўтарэння падобных трагедый. Мужнасць і стойкасць беларускага народа перад тварам вайны, неабходнасць захавання памяці на карысць будучых пакаленняў — галоўныя матывы карцін. І аўтарам, па словах Уладзіміра Мілаша, удалося галоўнае — данесці гістарычную праўду. Убачыць фільмы можна ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.

Віялета ГРЫНКЕВІЧ

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА