Пакуль гучаць фанфары

Народны духавы аркестр Цэнтра культуры “Перамога” ў Оршы — жывы голас горада, які дзесяцігоддзямі напаўняе яго гукамі музыкі. Калектыў захоўвае традыцыі, здзіўляе слухачоў новай манерай выканання, натхняе энергіяй і майстэрствам. Як гэта ўдаецца, расказаў мастацкі кіраўнік Андрэй Сіверын.

— Андрэй Уладзіміравіч, як узнік і развіваўся аркестр? 

— Яго гісторыя распачалася ў 1979-м, калі пры Аршанскай дзіцячай школе мастацтваў аб’ядналіся энтузіясты, якія імкнуліся папулярызаваць духавую музыку. Сярод першых удзельнікаў былі як выкладчыкі, так і навучэнцы школы. Доўгі час калектывам кіраваў прафесійны музыкант Мікалай Казлоў. Паступова гурт разрастаўся, а рэпертуар станавіўся ўсё больш разнастайным. У 1986-м мы атрымалі званне “Народны”, якое з гонарам пацвярджаем ужо амаль 40 гадоў. 

З сакавіка 2019-га мне выпаў пачэсны абавязак узначаліць калектыў. Падчас навучання ў Віцебскім музычным вучылішчы па спецыяльнасці артыста аркестра, настаўніка па класе барытона я асвоіў розныя духавыя інструменты, што дазваляе лепш разумець іх характэрныя рысы. Мая задача — не толькі падбіраць цікавы рэпертуар і арганізоўваць канцэрты, але і ўдасканальваць выканаўчае майстэрства музыкантаў. Разам працягваем традыцыі і імкнёмся да новых творчых дасягненняў, пашыраючы межы нашага мастацтва. Адной з галоўных асаблівасцей аркестра з’яўляецца натуральнае гучанне — без выкарыстання ўзмацняльнай апаратуры. Яркая і насычаная мелодыя напаўняе прастору святочнай атмасферай. 

— Якімі нядаўнімі дасягненнямі можаце пахваліцца? 

— Наш калектыў — адзін з найстарэйшых у рэгіёне — займае важнае месца ў культурным жыцці краю. Мы пастаянныя ўдзельнікі значных гарадскіх і раённых мерапрыемстваў, праводзім больш за 20 выступленняў на год. Кожны канцэрт — гэта не толькі шоу, але і магчымасць прапагандаваць духавую музыку, захоўваючы нацыянальную спадчыну. У нашай творчай скарбонцы — шматлікія дасягненні. У 2021-м атрымалі гран-пры на конкурсе “Віват, аркестр!” у рамках XXX Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. У 2022-м сталі лаўрэатамі I ступені на адкрытым абласным конкурсе духавой музыкі “Віват, аркестр!” у Оршы і былі ўзнагароджаны дыпломам лаўрэата на XXVIII Міжнародным фестывалі песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”. Удзельнічалі ў абласным конкурсе “Гучаць аркестры між Дзвіною і Дняпром — 2023”. Летась зноў занялі першае месца на “Віват, аркестр!” і сталі дыпламантамі I ступені на адкрытым раённым фестывалі-конкурсе самадзейнай народнай творчасці “Сярэбраны век” (г. Орша). Акрамя таго, нас адзначылі ўзнагародамі за ўдзел у культурных праектах, прысвечаных Міжнароднаму дню музеяў і юбілею Цэнтральнай бібліятэкі А.С. Пушкіна. 

— Якія музычныя напрамкі прадстаўлены ў вашай праграме? 

— Мы захоўваем класічныя традыцыі духавой музыкі, уключаючы маршы, вальсы, танга, полькі. Разам з тым дадаём актуальныя апрацоўкі вядомых мелодый, каб зацікавіць маладую аўдыторыю. У рэпертуары — “Белавежская пушча” А. Аверына, папуры на песні “Песняроў”, замежныя эстрадныя кампазіцыі, песні з кінафільмаў. Асобнае месца займае супрацоўніцтва з вядомым выканаўцам Пятром Атрошчанкам, пераможцам суперфіналу шоу “Фактар.BY 60+”. Разам мы ствараем эмацыянальную атмасферу на сцэне, спалучаючы класічныя і сучасныя творы. 

Акрамя гарадскіх і абласных пляцовак, нашы выступленні адбываюцца ў школах, навучальных установах, воінскіх часцях. Прымаем удзел у марш-парадах і святах духавой музыкі, што сведчыць аб разнастайнасці нашага рэпертуару. 

— У калектыве людзі розных пакаленняў. Як удаецца захоўваць згуртаванасць? 

— Гэта адна з нашых галоўных каштоўнасцей. Узрост нашых удзельнікаў — ад 16 да 75 гадоў, што забяспечвае пераемнасць. У аркестры граюць навучэнцы, службоўцы, пенсіянеры — усе аб’яднаныя любоўю да духавой музыкі. Мы праводзім рэгулярныя рэпетыцыі і ствараем сяброўскую атмасферу, дзе кожны адчувае сябе часткай вялікай музычнай сям’і. 

Асаблівую ролю адыгрывае каманда вопытных прафесіяналаў. Гэта канцэртмайстры Генадзь Федарцоў, Таццяна Сакалова і Вераніка Завадская. Музычнае кіраўніцтва ажыццяўляюць дырыжоры Аляксандр Печкуроў і Антон Жалезнякоў, якія робяць вялікі ўклад у развіццё выканальніцкага майстэрства і рэпертуарнай палітыкі. Важную падтрымку аказвае Сяргей Гарбачоў, начальнік аддзела культуры Оршы і Аршанскага раёна. Ён актыўна ўдзельнічае ў выступленнях аркестра ў якасці вакаліста, а таксама дапамагае ў набыцці інструментаў і абсталявання для калектыву. 

— Што вас натхняе? 

— Найперш эмоцыі гледачоў. Калі выступаем, бачым у вачах людзей радасць, настальгію, захапленне. Гэта найлепшая ўзнагарода! Духавая музыка не проста гукі, а частка гісторыі, культуры, жывая сувязь паміж пакаленнямі. Яна дазваляе згадаць мінулае, адчуць сучаснасць і нават крыху зазірнуць у будучыню. Мы ганарымся тым, што можам дзяліцца гэтым багаццем з людзьмі, даючы кожнаму слухачу магчымасць пранікнуцца музычнай прыгажосцю. 

— Якія мэты стаяць перад аркестрам? 

— Імкнёмся пашыраць рэпертуар, удасканальваць майстэрства і прывабліваць маладых музыкантаў, бо менавіта ім наканавана прадоўжыць нашу справу. Для нас вельмі важна падтрымліваць і развіваць духавую музыку, якая ў значнай ступені садзейнічае патрыятычнаму выхаванню, захаванню культурнай спадчыны, умацаванню сувязяў паміж пакаленнямі. Больш за тое, духавы аркестр з’яўляецца часткай дзяржаўнай ідэнтычнасці, і Орша мае свой калектыў, які нясе гэтую культурную місію. Пакуль гучаць фанфары, горад будзе напоўнены жыццём і гармоніяй. 

Ганна КАЛІНІНА 

Фота з архіва калектыву