Касмічнае “Купалле”

Апублiкавана: 28 красавiка 2025 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: Аўтары

Прэм’ера балета “Купалле” ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры прыпала на 12 красавіка.

МАЛАДЫЯ І АПАНТАНЫЯ

Гэта першы цалкам нацыянальны балет у Музычным: беларускія аўтары, пастаноўшчыкі, артысты (усе маладыя і апантаныя) — і нацыянальная тэма, скіраваная да нашых народных абрадаў. Двайная падзея! Харэограф-пастаноўшчык — галоўны балетмайстар класічнага балета тэатра лаўрэат міжнародных конкурсаў Сяргей Мікель. Выхаванец нашай Акадэміі музыкі і знакамітага Валянціна Елізар’ева ў прыватнасці, ён выпускае спектакль за спектаклем і паспеў стаць лаўрэатам Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Звярнуцца да купальскай тэмы было ідэяй Сяргея Мікеля — і музыку харэограф замовіў яшчэ больш маладой Лізавеце Лобан, пазалеташняй выпускніцы той жа навучальнай установы. Не памыліўся! 

СІМВАЛІЧНАЕ СУПАДЗЕННЕ

Ціхі суботні вечар зрабіўся сапраўдным містычным дзействам, у цэнтры якога — спроба творцаў перанесціся ў сакральнае язычніцкае свята. Прэм’ера спектакля ў Дзень касманаўтыкі ўяўлялася вельмі сімвалічнай: купальскі абрад у балеце ўзрастае да касмічных маштабаў філасофіі Сусвету. Шчыльныя ўзаемаадносіны людзей і прыроды перадаюцца не толькі праз па-мастацку выкладзеныя абрады, уласцівы даўніне пантэізм. Часткі двухактовага балета звязаны са стыхіямі, вядомымі ўсяму чалавецтву. Вада, агонь, зямля паўсталі на сцэне істотамі, у якіх з’ядналіся рысы адпаведных старажытных багоў, іншых персанажаў народнай міфалогіі. Стыхіі назіралі за людзьмі — і гэта міжволі асацыіравалася з тым, як Сусвет глядзіць на нас. 

МІСТЫЧНАСЦЬ І ЗАГАДКАВАСЦЬ 

А якія фантазійныя касцюмы прыдумаў незвычайным героям мастак Ілья Падкапаеў! Адпавед-нымі былі іх рухі. Агонь (магутны Сяргей Глух) — у выкшталцонай масцы, з няўмольным поступам. Зямля (Ангеліна Разанцава) — з разгалінаванымі пруцікамі-пальцамі. Вада (Карына Панова) — у доўгай-доўгай сукенцы. Яе шлейф цягнецца праз усю сцэну, раз-пораз калышацца хвалямі, а потым павольна ўзнімаецца пад каласнікі, бы тая бясконцая рака, абрысы якой хаваюцца дзесьці ўдалечыні за гарызонтам. 

Містычнасць, загадкавасць дзеі выдатна падтрымліваецца светлавым і колеравым афармленнем сцэны. Рэдкія ствалы высокіх дрэў, кроны якіх губляюцца дзесьці ў паднябессі, змрочныя кусты наводдаль, прыглушаныя тоны, дымавыя заслоны, частае выкарыстанне блакітнага і аранжавага ствараюць непаўторную абстаноўку старажытнай начной містэрыі. Дарэчы, аўтарам сцэнаграфіі выступіў малады саліст балета Музычнага тэатра Яўген Ермаловіч. І гэта не першая яго спроба ў прафесіі мастака: добра ведаючы сучасную харэаграфію знутры, Ермаловіч афармляў эксперы-ментальны спектакль “Пад•Свядомасць” таго ж Мікеля. 

МУРАШКІ ПА СКУРЫ

Таямнічая атмасфера Купалля перадавалася і праз музыку. Кампазітар Лізавета Лобан дасягнула гарманічнага сінтэзу акадэмічных традыцый і наватарства, ужыўшы незвычайныя прыёмы ігры на інструментах сімфанічнага аркестра. Фанічны бок музыкі выяўляецца ў любаванні, зачараванні прыгожымі акордавымі вертыкалямі, тэмбравымі фарбамі. Быў дададзены і плэйбэк, што часцей выкарыстоўваецца ў мюзіклах, эстрадных кампазіцыях, — загадзя запісаныя трэкі, на якія накладаецца жывое гучанне аркестра (дырыжор — Марына Траццякова). У балеце плэйбэкам стаў голас аўтара — на народны манер, з квазіфальклорнымі матывамі. Кульмінацыя такога рашэння прыпадае на цэласнае гучанне песні — у народным стылі, таксама ў запісе Лізаветы, але падобным да аўтэнтыкі. Гэта дорыць спектаклю пазнавальную нацыянальную рысу і выклікае шквал мурашак па скуры. 

УЗЛЯЦЕЦЬ ДА НЯБЁСАЎ 

У абрадавых дзеяннях вялікую ролю адыгрывае рытмічны пачатак як носьбіт схаванай энергіі, што рвецца вонкі. Харэаграфія балета ўключае значную колькасць масавых сцэн, якія падкрэсліваюць рытуальную аснову спектакля. У сцэне з купальскім вогнішчам пластыка цел артыстаў накіравана ўверх, нібы да Сонца, якое ва ўспрыманні нашых продкаў было адной з самых важных міфалагічных істот. Само вогнішча аказалася незвычайным: не маленькае полымя з чырвоных стужачак, якое з лёгкасцю пераскокваюць хлопцы і дзяўчаты, а сапраўдны слуп святла і агню. Так-так, зверху спусцілася вялізная празрыстая труба-калона, што мігціць адценнямі — вачэй не адарваць. Гэта быццам новае пераўвасабленне ракі, толькі цяпер вогненнай. І ўдзельнікі абраду перамяшчаюцца вакол яе. Назіраючы за дзействам, нібыта і сам уцягваешся ў чалавечы вір, каб узляцець да нябёсаў ад шалёнай энергетыкі найстаражытнейшай формы руху. 

НА ТРЭНДАВАЙ ХВАЛІ 

Заварожваюць і артысты — выразнасцю, асэнсаванасцю ўсяго, што яны робяць, адточанасцю амаль графічных ліній. Ні адна дэталь не выконваецца механічна. Ва ўсё ўкладзена душа. Пе-ралічваць трэба літаральна ўсіх салістаў: Соф’я Казлова, Людміла Раманава, Ганна Смаглей, Ягор Шаўчук, Кірыл Зайцаў, Іван Шаткоўскі ды іншыя. 

У краіне ўсё больш выразна праступае цікавасць да эстэтыкі старажытных абрадаў і свят, векапом-ных традыцый. Наш Музычны тэатр не стаіць убаку, а актыўна падтрымлівае і нават узначальвае трэндавыя хвалі. Цяперашняя прэм’ера — найлепшае пацвярджэнне. Тыя ж, хто не паспеў патра-піць на яе ў красавіку, будуць вымушаны дачакацца канца чэрвеня: у майскай афішы — прэм’ера аперэты Кальмана “Марыца”, а ў ліпеньскай — вяртанне на сцэну балета “Вішнёвы сад” па п’есе Чэхава. 

Надзея ШКАДУН 

Фота з архіва тэатра