Дакрануцца да святых

Апублiкавана: 28 красавiка 2025 Стужка Музеі Мінск

Аўтар: РУДАК Антон

Традыцыйна ў музеях і выставачных залах нельга кратаць экспанаты, а часам — нават занадта блізка падыходзіць да іх. Але з кожнага правіла ёсць выключэнні.

У Нацыянальным мастацкім музеі прадстаўлены праект, арганізаваны сумесна з санкт-пецярбургскім Дзяржаўным музеем гісторыі рэлігіі, — экспазіцыя тактыльных карцін “Нябесныя ахоўнікі”. Мэтай ініцыятывы з’яўляецца стварэнне інклюзіўнага асяроддзя і актыўнае ўключэнне ў мастацкае і культурнае жыццё невідушчых людзей і людзей са слабым зрокам. Аўтары праекта, працуючы ў ключы акадэмічнай скульптурнай школы, падрыхтавалі на аснове гістарычных і літаратурных крыніц выявы святых Рускай праваслаўнай царквы, адаптаваныя для тактыльнага ўспрымання. Для ўсіх герояў выбіраліся такія моманты жыцця і атрыбуты, каб вобразы былі поўнымі і зразумелымі: лівонскія шчыт і шлем пад капытамі каня Аляксандра Неўскага; човен, на якім святыя Герман і Савацій пераплылі Белае мора; сцяг з абліччам Хрыста, які ўсталёўваў перад бітвай Дзмітрый Данской; хірургічная лямпа над галавой Лукі Крымскага. 

У ЦЕСНЫМ СУПРАЦОЎНІЦТВЕ 

Кіраўнік праекта — скульптар, член Саюза мастакоў Расіі, дацэнт кафедры графікі і скульптуры Інстытута мастацкай адукацыі Расійскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя А.І. Герцэна Наталля Карпава. Над тактыльнымі карцінамі таксама шчыравалі майстры з Санкт-Пецярбурга Васіліса Карпава і Ксенія Кражова. Кожны твор — тактыльны гарэльеф. Гэта від высокага рэльефу, некаторыя часткі якога выступаюць над плоскасцю на тры чвэрці аб’ёму. Работы выкананы з сучаснага палімернага матэрыялу, устойлівага да дакрананняў, — акрылавага гіпсу колеру слановай косткі. Аўтары праекта супрацоўнічалі са спецыялістамі ў сферы музейнай інклюзіі і тактыльных выяў. Менавіта такі від мастацтва, як скульптура, дазваляе невідушчым адчуць вобразы тым жа спосабам, якім яны і ўвасабляліся, без пасярэдніка. Тактыльна ўспрыняўшы відарысы, публіка дабудоўвае сюжэты, бачыць больш і глыбей, чым задумваў аўтар. Работы, адаптаваныя для тактыльнага ўспрымання ў самім працэсе нараджэння, маюць не толькі творчае, але і сацыяльнае значэнне. 

ТАЯМНІЦА ЗБАЎЛЕННЯ 

Як паведаміла генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Ганна Конанава, у рамках супрацоўніцтва з Дзяржаўным музеем гісторыі рэлігіі ў жніўні 2023 года ўжо быў прадстаўлены сумесны праект — выстава найлепшых дзіцячых малюнкаў па выніках міжнароднага конкурсу, прысвечанага тэатру. “Адметна, што экспазіцыя тактыльных карцін непарыўна звязана з тэмай праваслаўя, у якім прапаведуецца прыгажосць духу. Калі чалавеку дадзены не ўвесь спектр магчымасцей, адкрываецца іншы, унутраны позірк, які дапамагае наблізіцца да Бога праз тактыльныя адчуванні, праз судакрананне душы з рэльефам рэчаіснасці”, — мяркуе Ганна Конанава. 

Старшыня прыходскага савета прыхода ў гонар Усіх Святых горада Мінска протаіерэй Фёдар Поўны зазначыў, што ў нашым свеце сучаснаму чалавеку часта не стае святасці, глыбокай павагі, цішыні і прыкладаў праведнага жыцця. “Толькі жыццё святых, іх абліччы могуць адкрыць нам таямніцу збаўлення душы. Яны таксама, як і мы, мелі плоць і кроў, працавалі ў поце твару, змагаліся са спакусамі і таму зрабіліся святымі, што мелі адвагу ісці да Бога”, — лічыць протаіерэй. 

МАСТОК ДЛЯ ЗБЛІЖЭННЯ 

Навуковы супрацоўнік аддзела адукацыйных праграм і навукова-метадычнай работы Дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі ў Санкт-Пецярбургу Наталля Кандрацюк падкрэсліла, што ўсе восем карцін — арыгінальныя самастойныя творы, а не копіі. “Яны задумваліся менавіта як работы, даступныя для тактыльнага кантакту, аўтары працавалі ў традыцыйнай акадэмічнай школе скульптурнага рэльефу, — заявіла спецыяліст. — Праект прызначаны для самага шырокага кола: ён аб’ядноўвае для сумеснага наведвання сем’і і сяброў, розныя групы людзей з інваліднасцю і без яе, пракладае масток для зносін і далейшага збліжэння”. 

Куратарам выступіла загадчык аддзела навукова-асветніцкай работы і маркетынгу Нацыянальнага мастацкага музея Дзіяна Шантар. На выставе, якая дэманструецца ў зале старажытнабеларускага мастацтва ў галоўным корпусе, карціны суправаджаюцца аўдыягідам з інфармацыяй, адаптаванай для ўспрымання людзьмі са слабым зрокам і невідушчымі людзьмі. Да таго ж этыкеткі прадубліраваны рэльефна-кропкавым шрыфтам Брайля. Праект дагэтуль быў прадстаўлены ў Дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі ў экспазіцыях “Ранняе хрысціянства” і “Гісторыя рускага праваслаўя”, а таксама ў Пскоўскім музеі-запаведніку, атрымаў высокую ацэнку мэтавай аўдыторыі. 

Выстава працуе да 1 жніўня. Акрамя таго, запланавана серыя заняткаў для невідушчых людзей і людзей са слабым зрокам.

Антон РУДАК 

Фота аўтара На здымках — фрагменты экспазіцыі