Больш за 60 прадстаўнікоў розных сфер удастоены дзяржаўных узнагарод і Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Сярод ушанаваных — і рупліўцы на культурнай ніве.
Указ № 158 Аляксандр Лукашэнка падпісаў 17 красавіка. Ордэны, медалі і ганаровыя званні прысуджаны за шматгадовую плённую працу, заслугі ў ахове дзяржаўнай граніцы, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў, значны асабісты ўклад ва ўмацаванне міжнацыянальных адносін, удасканаленне падатковай сістэмы, сродкаў сувязі, развіццё аграпрамысловага і паліўна-энергетычнага комплексаў, лясной гаспадаркі, прамысловасці, выдатныя дасягненні ў сферах аховы здароўя, адукацыі, культуры, спорту.
Так, медалём “За працоўныя заслугі” ўшанаваны дырэктар Палаца Рэспублікі Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Прыхадоўскі.
Медаля Францыска Скарыны ўдастоены дырэктар ТАА “Музычная медыякампанія” Андрэй Гузель і генеральны прадзюсар Ганна Лукашэнка.
Указам таксама прысвоены ганаровыя званні. Аўтар і выканаўца песень, салістка групы “Аўра” Юлія Быкава атрымала званне заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь.
Аляксандр Лукашэнка падпісаў і распараджэнне № 62 рп аб аб’яўленні Падзякі Прэзідэнта Беларусі.
За высокае прафесійнае майстэрства, значны асабісты ўклад у прымнажэнне і развіццё культурнага патэнцыялу краіны, арганізацыю і правядзенне рэспубліканскіх мерапрыемстваў Падзякай Прэзідэнта ўшанаваны генеральны дырэктар ТАА “Прадзюсарская кампанія «Аўра»” Яўген Алейнік, генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін, намеснік дырэктара ТАА “Музычная медыякампанія” Таццяна Кулакова, рэжысёр- пастаноўшчык Агата Мацко.
Дарэчы, 17 красавіка Указам № 157 быў прысвоены статус нацыянальнага Прэзідэнцкаму аркестру Рэспублікі Беларусь — за значны ўклад у развіццё беларускай нацыянальнай культуры. А згодна з рашэннем калегіі Міністэрства культуры званне “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь” атрымала арт-група “Беларусы” музыкальнага прадзюсарскага цэнтра “Залатыя галасы” — за значны ўклад у развіццё беларускай нацыянальнай культуры.