Музей гісторыі сусветных рэлігій маюць стварыць у Мінску. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка расказаў 20 красавіка падчас наведвання храма ў Талачыне. Прэзідэнт агучыў і іншыя планы.
Кіраўнік дзяржавы на Вялікдзень пабываў у храме Пакрова Прасвятой Багародзіцы, размешчаным на тэрыторыі Свята-Пакроўскага жаночага манастыра ў Талачыне. Пагутарыўшы з прыхаджанамі і настаяцельніцай манастыра ігуменняй Анфісай, Аляксандр Рыгоравіч запаліў свечку і звярнуўся да вернікаў.
Перадусім прагучалі віншаванні са святам. Прэзідэнт заўважыў, што сёлета яно адзначаецца ў адзін дзень прадстаўнікамі некалькіх канфесій.
— Так супала, і гэта вельмі сімвалічна для нас, таму што наша краіна — гэта краіна адзінства, справядлівасці і ўзаемаразумення, узаемадапамогі, — падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Лідар заявіў: гісторыя храма ў Талачыне налічвае больш за 400 гадоў, але ён выдатна захаваўся, бо яго даглядалі.
— Гэтак жа, як мы будзем даглядаць (я вельмі спадзяюся, разлічваю на вас), будзем глядзець за парадкам у нашай краіне ў Год добраўпарадкавання, — сказаў Аляксандр Лукашэнка і нагадаў, што 2025-ы для Беларусі асаблівы з-за важнай даты — 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Запланаваны многія мерапрыемствы, прысвечаныя подзвігу савецкага народа. Яны пройдуць як у Беларусі, так і ў Расіі, у тым ліку з удзелам лідараў дзвюх краін. Адна з такіх падзей — міжнародны форум у Валгаградзе да 80-годдзя Вялікай Перамогі — адбудзецца ў канцы красавіка.
— Днямі мы прадоўжым гэтыя святы пад Сталінградам, на Валгаградскай зямлі. З Прэзідэнтам Расіі мы дамовіліся, там сустрэнемся, пагаворым з моладдзю, аддадзім даніну павагі тым героям, якія змагаліся на Волзе. Пасля — парад у Маскве, у Беларусі. І да Дня Незалежнасці мы будзем аддаваць даніну павагі тым, хто прынёс нам гэтае жыццё, — распавёў пра планы Аляксандр Рыгоравіч.
Кіраўнік дзяржавы таксама анансаваў: ужо сёлета кожная з асноўных канфесій Беларусі пачне ствараць свае цэнтры прыцягнення. Для праваслаўных такім стане Жыровіцкі манастыр, а для католікаў — Будслаўскі касцёл.
Лідар расказаў і пра намер зрабіць у Мінску Музей гісторыі сусветных рэлігій:
— Каб наша моладзь ведала, што такое рэлігія і адкуль карані гэтых рэлігій — і хрысціян, праваслаўных і католікаў, і мусульман, іўдзеяў і гэтак далей. У гэты цэнтр любы зможа прыйсці і паглядзець, адкуль усе мы, адкуль наша духоўнасць.
Кіраўнік дзяржавы згадаў яшчэ некалькі важных аб’ектаў — Нацыянальны гістарычны музей і Мінскі міжнародны выставачны цэнтр.
— Канчаткова да 9 мая гэты цэнтр будзе адкрыты для наведвання ўсіх нашых беларусаў, каб яны, асабліва моладзь, прыйшоўшы туды, захапіліся і адзін у аднаго спыталі: “Няўжо мы ўсё гэта можам вырабляць? Няўжо мы гэта сваімі рукамі зрабілі?” — сказаў Прэзідэнт.
Гаворачы пра Год добраўпарадкавання, лідар звярнуў увагу, што трэба будзе не проста падмесці вуліцы і высадзіць дрэвы, а навесці парадак на прысядзібных участках, рупіцца на сваіх працоўных месцах і шчыра рабіць тое, што кожны павінен.
На заканчэнне Аляксандр Лукашэнка пажадаў беларусам міру, радасці, дабрабыту і заклікаў:
— Беражыце Беларусь — іншай такой не будзе. І не трэба, таму што яна самая прыгожая, цудоўная. Гэта месца для жыцця нас і нашых дзяцей.