Капітан Нэма з Ігуменскага павета

(Працяг. Пачатак у №№ 6—8, 10, 12, 2025)

Крок за крокам, нібы ледакол, што прабівае шлях праз замерзлыя глыбы, ідзём мы скрозь радаводныя таямніцы Чарноўскіх. Сёння размова пра Казіміра, які быў стрыечным братам фалькларысткі Марыі і мастака Міхала.

Беларусь, вядома, не марская дзяржава. І даўно не бачна на даляглядзе перасохлага мора Герадота, якое яшчэ 2500 гадоў таму гойдала на хвалях нашых продкаў. Тым не менш землякам удалося пакінуць след у сусветнай марской гісторыі. Гаворка не толькі пра “падводніка” Казіміра Чарноўскага, але і пра яго сучаснікаў — ураджэнцаў Віцебскай губерні Карла Шыльдэра і Атамара Герна. Праекты суднаў, прапанаваныя гэтымі асобамі, “стаялі на плячах” лодкі Чарноўскага. 

ЧАЛАВЕК-ЛЕГЕНДА 

Імя выбітнага вынаходніка Казіміра Чарноўскага пачалі шырока згадваць каля ста гадоў таму. І на сёння колькасць кніг і артыкулаў (навуковых і папулярных), дакументальных стужак, звязаных з Чарноўскім, ужо не паддаецца лічэнню. Не верыце? Паспрабуйце ўвесці ў пошукавы радок прозвішча (па-руску — Чарновский, Черновский). Але аўтараў, якія грунтуюцца на архіўных звестках, зусім няшмат. 

Капланцы, пач. XX ст

Піянерам “чарноўсказнаўства” можна назваць расійскага і савецкага прававеда, гісторыка Міхаіла Гернета (1874—1953). Першая публікацыя “История одного изобретения”, прысвечаная Чарноўскаму, выйшла ў газеце “Известия” (№ 143) ў 1940-м. Перад самым пачаткам вайны, у 1941-м, у часопісе “Красный архив” (№ 1) з’явіўся тэкст “Первый русский проект подводной лодки”. У ім упершыню былі прыведзены самыя важныя і цікавыя дакументы са справы Чарноўскага той пары, калі беларускі шляхціч знаходзіўся ў казематах Петрапаўлаўскай і Шлісельбургскай фартэцый. Цэнтральнае месца сярод дакументаў займаў праект падводнага судна, было там і бурлівае абмеркаванне распрацоўкі, а таксама лёсу вязня (1829—1832). Пазней вынаходнік трапіў на старонкі шматтомніка Гернета “История царской тюрьмы” (1941—1956). 

А далей нібы раскрылася бездань. У 1948-м прафесар Віктар Данілеўскі вельмі станоўча ахарактарызаваў нашага героя ў фундаментальнай рабоце “Русская техника”. Неўзабаве да папулярызацыі Чарноўскага далучыўся і ветэран, падводнік, ваенна-марскі гісторык Ізраіль Быхаўскі (1907— 1997). У 1950—1956-м ён “атакаваў” чытача цэлай абоймай артыкулаў, назвы якіх інтрыгуюць: “Мастера «потаённых» судов” (1950), “Таинственный узник К. Черновский” (1953), “Трагедия узника-изобретателя” (1954), “Проект, рождённый в одиночной камере” (1954), “Прошлое, настоящее и будущее подводной лодки” (1956). Апошняй публікацыяй Быхаўскага пра Казіміра Чарноўскага, якая абагульніла ўсё, што знайшлося ў архівах, стаў нарыс у кнізе “Рассказы о русских кораблестроителях” (1966). З таго часу нічога грунтоўнага ў друку не з’яўлялася. Але многае спадар Быхаўскі дадаў ад сябе, ды яшчэ так пераканаўча, што хочацца верыць. Аб чым гаворка — распавядзём далей. 

“МІНСКАЯ ПРАЎДА”

Тут трэба звярнуцца да беларускіх гісторыкаў, якія ўлетку 1962 года апублікавалі ў газеце “Мінская праўда” артыкул з новымі звесткамі пра лёс вынаходніка (на гэты матэрыял пазней спасылаўся Быхаўскі). Назва адразу чапляла — “Калі б я не зра- біў падводнага судна, то прынёс бы ў ахвяру жыццё”. Такія словы напісаны ў звароце вязня Петрапаўлаўскай фартэцыі да цара Мікалая І (да ліста быў прыкладзены шматстаронкавы праект суцэльнаметалічнага падводнага судна). Аўтарамі публікацыі сталі кандыдат гістарычных навук Генадзь Грэчкін і начальнік Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці Іван Рошчына. Яны скарысталі мікрафільмаваныя дакументы Чарноўскага (145 старонак), перададзеныя ў 1961-м з Архангельска ў Мінск. Так выявілася, што вязень Шлісельбургскай фартэцыі не памёр у 1832-м, а быў адпраўлены ў ссылку ў Архангельск. Пазней Казіміра перавялі ў Вятку, потым у Сарапул (Удмуртыя). У маленькім гарадку на берагах Камы, у трыкутніку паміж Казанню, Уфой і Перм’ю, Чарноўскі пражыў апошнія гады і сканаў у 1847-м. 

Міхаіл Гернет, пач. XX ст.

Трэба прызнаць, даследчыкі-папярэднікі зрабілі вялікую справу, бо не далі згубіцца ў вяках таленавітаму вынаходніку. Але прыйшоў час рэвізаваць некаторыя звесткі. Пачнём з радаводу. 

ІГУМЕНСКАЯ ГАЛІНА 

Пішучы пра Марыю і яе братоў, мы падкрэслівалі, што яны належалі да віленскай галіны роду. Яе заснавальнік — Юзаф Чарноўскі, лоўчы мсціслаўскі, які ў 1780-х з Мсціслаўшчыны адправіўся спярша на захад Беларусі, а пазней набыў камяніцу ў цэнтры Вільні. 

Казімір Чарноўскі, як выявілася дзякуючы архіўным крыніцам, належаў да ігуменскай галіны, пачынальнік якой — брат Юзафа, Габрыэль Чарноўскі, ротмістр мсціслаўскі (1770), потым мечнік мсціслаўскі (1790), камісар цывільна-вайсковай камісіі ВКЛ (1792), межавы суддзя Ігуменскага павета. У 1789-м Габрыэль купіў у Тадэвуша Карказовіча маёнтак Карытніца, які да сёння памылкова лічыўся месцам нараджэння героя нашага апавядання. У Карытніцу Чарноўскія з нейкай прычыны не змаглі засяліцца адразу і доўга жылі ў фальварку Капланцы. Знаходзіўся ён на ўсход ад горада Беразіно, на беразе ракі Клява. Вёска знакамітая тым, што там з’явіліся на свет кампазітар, музычны крытык Мікола Равенскі (1886—1953, быў сынам садоўніка ў маёнтку), вядомы географ Аляксандр Грыбко (1959—2022) і Сямён Яроцкі (1903—1968), адзін з кіраўнікоў партызанскага руху ў часы Другой сусветнай вайны. Некалі ў Капланцах існавала ўніяцкая (пазней праваслаўная) царква. Але і ад храма на высокім беразе Клявы, і ад сядзібкі, дзе нарадзіўся Казімір, ужо нічога не засталося. 

Касцёл у Беразіне, 1914

У 1973-м праўнук вынаходніка Часлаў Чарноўскі, віленскі отарыналарынголаг, піянер віленскага і балтыйскага яхтсменства, выдаў кнігу ўспамінаў. Тая частка гісторыі сям’і, якая ахоплівае другую палову ХІХ і пачатак ХХ стагоддзяў, бездакорная. Але калі аўтар паглыбляецца ў ранейшы час, то — за галаву хапайся. Каб давесці, што іх род такі ж стары, як свет, Часлаў нырае ў ХІІІ стагоддзе і распавядае паданні і легенды пра заснавальніка фаміліі — паляка, які жыў у Чэхіі і рупіўся пра “польскі інтарэс”, за што быў аслеплены і выгнаны з краіны мясцовым каралём. 

Але ні Габрыэль, ні Казімір з братамі, калі ў ХІХ стагоддзі прыйшлося даказваць шляхецтва, ніякай Чэхіі не згадвалі, а выводзілі свой род ад нейкага Бальтазара, што жыў у 1654-м. Праўда, у багатай фантазіі не адмовіш і ім: Бальтазару, яго сынам і ўнукам вынаходлівыя Чарноўскія прыдумалі тытулы, якіх тыя ніколі не мелі. Дакументальна пацверджана, што з пачатку XVIII стагоддзя Чарноўскія жылі ў Мсціслаўскім ваяводстве ВКЛ. 

СЯМ’Я КАЗІМІРА 

Напрыканцы 1770-х Габрыэль Чарноўскі, тады яшчэ ротмістр мсціслаўскі, узяў шлюб з Тэадорай Равенскай (не выключана, што гэта сваячка згаданага музыканта). І 25 кастрычніка 1780 года (усе даты па ст. ст.) пробашч касцёла ў Беразіне дапоўніў ялеем хрост першанцаў Габрыэля і Тэадоры Чарноўскіх — двайнят Юзафа і Крысціны. Магчыма, хрост вадой яны атрымалі ад святара ўніяцкай царквы ў Капланцах. А 20 кастрычніка 1788 года быў ахрышчаны Георгій Антон. Яго хроснай маці стала Апалонія Янішэўская — жонка аршанскага гродскага суддзі Міхала Шэмеша, гаспадара Барацічаў, што па суседстве з Капланцамі. Гэтыя Міхал і Апалонія — дзед і бабуля нашага слыннага жывапісца Адама Шэмеша і яго брата, паэта Юзафа (!). (Нельга не згадаць іншага выбітнага мастака Апалінарыя Гараўскага, сям’я якога ў пачатку ХІХ стагоддзя жыла на поўдзень ад Капланцоў, праз поле ад Барацічаў.) У 1789-м, 17 кастрычніка, быў ахрышчаны Станіслаў Баніфацый, хросны — Міхал Шэмеш.

Праект Чарноўскага (рэканструкцыя 1966 г.)

А 20 кастрычніка 1791 года ахрысцілі Казіміра Яна, героя нашага апавядання. Хроснымі сталі Міхал Валовіч і Апалонія Шэмеш, сведкамі — Міхал Шэмеш і Марыяна Малецкая. Даты нараджэння Адама і іншых дзяцей невядомыя. Аднак лёсы сыноў Габрыэля выразна праглядаюцца ў знойдзеных дакументах. 

Працяг будзе. 

Газета "Культура" №14 ад 4 красавіка 2025 г.

Зміцер ЮРКЕВІЧ