Відарысы няісных храмаў

Апублiкавана: 22 красавiка 2025 Стужка Выяўленчае мастацтва Мінск Вернісаж

Аўтар: РУДАК Антон

Інклюзіўны арт-праект Васіля Зянько “Архітэктурная спадчына... кропкі...” прадстаўлены ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.

ШТРЫХІ БІЯГРАФІІ 

Творца нарадзіўся ў 1977 годзе ў Стоўбцах. У 1989—1996-м вучыўся ў гімназіікаледжы мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка, у 2006-м скончыў аддзяленне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Работы майстра знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (Мінск), Цэнтры сучаснага мастацтва (Віцебск), Музеі сучаснага рускага мастацтва (Нью-Ёрк), а таксама ў прыватных калекцыях у Беларусі і за мяжой. 

Царква Святых Пятра і Паўла ў Віцебску

АДРАДЖЭННЕ ВОБРАЗАЎ 

Арт-праект “Архітэктурная спадчына... кропкі...” — чацвёрты ў інклюзіўным напрамку творчасці Васіля Зянько. Усе карціны выкананы ў аб’ёмна-контурнай аўтарскай тэхніцы, таму яны даступныя для вывучэння людзям з парушэннямі зроку. На кожную работу шрыфтам Брайля нанесены кароткія апісанні архітэктурных аб’ектаў, каб любы незалежна ад фізічных здольнасцей мог паглыбляцца ў нашу мінуўшчыну і культурную спадчыну. 

Канцэпцыя праекта грунтуецца на ідэі адрадзіць вобразы страчаных твораў беларускага манументальнага дойлідства. За аснову кожнай з 10 тактыльных карцін былі ўзяты выявы і апісанні культавых пабудоў, якія не захаваліся да нашых дзён, у розных кутках краіны. Гэта цэрквы, касцёлы, саборы XVII—XIX стагоддзяў — цэнтры духоўнага развіцця нацыі. 

Касцёл Святога Юзафа ў Віцебску

ВЯРТАННЕ СВЯТЫНЬ 

У лёсе помнікаў, паказаных у рамках інклюзіўнага праекта, — трагедыя незлічоных разбурэнняў. 

З XIV стагоддзя згадваецца касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне, вядомы як Фара Вітаўта. У XVIІ стагоддзі былі ўзведзены касцёл Святога Станіслава ў Пінску, царква Святых Пятра і Паўла ды касцёл Святога Юзафа ў Віцебску, касцёл Святога Казіміра ў Стоўбцах, Свята-Петра-Паўлаўская царква і манастыр базыльян у Глыбокім. У XVIII стагоддзі збудавалі касцёл Святога Вінцэнта і кляштар місіянераў у Смілавічах, касцёл Святога Францыска Ксаверыя і калегіум езуітаў у Магілёве, касцёл Святога Стэфана ў Полацку, пазней пераасвячоны як Свята-Мікалаеўскі сабор. У пачатку ХХ стагоддзя паўстала Свята-Казанская царква ў Мінску. Гэтыя храмы, на жаль, напаткаў трагічны лёс: яны былі страчаны цягам ХХ стагоддзя. 

Касцёл Святога Францыска Ксаверыя і калегіум езуітаў у Магілёве

Каля ўсіх карцін змешчаны адмысловыя шыльдачкі з QR-кодамі. Так, з дапамогай мабільных прылад кожны можа праслухаць аўдыягід на беларускай альбо рускай мове. Ён дазваляе пазнаёміцца з гісторыяй і архітэктурнымі апісаннямі выяўленых помнікаў дойлідства. 

РОЎНЫЯ МАГЧЫМАСЦІ 

На прэзентацыі праекта сабралася багата гасцей, у тым ліку супрацоўнікі прадпрыемства “Светлапрыбор” Беларускага таварыства інвалідаў па зроку. Падчас урачыстасці выступіў Экзаршы інклюзіўны хор “Радасць душы”. 

Першы намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея па навуковай, міжнароднай і асветніцкай рабоце Вікторыя Кузьміна падкрэсліла: скарбніца надае вялікую ўвагу інклюзіўным праектам, штогод ладзячы экспазіцыі і майстар-класы, да якіх далучаюцца людзі з інваліднасцю. 

Свята-Казанская царква ў Мінску

Старшыня Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык адзначыў, што іх з Васілём Зянько звязвае даўняе сяброўства: за станаўленнем майстра назіраў 30 гадоў, яшчэ са студэнцтва. Апошнія 10 гадоў Васіль бярэ актыўны ўдзел у пленэры “Святасць зямлі беларускай”, што ладзіцца супольна з Беларускай праваслаўнай царквой і скіраваны на дапамогу дзецям, хворым на ДЦП. 

Старшыня Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай праваслаўнай царквы, настаяцель храма свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі іерэй Стэфан Варапай звярнуў увагу, што сярод яго прыхаджан багата людзей са слабым зрокам і невідушчых людзей. Іерэй таксама падарыў Васілю Зянько рэльефны разьбяны абраз. 

Касцёл Святога Стэфана ў Полацку

Антон РУДАК