Тэму “Саюзная дзяржава, Еўразійскі эканамічны саюз і іншыя формы міждзяржаўнай інтэграцыі Рэспублікі Беларусь як магчымасць убудавання беларускай нацыянальнай культуры ў сусветную” разгледзелі ў прэс-клубе медыяхолдынга “Культура і мастацтва”.
Як развіваецца культурнае партнёрства ў рамках міждзяржаўных аб’яднанняў, распавялі госці — саветнік Пасольства Кыргызскай Рэспублікі ў Беларусі Даніяр Саякбаеў, намеснік кіраўніка прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў нашай краіне Аляксандр Ленін, намеснік начальніка аддзела міжнароднага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння са сродкамі масавай інфармацыі Міністэрства культуры Беларусі Андрэй Ганчук, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольга Якабсон. Да ўдзелу ў відэаканферэнцыі на YouTube-канале @Kultura_I_Mastactva былі запрошаны прадстаўнікі органаў улады і ўстаноў нашай галіны, у кампетэнцыі якіх уваходзяць пытанні развіцця культурных сувязей.
АНДРЭЙ ГАНЧУК:
— Рэспубліка Беларусь актыўна праводзіць міжнародную палітыку ў сферы культуры. У першую чаргу мы вельмі цесна ўзаемадзейнічаем з Расійскай Федэрацыяй у рамках Саюзнай дзяржавы. Штогод ствараецца (ёсць і на 2025-ы) план супрацоўніцтва ў сферы культуры, які змяшчае вялікую колькасць мерапрыемстваў. Яны ўжо праводзяцца. Напрыклад, 2 красавіка, у Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі, ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны прайшлі ўрачыстасці. Адбыўся канцэрт у Мінску, Палацы Рэспублікі. А ў Маскве на сцэне Вялікага тэатра Расіі зладзілі паказ выдатнага спектакля Вялікага тэатра Беларусі на ваенную тэму.
Іншае міждзяржаўнае аб’яднанне, дзе мы актыўна супрацоўнічаем, — ЕАЭС. Сёлета Рэспубліка Беларусь старшынствуе ў органах кіравання гэтай структуры. Нягледзячы на тое, што ЕАЭС у першую чаргу аб’яднанне, у якім вырашаюцца пытанні эканомікі, мы лічым, яго патэнцыял трэба выкарыстоўваць і для супрацоўніцтва ў сферы культуры. Пастараемся пашырыць такую сумесную дзейнасць менавіта на беларускай зямлі, запрашаючы сюды калектывы краін-удзельніц на міжнародныя форумы, фестывалі, конкурсы і выставы.
Што тычыцца фінансавання мерапрыемстваў, тут працуюць намаганні ўсіх зацікаўленых. Напрыклад, калі гаварыць аб конкурсах і фестывалях, гаспадары, як правіла, бяруць на сябе выдаткі на пражыванне і харчаванне гасцей. Дні культуры заўсёды праводзяцца на парытэтнай аснове спачатку ў адной краіне, затым у другой. Таму затраты абодвух бакоў амаль роўныя. Калі публіка дзякуючы такім мерапрыемствам адкрывае новыя імёны, бачыць прафесіяналізм найвышэйшага ўзроўню і прымае артыстаў на ўра, тады з’яўляюцца перспектывы і для арганізацыі камерцыйных гастролей.
ВОЛЬГА ЯКАБСОН:
— У дзейнасці Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур праваднікі народнай дыпламатыі — беларусы замежжа. Іх па ўсім свеце ад 1,5 да 3,5 мільёна. Зарэгістравана звыш 200 грамадскіх аб’яднанняў. Большая частка знаходзіцца ў Расіі, краінах Еўразійскага эканамічнага саюза.
Гэтыя аб’яднанні зберагаюць, развіваюць і папулярызуюць беларускую культуру за мяжой. Непадробная любоў нашых людзей да гістарычнай радзімы адчуваецца ва ўсёй іх дзейнасці. Таму цэнтр усяляк дапамагае суайчыннікам захоўваць нацыянальна-культурную ідэнтычнасць і знаёміць грамадзян іншых краін з нашай культурай і гісторыяй. Мы перадаём народныя касцюмы, сувенірную прадукцыю і прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, характэрныя для традыцыйных рамёстваў, папулярную беларускую літаратуру. Наша праца за мяжой вельмі запатрабаваная. Напрыклад, у Аргенціне існуе дзевяць беларускіх клубаў. У іх аб’яднаны выключна іспанамоўныя нашчадкі беларускіх перасяленцаў. Удзельнікі гэтых згуртаванняў гатуюць нашы традыцыйныя стравы і выдатна выконваюць аўтэнтычныя танцы.
Да 80-годдзя Вялікай Перамогі мы сталі ладзіць тэматычныя тэлемасты. Такія мерапрыемствы ўжо праведзены з беларусамі Кургана, Самары, Уладзівастока.
Напрыканцы зімы ў наша пасольства ў Расіі звярнуліся беларусы Карэліі. Яны папрасілі дапамагчы з арганізацыяй прыезду ў Беларусь актывістаў рэгіянальнага грамадскага аб’яднання, якія праводзілі пошукавую работу ў Алонецкім раёне. Там у гады вайны знаходзілася сем канцэнтрацыйных лагераў, дзе загінула шмат нашых суайчыннікаў. Невялікая група некалькі гадоў апрацоўвала спісы, прадстаўленыя фінамі. Гэтыя дакументы дакладныя, яны прайшлі праз пракуратуру і суды. Энтузіясты прывезлі зямлю з тых канцэнтрацыйных лагераў. Яе заклалі ў крыпце храма Усіх Святых у Мінску. Такім чынам была аддадзена даніна памяці загінулым беларусам.
Падобных прыкладаў супрацоўніцтва, згуртаванасці нашых суайчыннікаў з розных куткоў свету шмат. Беларусь — адна з самых мірных краін. І адзіная сям’я беларускай дыяспары робіць усё, каб дзяржава квітнела і мы былі дружныя з усімі народамі.
АЛЯКСАНДР ЛЕНІН:
— Наша супрацоўніцтва ў розных галінах носіць стратэгічны характар і вельмі дынамічна развіваецца. Асабліва ў апошнія гады. Кожная ініцыятыва знаходзіць водгук як у Расіі, так і ў Беларусі.
Ёсць маштабныя праекты. Нядаўна была арганізавана выстава ў Нацыянальным мастацкім музеі ў кааперацыі з Дзяржаўным Рускім музеем. У экспазіцыі “Расія — Беларусь. Скрыжаванне лёсаў” прадстаўлены творы беларускіх аўтараў, прычым першага шэрагу, з фондаў як Рускага, так і Нацыянальнага мастацкага музея. Выстава адразу была зладжана ў Санкт-Пецярбургу, затым у Мінску. Гэта каля 300 работ. Беспрэцэдэнтны крок, калі столькі карцін сабрана ў адным месцы: і Марк Шагал, і Бакст, і іншыя імёны, вядомыя не толькі ў нашых краінах, але і ва ўсім свеце. Хацеў бы падкрэсліць, што кааперацыя Дзяржаўнага Рускага музея і Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі не так даўно стартавала і стала яркім прыкладам супрацоўніцтва, якое мае прагматычны характар і вялікія перспектывы.
Планаў шмат. Ёсць і лакальныя праекты. Напрыклад, у Беларускага саюза мастакоў пачалася добрая кааперацыя з расійскімі рэгіёнамі. У цэлым радуе тое, як тут успрымаецца руская культура. Аўдыторыя падрыхтаваная, таму вельмі прыемна працаваць.
У Расіі таксама ёсць цікавасць да беларускай культуры. Многія памятаюць брэнды з Савецкага Саюза. Усе ведаюць “Песняроў” і іх “Белавежскую пушчу”. У сувязі з гэтым, думаю, існуюць пэўныя рэзервы, каб нарасціць актыўнасць. Культурны кантэкст Беларусі блізкі рускаму чалавеку. Перспектыўна было б развіваць анлайн-сферу. Напрыклад, віртуальныя музеі, калі можна агледзець экспазіцыю з любога кутка свету. Трэба гэтым займацца, каб прасоўваць беларускую культуру за мяжой у цэлым і ў Расіі ў прыватнасці.
ДАНІЯР САЯКБАЕЎ:
— Наша маладое пакаленне менш ведае пра Беларусь, як і юныя беларусы менш ведаюць пра Кыргызстан, чым тыя, хто нарадзіўся ў СССР. Таму і пасольствы, і міністэрствы культуры імкнуцца, каб сувязі не перарываліся. Значную ролю тут адыгрывае народная дыпламатыя. Калі людзі адзін аднаго пазнаюць, яны больш давяраюць.
У чэрвені 2023 года ў Кыргызстане зладзілі першыя Дні культуры Беларусі. Была шырокая праграма: паказ фільмаў, гала-канцэрт майстроў мастацтваў, выстава народнай творчасці. У Бішкеку ў зале Нацыянальнага тэатра оперы і балета здарыўся аншлаг, людзі сядзелі ў праходах. Усе хацелі паглядзець выступленне: падобныя мерапрыемствы даўно не праводзіліся і ў публікі ёсць попыт на культурны абмен.
Гэта стала выклікам, бо налета мусілі адбыцца Дні культуры Кыргызстана ў вашай краіне. Падчас падрыхтоўкі хваляваліся, як нас успрымуць беларусы. І вельмі парадавала, што ў кастрычніку 2024-га нашы Дні культуры атрымалі станоўчы водгук. У Беларускай дзяржаўнай філармоніі з поспехам прайшоў канцэрт кыргызскіх майстроў мастацтваў. Адбыўся і паказ нашых фільмаў, якія спадабаліся мясцовым гледачам. А стужка “Рай пад нагамі маці” наогул зрабіла фурор. Трэба адзначыць, што наша кінаіндустрыя пастаянна прадстаўлена на фестывалі “Лістапад”.
Таксама мы зладзілі цікавую мастацкую выставу элементаў кыргызскай спадчыны. Карысным атрымаўся форум навукова-творчай інтэлігенцыі з удзелам вядомых грамадскіх дзеячаў у сферы культуры нашай краіны: артыстаў філармоніі, даследчыкаў і дыпламатаў. У Бабруйску і ў Мінску прайшлі гала-канцэрты майстроў мастацтваў.
У цэлым наша культурнае ўзаемадзеянне вельмі шырокае, і гэта радуе. Так, увесну ў Мінску правялі Міжнародную кніжную выставу. На ёй было арганізавана мерапрыемства, прысвечанае вялікаму кыргызскаму савецкаму пісьменніку Чынгізу Айтматаву. Яго тут ведаюць і паважаюць. Яго работы чытаюць і перакладаюць на беларускую мову. Дарэчы, для нас адзін з прыярытэтаў — пераклад на беларускую мову кыргызскіх літаратараў. Вось і нядаўна давялося гэта зрабіць, каб агучыць вершы нашых паэтаў на адным з мерапрыемстваў. Калі я рыхтаваўся, наткнуўся на твор, які, шчыра, сам раней не сустракаў. Аказваецца, наш выбітны паэт Джаамарт Баканбаеў, узрушаны падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, напісаў верш “У беларускім гаі”. Літаратар ніколі не быў тут, але кранальна распавёў пра загінулага салдата і дзяўчыну, якая аплаквае яго.
Сёлета адзначаецца 80-годдзе Перамогі. Для кыргызстанцаў гэта вялікая дата. Як і ўсе народы былога Савецкага Саюза, мы яе святкуем. Мы бачым беражлівае стаўленне беларусаў да гістарычнай памяці. Вельмі ўдзячныя, што ўшаноўваеце і памяць нашых герояў, якія ваявалі тут. У Кыргызстане вельмі знакаміты Джумаш Асаналіеў, які загінуў падчас вызвалення беларускай зямлі. У гонар яго ў Мінску названы вуліца і сярэдняя школа, усталяваны помнік. Для нас гэта вельмі важна. Адзначу, што ў 2023-м пры падтрымцы нашага пасольства была выпушчана кніга “Сыны Кыргызстана ў баях за Беларусь”. Хтосьці з тых герояў загінуў, хтосьці вярнуўся дадому. Выданне прэзентавалі ў рамках Мінскага міжнароднага кніжнага кірмашу.
Мы развіваем супрацоўніцтва па розных кірунках. Гэта і ўдзел у выдатным фестывалі “Славянскі базар у Віцебску”. Кожны год на ім прадстаўлены кыргызскія артысты. З сакавіка ў нас ладзіцца нацыянальны адбор на конкурс. Летась па запрашэнні беларускага боку ў Віцебск прыязджала першая лэдзі — жонка Прэзідэнта Кыргызстана Айгуль Жапарава — з вялікай дэлегацыяй. У рамках “Славянскага базару” прайшло свята культур краін ШАС, дзе таксама былі нашы калектывы. Можна сказаць, што Беларусь ведаюць у Кыргызстане па віцебскім фестывалі. У нас яго трансліруюць па тэлебачанні і вельмі актыўна глядзяць, а выканаўцы мараць паўдзельнічаць у конкурснай праграме.
Віктар ГАЎРЫШ
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА