Рэтраспектыўны тыдзень

Апублiкавана: 21 красавiка 2025 Стужка Тэатры Мінск Тэатральная плошча

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

РТБД разам з Цэнтрам беларускай драматургіі зладзілі “Рэтраспектыву”, прысвяціўшы гэты тыдзень айчынным п’есам: іх чыткам, паўнавартасным сцэнічным увасабленням у выглядзе завершаных спектакляў, а таксама лекцыям, абмеркаванням, майстаркласам, наўпрост звязаным з сучаснай драматургіяй.

РЭТРА ЯК КРОК НАПЕРАД 

Тыдзень беларускай драматургіі праходзіць з 2014-га. І пры гэтым штораз мае свае асаблівасці. Так, летась праект атрымаў агульную назву “Канцэнтрацыя”, рэальна сканцэнтраваўшы найлепшыя прэм’еры апошняга часу. Сёлета называецца “Рэтраспектыва”: утрымлівае драматургічныя творы ХХ—ХХІ стагоддзяў і асаблівую ўвагу надае 1990-м, калі ў Беларусі пачаўся новы ўсплёск тэатральнага руху, узмацнілася жаданне больш глыбока ўнікаць у айчынную драматургію, папаўняючы яе ўсё новымі старонкамі — новымі тэмамі, праблематыкай, жанрамі, стылямі. 

Менавіта гэтаму была прысвечана лекцыя Яўгеніі Бачыла “Драматургічныя гісторыі РТБД”, дзе маладая тэатразнаўца звярнулася да першых гадоў існавання гэтага калектыву, створанага акурат у 1990-м, прычым пад назвай тэатра-лабараторыі. Лабараторна-эксперыментальным духам адрозніваліся і пастаноўкі, і ўласна п’есы таго часу. “Ку-ку” Мікалая Арахоўскага, “Галава” Ігара Сідарука (дарэчы, некалькі гадоў таму нанова прэзентаваная ў выглядзе тэатралізаванай чыткі), “Сабака з залатым зубам” Уладзіміра Сауліча былі вырашаны ў эстэтыцы тэатра абсурду, дзе пазнавальна камічныя рэаліі спляталіся ў сатырычна- філасофскую фантасмагорыю. “Барбара Радзівіл” Раісы Баравіковай працягвала гістарычную тэматыку, але скіраваную ўглыб стагоддзяў, да жыцця беларускай шляхты, што не было прынята ў савецкія часы. Гэты твор, дзе высокі паэтычны стыль спалучаўся з шэкспіраўскімі жарсцямі, невыпадкова называлі ў кулуарах “Рамэа і Джульета па-беларуску”. А “Містар Розыгрыш” Сяргея Кандрашова, пастаўлены Венедыктам Растрыжэнкавым як “гульні для дарослых”, настолькі палюбіўся гледачам, што захоўваўся ў рэпертуары 20 гадоў — з 1997-га па 2017-ы. 

Цяпер да той айчыннай драматургічнай спадчыны звяртаюцца новыя пакаленні пастаноўшчыкаў і гледачоў. Будучы выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, малады акцёр і рэжысёр Сцяпан Краўчук паставіў сцэнічнае чытанне “Сталіцы Эраўнд” Сяргея Гіргеля, якое стала рэпертуарным. А напярэдадні яго паказу ў рамках Тыдня беларускай драматургіі адбылося пасяджэнне Літаратурнага клуба “Абсурдызм у паўсядзённасці”, дзе зацікаўленыя абмяркоўвалі папярэдне прачытаную п’есу, спектакль па якой калісьці ішоў у РТБД. Дарэчы, публічны абмен думкамі пасля ўбачанага прадугледжаны і пасля некаторых чытанняў: тэатр здаўна практыкуе такія стасункі з гледачамі, ладзіць пасля паказаў творчыя сустрэчы з артыстамі і пастаноўшчыкамі. 

ПРА РОДНУЮ ЗЯМЛЮ 

Усе спектаклі і чыткі “Рэтраспектывы” — у той ці іншай ступені пра Беларусь. Гэта “Вечар” Аляксея Дударава, што яшчэ пры жыцці аўтара стаў класікай; фінальныя для Тыдня “Заручыны”, дзе сплецены дзве п’есы пачатку ХХ стагоддзя; чытанне “Гісторый дзіўнага свету” Алены Паповай, скрозь эстэтыку абсурду якіх таксама праступаюць, бы на праяўцы фотаплёнкі, да болю знаёмыя навакольныя рэаліі; чытанне п’есы Аляксандра Савухі “...І лісце вернецца да каранёў”, дзе ўжо ў назве чуецца непарыўная сувязь з вытокамі. 

Нядаўняя прэм’ера ўвогуле называецца “Май хомлэнд”, што перакладаецца з англійскай як “Мая радзіма”. Жанр спектакля — “камедыя пра касмапалітызм”, але такое азначэнне не больш як правакацыя. Бо цягам дзеі нас пераконваюць у адваротным. Спачатку Гена (Уладзіслаў Віленчыц) напружана, механічна, з жудасным акцэнтам, без аніякіх эмоцый намагаецца вымавіць англамоўны тэкст пра Беларусь, дзе “многа азёраў і лясоў”. Пра іх прыгажосць дадаткова сведчаць каляровыя краявіды ў фінале, якія мы бачым быццам вачыма героя. Ён вяртаецца пераможцам міжнароднага конкурсу, што адбыўся ў шэрым, мяркуючы па чорна-белым відэа, замежжы. І ўсведамляе, што лю`біць радзіму не за штосьці канкрэтнае, а проста за тое, што гэта яго родная зямля. Такое зусім не пафаснае разуменне патрыятызму — галоўны пасыл пастаноўкі. Пра яе прафесіяналізм сведчыць задзейнічанасць усёй прасторы, уключаючы глядзельную залу, добра распрацаваная шматузроўневая сцэнаграфія з дзвюма падсветленымі рамкамі, выдатная ансамблевасць у ігры сямі дзяўчат, што ствараюць атачэнне Гены, і прадуманасць кожнай дэталі. 

СВАІМІ РУКАМІ-ГАЛАВОЙ 

Наведвальнікі Тыдня беларускай драматургіі маюць магчымасць не толькі паглядзець і абмеркаваць, але і папрактыкавацца. Праўда, спачатку тэорыя — лекцыя кіраўніцы ЦБД і гэтага праекта Анастасіі Васілевіч “П’еса як канструктар”. Размова ішла пра асобныя складнікі драматургіі — элементы, з якіх ствараецца п’еса. А на двух майстар-класах— заўтрашняй “Майстэрні спектакля” і нядзельнай “Майстэрні пісьма” — будзе магчымасць паспрабаваць сябе ў якасці творцаў: пад кіраўніцтвам рэжысёра Марыі Гардзіенка зрабіць тэатральны эскіз, правесці аналіз п’есы, распрацаваць узаемадзеянне персанажаў, лінію пэўнай ролі, падабраць музыку для той ці іншай сцэны, а разам з драматургам Аленай Іванюшанка напісаць уласны драматургічны фрагмент. Ці ж не захапляльна? 

Так, лекцыі і майстар-класы не ператвораць кожнага наведвальніка ў дасведчанага і крэатыўнага спецыяліста. Можа, хіба наблізяць кагосьці да ўсведамлення свайго прызначэння. А вось павялічыць колькасць удумлівых гледачоў, якія добра разбіраюцца ў тэатральных працэсах, яны ў стане. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА