Каб па­мяць жы­ла

Апублiкавана: 18 красавiка 2025 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Максімальна рэалістычнаі гістарычна дакладна — менавіта так павінен паказаць падзеі Вялікай Айчыннай вайны маштабны праект, які мае адкрыцца ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры да 80-годдзя Перамогі.

Экспазіцыя мусіць пакідаць глыбокае ўражанне пасля наведвання. Аб гэтым ішла гаворка падчас ацэнкі ўзроўню падрыхтоўкі мерапрыемства: 15 красавіка пляцоўку пад выставу наведалі намеснік Прэм’ер-міністра Уладзімір Каранік, міністр культуры Руслан Чарнецкі, іншыя адказныя асобы. 

Зусім хутка — 9 мая — споўніцца 80 гадоў з дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, якая доўжылася 1418 сутак. Дзень Перамогі — свята, здабытае ў цяжкіх баях за свабоду і незалежнасць Радзімы. Гэтая дата — даніна глыбокай павагі і ўдзячнасці ўсім, хто падарыў нам мірнае неба. У Беларусі памяць аб ліхалецці захоўваецца на працягу ўсіх 80 гадоў. Памяць не можа згаснуць: яна навечна ўпісана ў гісторыю краіны і кожнай сям’і. Перажытая трагедыя і заваяваная Перамога — вечная крыніца болю і горычы, гонару і славы нашага народа.

Унікальны праект у Мінскім міжнародным выставачным цэнтры мусіць адпавядаць маштабу 80-годдзя Вялікай Перамогі — на гэта звярнуў увагу Уладзімір Каранік. Па яго словах, экспазіцыя дазволіць прыгадаць асноўныя вехі Вялікай Айчыннай, зразумець жахі вайны, ацаніць подзвіг савецкага народа.

— Мы павінны максімальна рэалістычна, максімальна гістарычна дакладна паказаць гэтыя падзеі наступным пакаленням, каб памяць пра подзвіг народа жыла ў вяках. Вельмі важна, каб усё адуманае было рэалізавана. Ёсць шмат інавацыйных падыходаў да арганізацыі выставы. Наша задача — забяспечыць дакладную каардынацыю работы будаўнікоў, дызайнераў, спецыялістаў па вэб-дызайне, тых, хто робіць малыя архітэктурныя формы, каб гэта была суцэльная экспазіцыя, якая пакідае глыбокае эмацыянальнае ўражанне пасля наведвання, — падкрэсліў віцэ-прэм’ер.