У агу­ль­ную скар­бон­ку

Апублiкавана: 18 красавiка 2025 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Каля 16,5 мільёна рублёў паклалі беларусы ў агульную працоўную скарбонку. Грошы, заробленыя падчас рэспубліканскага суботніка, пойдуць на ўзвядзенне новага будынка Нацыянальнага гістарычнага музея.

Першы з двух запланаваных у Год добраўпарадкавання суботнік адбыўся 12 красавіка. Важная справа аб’яднала ўсю краіну. На навядзенне парадку, азеляненне, будоўлю выйшлі як школьнікі, так і прадстаўнікі ўлады, спецыялісты прадпрыемстваў і арганізацый — усяго каля 2 мільёнаў 400 тысяч чалавек. Сярод іх — работнікі нашай сферы.

Так, апарат Міністэрства культуры шчыраваў поплеч з калектывам Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” на натурнай пляцоўцы ў Смалявіцкім раёне. Непасрэдны ўдзел у працоўным пачыне ўзялі міністр культуры, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі і генеральны дырэктар студыі Дзмітрый Сямёнаў. Натурная пляцоўка “Беларусьфільма” створана ў 1971-м. За паўстагоддзя тут знята больш за 400 кінастужак — як айчынных, так і сумесных. На плошчы 80 гектараў — два вялікія возеры, хваёвыя і ліставыя лясы, палі, лугі. Ёсць і дэкарацыі — партызанскі лагер з зямлянкамі, вясковыя хаты, вузкакалейка. Так што фронт работ працоўнаму дэсанту быў забяспечаны. 

Добраўпарадкаваннем тэрыторыі займаліся і спецыялісты ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама. Яны разам з кіраўнікамі рэгіянальных устаноў культуры выправіліся ў Драгічынскі раён: суботнік разгарнуўся ў парку і капліцы-пахавальні роду Ажэшкаў у аграгарадку Закозель.

Калектыў Беларускай дзяржаўнай філармоніі прыбраўся вакол уласнага будынка, аднавіў Алею славы ў скверы імя Уладзіміра Мулявіна. Парадак на сваіх плошчах наводзілі і прадстаўнікі Магілёўскага дзяржаўнага прадпрыемства “Кінавідэапракат” — зрабілі кінатэатры больш утульнымі і прывабнымі для гледачоў.

А супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны завіхаліся ў экспазіцыях ды на прылеглых тэрыторыях усіх філіялаў установы.

Фота з Telegram-канала Міністэрства культуры