Культурнай сталіцай Беларусі ў 2026 годзе стане горад Паставы. Пытанне аб наданні гэтага статусу было разгледжана на калегіі Міністэрства культуры. Пасяджэнне праходзіла ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы 28 сакавіка.
Усяго на ганаровае званне прэтэндавалі пяць гарадоў. Апроч Паставаў, што на Віцебшчыне, стаць культурнай сталіцай хацелі Мазыр Гомельскай вобласці, Ваўкавыск Гродзенскай, Асіповічы Магілёўскай і Салігорск Мінскай. Кожны з гэтых рэгіёнаў багаты на ўнікальныя традыцыі і гісторыю, у кожным кіпіць культурнае жыццё.
Як распавёў першы намеснік міністра культуры Дзмітрый Шляхцін, рашэнне аб наданні статусу “Культурная сталіца” прымаецца таемным галасаваннем: кожны чалец калегіі ставіць сваю адзнаку таму ці іншаму кандыдату, потым галасы і балы падлічваюцца. Вызначыць фаварыта загадзя немагчыма. І хаця эксперты абапіраюцца на ўласныя крытэрыі, у аснове — агульны комплексны падыход. Гэта не толькі наяўнасць інфраструктуры, развітой сеткі ўстаноў культуры, моцных мясцовых творчых калектываў, сталых дасягненняў на культурнай ніве.
— Мы глядзім, дзе дзякуючы наданню статусу можна падштурхнуць рэгіён да далейшага развіцця ў сферы культуры, — патлумачыў журналістам Дзмітрый Шляхцін. — Вы бачыце, колькі новага цікавага робіцца ў гарадах, якім гэты статус прысвойваўся ў мінулыя гады. Нам прыемна, калі з’яўляюцца новыя аб’екты, рамантуюцца наяўныя, калі прывозяцца ў культурную сталіцу цікавыя праекты, якія могуць убачыць мясцовыя жыхары. Але перш за ўсё гэты статус — магчымасць таму ці іншаму рэгіёну паказаць сябе і свае традыцыі.
Гэта і імкнуліся прадэманстраваць прэтэндэнты падчас прэзентацый. “Мазыршчына дорыць вам сваю любоў” — пад такой назвай прадстаўлялася Гомельшчына. Традыцыі рэгіёна адлюстраваў народны ансамбль народнай музыкі “Стрэчанне”. Сярод фактаў, якімі ганарыцца край, было прыгадана, што Мазыр — адзін з самых старажытных гарадоў на Палессі, валодае самым вялікім у Беларусі рачным портам і больш як векавой тэатральнай гісторыяй. Да канца 2025 года ў Мазыры плануюць адкрыць новы мост, які звяжа берагі Прыпяці. І гэта будзе адзін з найпрыгажэйшых мастоў у Беларусі.
У візітоўцы Ваўкавыска акцэнт быў зроблены на ваенна- гістарычны музей імя П.І. Баграціёна. У горадзе з размахам праходзіць брэндавы штогадовы музычны фестываль “Жывы гук”, які аб’ядноўвае аркестравыя, джазавыя, этнічныя, народныя калектывы. Рэгіён мае два элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны — традыцыі простага двухнітавага ткацтва і комплекс уменняў вырабу традыцыйнага вясельнага каравая.
“А я заўсёды ганаруся, што з Асіповіч род ідзе” — вершаванымі радкамі пачалі сваю прэзентацыю прадстаўнікі Асіповічаў. У іх раёне жыве адзіны ў Магілёўскай вобласці носьбіт культуры беларускай дуды Мікалай Забаўскі. Члены пасяджэння пачулі легендарны музычны інструмент і ўбачылі ўнікальныя народныя касцюмы.
Салігорск — адзін з самых маладых гарадоў Беларусі. Родам з Салігоршчыны пісьменнік Максім Лужанін, кампазітар Леанід Шырын, народная артыстка СССР Галіна Макарава. Менавіта там праходзяць знакавыя культурныя падзеі — Міжнародны фестываль-конкурс харэаграфічнага мастацтва TERRI CON (на базе Палаца культуры г. Салігорска) і Міжнародны конкурс джазавай і эстраднай музыкі JAZZ-TIME (на базе Салігорскай дзіцячай школы мастацтваў). Матэрыяльныя магчымасці ўстаноў культуры горада дазваляюць прыняць мерапрыемствы самага высокага ўзроўню.
Прэзентацыя Паставаў прайшла пад лозунгам “Люблю цябе, Пастаўскі родны край!”. Акцэнтавалася, што спрадвеку гэтая мясцовасць славілася багатымі кірмашамі, якія доўжыліся да двух тыдняў. У цэнтры Паставаў на рацэ Мядзелка захаваўся будынак млына, узведзены ў XIX стагоддзі. Сёння тут размешчаны Дом рамёстваў. Непадалёк, у аграгарадку Камаі, знаходзіцца ўнікальны помнік архітэктуры — касцёл Святога Яна Хрысціцеля. У Паставах праходзіць адзін з самых вядомых форумаў народнай творчасці Беларусі — Міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”.
Намеснік старшыні Пастаўскага райвыканкама Станіслаў Чымбург запэўніў, што горад з гонарам прыме званне культурнай сталіцы і годна сустрэне гасцей. Зарукай гэтага з’яўляюцца брэндавыя мерапрыемствы, якія традыцыйна праводзяцца ў раёне на высокім узроўні.
Усе прэтэндэнты стараліся прадставіць насычаныя і відовішчныя відэапрэзентацыі і даклады. Але не выпадкова першы намеснік міністра Дзмітрый Шляхцін падкрэсліў: статус культурнай сталіцы даецца таму, хто змог даказаць, што мае найбольшы патэнцыял да далейшага развіцця ў сферы культуры.
Гэтым разам пераможцамі аказаліся Паставы. Візітоўка творчых калектываў гэтага рэгіёна была масавай, яркай і багатай на непадробны энтузіязм. На твары кожнага маленькага і дарослага пастаўчаніна, якія выйшлі на сцэну Купалаўскага тэатра ў той вечар, у спляценні пачуццяў і эмоцый яскрава чыталася: “Мы вельмі хочам, каб культурнай сталіцай у 2026 годзе сталі Паставы!”
Удзельнікі калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь адчулі гэты заклік-запал і далі на яго станоўчы адказ.
Віктар ГАЎРЫШ
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА