На канцэртах фальклорных калектываў Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці гледачы не толькі атрымліваюць асалоду ад душэўнага выканання беларускіх народных песень і танцаў, але і любуюцца касцюмамі. Бо падобныя традыцыйныя строі ў рэдкім музеі знойдзеш. Апранаюць у іх самадзейных артыстаў умельцы раённага Дома рамёстваў.
Каб убачылі свет калекцыі касцюмаў, а таксама паясоў, вышыванак і ручнікоў, характэрных для Акцябршчыны (ці Рудабельшчыны — калі звярнуцца да вытокаў), работнікі РДР на працягу 26 гадоў яго існавання праводзілі вялізную даследчую працу і працягваюць ёю займацца. Рудабельскі ж строй стаў брэндам установы і візітнай карткай гэтага краю.
— Касцюмаў у нас некалькі. Шчыруючы над калекцыямі, мы абапіраліся на рэгіянальныя і местачковыя традыцыі, — распавядае загадчыца Дома рамёстваў Таццяна Халадок. — Хоць у нас і невялікі раён, асаблівасцяў традыцыйных строяў у вёсках шмат. Напрыклад, даўней у Гарохавішчах і ў Карме каўнер жаночай кашулі быў у зборачку і накладны, завязваўся спераду: хочаш — хадзі з ім, а хочаш — здымі. Яго часам называюць “адрыўны”. Прышыўны трохкутнай формы — у Забалацці і Ляскавічах. А да кашуль жыхарак вёскі Рассвет і Маісееўка належаў каўнер таксама ў зборку, але ўжо падвойны.
Загадчык Акцябрскага раённага Дома рамёстваў Таццяна Халадок
У вёсках Ламавіцкага сельсавета спадніцу асобна не насілі: да яе прышывалі безрукаўку (камізэльку). Такі від адзення называўся саян. Недзе жанчыны пакрывалі галаву наміткай, а ў іншых населеных пунктах былі папулярныя так званыя чапцы са скіндачкамі — маленькімі ручнічкамі, якія мацаваліся да галаўнога ўбору ззаду.
У Ляскавічах у вышыўцы быў распаўсюджаны раслінны арнамент. У Гарохавішчах жа і ў Карме аддавалі перавагу буйным геаметрычным узорам, якія неслі больш глыбокі сакральны сэнс.
Часам традыцыйны выраб, характэрны для адной вёскі, апынаўся ў руках майстрыхі з іншага населенага пункта, што магло прывесці да цікавай трансфармацыі.
Таццяна Васільеўна ўспамінае:
— Неяк мая бабуля задумала саткаць такую ж посцілку, як у кумы, якая жыла на мяжы Калінкавіцкага раёна. Ёй не хапіла чырвонай нітачкі — скончыла бардовай. Там было восем перакладаў, а яна зрабіла чатыры, — пялёстак атрымаўся больш прамавугольны. Не адзін да аднаго з арыгіналам, але таксама прыгожа! Калі такое адбывалася, то “падгледжаная” рэч з часам прыжывалася ў новай мясцовасці.
Акцябрскі раённы Дом рамёстваў быў створаны ў 1998 годзе. Да таго часу супрацоўнікі метадычнага цэнтра пры аддзеле культуры Акцябрскага райвыканкама, у лік якіх уваходзіла і Таццяна Халадок, пры ўдзеле мясцовых энтузіястаў здолелі назапасіць велізарную колькасць найцікавейшага матэрыялу.
— Вельмі хацелася пусціць яго на карысць людзям: паказваць, расказваць, навучаць, — кажа Таццяна Васільеўна. — І такія магчымасці пра- даставіла ўстанова культуры новага тыпу — Дом рамёстваў. Цяпер яго па праве называюць галоўным цэнтрам развіцця рамесніцкай справы на Рудабельшчыне. Наша работа накіравана на развіццё народнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці ва ўсіх яе праявах. У першую чаргу гэта датычыцца традыцыйных рамёстваў, якія існавалі раней і існуюць цяпер у рэгіёне.
Народны майстар Рэспублікі Беларусь Тамара Станіслаўчык
Вялікая праца калектыву была ацэнена па заслугах: па выніках 2017 года Акцябрскі раённы Дом рамёстваў стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва за значны ўклад у захаванне і папулярызацыю традыцыйных ткацкіх рамёстваў, актыўную выставачную дзейнасць.
Свой Дом рамёстваў супрацоўнікі называюць вялікай творчай майстэрняй. Сярод таленавітых і вопытных умельцаў — тры народныя майстры Рэспублікі Беларусь: па ткацтве і пляценні паясоў — Марыя Сарнаўская, па вырабе традыцыйнага касцюма і народнай лялькі — Тамара Станіслаўчык, па саломапляценні — Ірына Дабранская, якая атрымала высокі статус у канцы 2024 года. Дарэчы, яна асвоіла на высокім узроўні і ганчарства. А Таццяна Халадок яшчэ тчэ на кроснах, вышывае, займаецца саломапляценнем і вяжа; удзельнічала ў распрацоўцы і стварэнні калекцыі касцюмаў.
Народны майстар Рэспублікі Беларусь Марыя Сарнаўская
Рудабельскіх рукадзельніц добра ведаюць не толькі ў рэгіёне. Іх ахвотна запрашаюць да ўдзелу ў абласных выставах, конкурсах, пленэрах, у такіх значных мерапрыемствах, як міжнародны фестываль этнакультурных традыцый “Кліч Палесся” і рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур у Гродне, іншых. Яны жаданыя госці і на расійскіх творчых святах. Вырабы, створаныя майстрыхамі, карыстаюцца попытам як прэзентабельная сувенірная прадукцыя для гасцей нашай краіны і нярэдка адпраўляюцца за мяжу, у тым ліку ў Расію і Кітай.
— Гэты год у Беларусі праходзіць пад знакам 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, а таксама аб’яўлены Годам добраўпарадкавання. Гэтыя напрамкі — прыярытэтныя, — дзеліцца планамі загадчык РДР. — Мяркуецца ўдзел у шматлікіх раённых, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах, арганізацыя і правядзенне выстаў творчых работ нашых майстроў, суботнікі па навядзенні парадку, акультурванне тэрыторыі.
Народны майстар Рэспублікі Беларусь Ірына Дабранская
У нас ёсць клуб “28 пяцелек”, які ўваходзіць у аматарскае аб’яднанне па вязанні “Абярэг”. Удзельніцы займаюцца дабрачыннасцю: для немаўлят з Гомельскай вобласці, якія нарадзіліся раней за належны тэрмін, вяжуць ваўняныя шкарпэткі, шапачкі, кофтачкі, камізэлькі — перадаюць разам з імі цяпло сваіх рук, клопат і пяшчоту. А зусім хутка пачнуцца школьныя канікулы. Гэта значыць, асаблівую ўвагу надамо далучэнню дзяцей да рамесных традыцый. Сядзець і сумаваць нам некалі!
Святлана ЧЭКАЛАВА
Фота з архіва Акцябрскага РДР