Першая беларуская фалькларыстка і этнограф Марыя Чарноўская, графік і мастацтвазнаўца Міхал Чарноўскі… Хто яшчэ з Чарноўскіх пакінуў след у гісторыі? Працягваем знаёміцца з прадстаўнікамі слыннага роду.
(Працяг. Пачатак у 6-8, 10, 2025)
Сённяшняя глава прысвечана двум іншым братам Марыі — Станіславу і Людвіку, які, магчыма, даводзіцца сваяком кампазітара Міхаіла Глінкі. Таксама прыгадаем сыноў Станіслава — Яўстаха і Юльяна, што былі сябрамі і паплечнікамі класіка беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча.
У мінулы раз, калі гаворка ішла пра Міхала Чарноўскага, мы пачалі з успамінаў “Колькі гадоў маёй маладосці ў Вільні” (1818—1825), што пакінуў лекар і мемуарыст Станіслаў Мараўскі (1802—1853). Сёння звернемся да яго зноў: “Станіслаў, малодшы брат яго (Міхала. — З.Ю.), таксама з вялікімі вусамі. Больш за 15 гадоў вучыўся медыцыне. Слухаў, слухаў і слухаў. Нарэшце і сам паверыў, што наслухаўся. Наважыўся на экзамен і, як я потым чуў, знайшоў у Вільні людзей, што мелі да яго давер. Чалавек годны, але таксама мала гаварыў, ад людзей трымаўся ўбаку і ў тым, магчыма, меў вялікі розум. Запытаны, адказваў звычайна красамоўнай усмешкай, але не словам. На галаве насіў вялікі чуб, накшталт грэбеня пеўня, па модзе таго часу. Пэўна, з парады брата-крытыка”.
А цяпер дапоўнім партрэт віленскага лекара Станіслава Чарноўскага больш канкрэтнымі звесткамі — з жыццяпісу.
Станіслаў — адзіны з дзяцей лоўчага мсціслаўскага Юзафа Чарноўскага і Петранэлы Ваяводскай, чый дзень і месца нараджэння ведаем дакладна. Згодна са знойдзенай намі метрыкай, 26 верасня 1797 года ў віленскім касцёле Святых Пятра і Паўла адбылося дапаўненне хросту Станіслава, які прыйшоў на свет 21 верасня 1789 года ў маёнтку Лапацінскіх Кайраны. Пэўна, тут нарадзіліся і іншыя дзеці Чарноўскіх, пакуль іх старая камяніца, набытая ў 1787-м Юзафам у самым цэнтры Вільні, перабудоўвалася пад патрэбы новага гаспадара. Сведкамі на хросце Станіслава сталі яснавяльможныя Тадэвуш Лапацінскі, ваявода берасцейскі, і Элеанора Контрым (праз месяц стала жонкай Яна Свяціцкага, а Свяціцкія — сваякі і Лапацінскіх, і Чарноўскіх). А яшчэ праз месяц Юзафа Чарноўскага арыштавалі па падазрэнні ў падрыхтоўцы паўстання і разам з паплечнікамі адправілі ў Табольск. Немалая сям’я Чарноўскіх пасля гэтага атабарылася ў сваім доме, што і па сёння стаіць пад гарой Гедыміна.
Вільня, Антокаль,1848
Спярша вучыўся Станіслаў у гімназіі, потым, як і іншыя браты, паступіў у Віленскі ўніверсітэт. Атрымаўшы ступень доктара філасофіі (1811), Чарноўскі ў 1823-м узяў новую вяршыню — ступень доктара медыцыны. Дысертацыя (32 старонкі), з якой 33-гадовы выпускнік выйшаў на абарону, на вокладцы мела назву “Dissertatio inauguratis chirurgica de phlebitide” (больш вядома як “De phlebitide”) і прысвячалася тромбафлебіту, грознай і тады, і сёння хваробе (запаленню сценак венаў). Мяркуючы па ўсім, для таго часу праца была наватарская, таму згадка аб ёй адразу ўвайшла ва ўсе еўрапейскія даведнікі найноўшых медыцынскіх выданняў. Магчыма, дысертацыя Чарноўскага захавалася ў архівах бібліятэкі Віленскага ўніверсітэта (напэўна, для гісторыі беларускай медыцыны згадка аб ёй не залішняя).
А надрукаваў дысертацыю ў сваёй віленскай друкарні знакаміты выдавец і публіцыст Антон Ян Марціноўскі (1781—1855), ураджэнец Радашковічаў, сябра прафесара Віленскага ўніверсітэта, выбітнага гісторыка права Ігната Даніловіча (1787—1843). І што таксама цікава, мяркуючы па ўскосных звестках, Марціноўскія былі ў сяброўскіх стасунках з іншымі радашковіцкімі сем’ямі — Аляшкевічаў (з іх паходзіў знакаміты мастак Юзаф Аляшкевіч) і Занаў (з якіх выйшаў філамат Тамаш Зан).
У 1828—1831 гады дыпламаваны доктар Чарноўскі служыў лекарам пры віленскім паштамце, потым абзавёўся прыватнай практыкай. Быў сябрам віленскага таварыства Дабрачыннасці. У 1830-х немалады ўжо Станіслаў ажаніўся са Станіславай, дачкой Пятра Зянковіча і Фартунаты Кліманскай, ротмістраў ашмянскіх. У 1837-м (27 красавіка па старым стылі) першынец Анастас Станіслаў нарадзіўся, як і ўсе іншыя дзеці, у Вільні. За ім 29 мая 1839-га прыйшоў на свет Яўстах Казімір (17 мая па старым стылі), а 25 лістапада 1840 года — Юліян Алаізі Дыдак (13 лістапада па старым стылі). Апошняй нарадзілася Філамена Петранэла Яанна (25 верасня па старым стылі).
Памёр Станіслаў Чарноўскі 25 ліпеня (13 ліпеня па старым стылі) 1856 года ад халеры. Здарылася гэта ў доме Чарноўскіх. Пакінуў доктар пасля сябе ўдаву і двух сыноў — Яўстаха і Юльяна. Пахавалі яго на віленскіх Росах, побач з маці і малодшымі дзецьмі (магіла захавалася).
А зараз слова пра сыноў Станіслава, што перажылі бацьку і трошкі вядомыя беларускім даследчыкам. Яўстах з 1858 па 1861 гады вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце, дзе ўваходзіў у студэнцкі гурток “Агул”. Не завяршыў адукацыю і ў лістападзе вярнуўся на радзіму. Ажаніўся з Аляксандрай Карэлін (яе прозвішча ў адной з метрык запісана як Карэнін). Меў з ёй сына Аляксандра і дачок Ізабэлу, Марыю, Юлію і Алену. Жыў у маёнтку Спрагуны (на поўнач ад Ашмян), які належаў яго маці. Памёр у Вільні 17 студзеня (4 студзеня па старым стылі) 1905 года і пахаваны на Росах. Магіла і цяпер знаходзіцца пры муры, злева ад увахода на Росы (з правага боку — магіла літаратара Ядвігіна Ш.).
Юльян спярша таксама вучыўся ў віленскай гімназіі. Аднакласнікамі яго былі будучы класік беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч, інжынер і археолаг Зыгмунт Мінейка (ганаровы грамадзянін Грэцыі, у гонар яго названа вуліца ў Ашмянах), вядомы дзеяч Тытус Далеўскі і інш. Пазней быў вольным слухачом Маскоўскага ўніверсітэта, затым студэнтам Пецярбургскага, а ў 1861— 1863-м павучыўся яшчэ ў кракаўскім Ягелонскім універсітэце. Вярнуўшыся на радзіму, Юльян узяў у арэнду Альхоўку (фальварак на ўсход ад Ашмянаў). Далучыўся да паўстання 1863-га. У1864-м яго маёнтак канфіскавалі, а гаспадар быў пазбаўлены правоў і сасланы. Лічыцца, што памёр у 1870-м.
Вільня. Вулічныя сцэны. Казімір Бахматовіч, 1837
Але чым жа цікавыя браты? Яўстах — адзін са стваральнікаў “Бібліятэкі ашмянскай моладзі”, для якой напісаў статут. У 1861-м у Вільні заснаваў асветніцкі гурток “Пянтковічы”, у які ўваходзіла віленская і ашмянская моладзь. Сябрамі таварыства былі Юльян Чарноўскі, Францішак Багушэвіч і Зыгмунт Мінейка, а таксама Аляксандр Аскерка, ураджэнец Рэчыцкага павета, вайсковы і грамадскі дзеяч. Сябры таварыства займаліся культурніцка-адукацыйнай дзейнасцю, дамагаліся адкрыцця сельскіх школ для дзяцей вяскоўцаў, працоўных і мяшчан. На тэрыторыі Свянцянскага і Ашмянскага паветаў навучанне вялося на беларускай мове. Дарэчы, Аскерка ў 1862-м выдаў падручніка для авалодання пачатковай граматай — “Элементаж для добрых дзетак каталікоў”. Публіцыст, гісторык, святар Адам Станкевіч заўважыў, што ў тым буквары “мова беларуская даволі чыстая” і што ў ім моцна гучыць патрыятычная ідэя: “Усе людзі павінны любіць і жалець зямлю, на каторай радзіліся, у каторай пахаваны іх бацькі, дзяды і прадзеды і ў каторую і самі лягуць пасля смерці”. У мемуарах вядомага грамадска-палітычнага дзеяча, публіцыста Якуба Гейштара ёсць радкі пра Аскерку: “У сялянскіх справах ён быў прыхільнікам надання сялянам зямлі, у грамадзянскай арганізацыі — найлепшым супрацоўнікам і чынным апекуном дзяцей Уладзіслава Сыракомлі” (сям’я пасля смерці паэта фактычна засталася без сродкаў).
Дзейнасць таварыства “Пянтковічаў” была даследавана савецкім гісторыкам Зентай Тальвірскай. Яе публікацыя “Создание Ошмянской революционной организации и общество “Пёнтковичей” в 1861— 1862 гг.” (Ученые записки Института славяноведения (Академия наук СССР), т. 29, 1965) да гэтага часу застаецца галоўнай крыніцай ведаў пра таварыства і пра ролю ў ім пляменнікаў Марыі Чарноўскай.
З успамінаў Станіслава Мараўскага Людвік Чарноўскі паўстае чалавекам легкадумным і бяскрыўдным. Усё жыццё гэтага брата Марыі, па меркаванні Мараўскага, прайшло ў танцах на балях і рэдутах. Часам трапляў Людвік у камічныя сітуацыі, на апісанне якіх Мараўскі не пашкадаваў атраманту. Але ці быў ён сапраўды такім ужо “адарваным ад жыцця” чалавекам, што жыў адным днём? Думаецца, Мараўскі з нейкай прычыны перабольшыў “дасягненні” Лаёлы (такую мянушку меў Людвік).
Людвік Чарноўскі добра ведаў прафесара Яхіма Лялевеля — захаваўся ліст, напісаны да яго даволі па-сяброўску. Быў “танцор” вядомы і літаратарцы, мемуарыстцы Габрыэлі Пузыні, што жыла ў Дабраўлянах. У яе ўспамінах ёсць кароткая, але станоўчая згадка пра Чарноўскага.
Але найбольш цікавая канкрэтыка знайшлася ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі — у судовай справе, галоўным фігурантам якой з’яўляецца Людвік Чарноўскі.
Па-першае, гэта яго ўласнае сцвярджэнне, што і яго дзед, і бацька паходзілі з Чэрыкаўскага павета. Па-другое, стаў вядомы лёс Чарноўскага пасля 1830-га, калі ён знік з Вільні. Каля1831-га Людвік ажаніўся з Альжбетай Глінкай і атабарыўся ў яе маёнтку Губіншчына, дзе за 15 гадоў да таго Марыя вяла свае этнаграфічныя назіранні (!). Бесклапотнае жыццё абшарніка, які раз на год ездзіў у Вільню, зрэдчас наведваўся ў Магілёў, раптоўна перарвалася ў 1840-м. Прыйшлося Чарноўскаму выступіць у абарону правоў свайго пляменніка паручніка Глінкі. Нейкі Франц Грудзінскі, якому даверылі апеку над маёнткам паручніка, наўмысна перастаў плаціць падаткі і даволі хутка прывёў гаспадарку на мяжу банкруцтва. І калі б Людвік, які выпадкова даведаўся пра сітуацыю, не сплаціў частку запазычанасцей, пляменнік застаўся б без фальварка, які ўжо рыхтавалі для продажу з аўкцыёну. Грудзінскі, раз’юшаны тым, што хітрая камбінацыя сарвалася і што Чарноўскі спыніў вывад быдла і вываз рухомасці з маёнтка, напісаў на Чарноўскага данос. У ім сцвярджалася, што Людвік Чарноўскі — “элемент падазроны”. Пачалося следства, якое ўстанавіла: Чарноўскі мала таго што ніякім бокам не “падазроны” і нават ніколі не быў на “алоўку”, наадварот, 13 гадоў служыў у дзяржаўных установах пад кіраўніцтвам віленскага генерал-губернатара, меў чын і “аніякіх заўваг па службе”. Тады Грудзнінскі напісаў новую кляўзу, нібыта Чарноўскі —“прыбыш з-за мяжы” і ледзь не дзяржаўны злачынца. А падаў новы данос, падпісаўшыся імем нікому невядомага “палкоўніка Дэмі”. Следства выкрыла і гэтыя хітрыкі Грудзінскага. Па выніках з Чарноўскага знялі ўсе падазрэнні, а кляўзніка выправадзілі з незаконна захопленага маёнтка.
Глінкі, з якімі парадніліся Чарноўскія, па ўсей верагоднасці, паходзяць з таго самага роду, што і знакаміты рускі кампазітар. Як вядома, продкі Міхаіла Глінкі (дарэчы, як і Чарноўскія) у сярэдзіне XVII стагоддзя жылі ў Смаленскім ваяводстве ВКЛ. У 1654-м, калі пачалася вайна, смаленскі шляхціч Віктарын Уладзіслаў Глінка трапіў у палон. Мусіць, каб захаваць маёнтак (а можа, і жыццё) ён прысягнуў на вернасць маскоўскаму цару Аляксею Міхайлавічу і прыняў праваслаўе. А праз 150 гадоў на свет прыйшоў яго нашчадак, якому далі імя Міхаіл і якому лёс наканаваў назаўсёды змяніць твар рускай музыкі.
Працяг будзе.
Газета "Культура" №12 ад 21 сакавіка 2025 г.
Зміцер ЮРКЕВІЧ