Дзеля будучыні

Апублiкавана: 14 красавiка 2025 Стужка Музыка Мінск 80 мірных гадоў

Аўтар: Данііл ПІЎКАРЭЦ

Паказы канцэрта-рэквіема “Кожны трэці” з аншлагам праходзяць у Палацы Рэспублікі: з 6 па 12 красавіка іх наведваюць дэлегацыі працоўных калектываў з усіх рэгіёнаў краіны.

Па словах начальніка галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Беларусі Кацярыны Усавай, гэты праект адкрывае серыю асноўных імпрэз, прымеркаваных да 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Галоўная задача сцэнічнага твора — падкрэсліць важнасць захавання гістарычнай памяці дзеля будучыні. 

Падчас канцэрта

У падрыхтоўцы канцэртарэквіема паўдзельнічалі Міністэрства культуры і Міністэрства абароны Беларусі, Палац Рэспублікі, “Музычная медыякампанія”. У праграме — нумары найлепшых салістаў і калектываў краіны, прысвечаныя трагічным старонкам мінуўшчыны нашага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Кожнае выступленне — даніна подзвігу герояў — нагадвае пра адказнасць за захаванне памяці аб ліхалецці.

Рэжысёрам праекта стала мастацкі кіраўнік Маладзёжнага тэатра эстрады Уладзіслава Арцюкоўская. Аўтары сцэнарыя — Уладзіслава Арцюкоўская і паэтка-песенніца Ганна Сялук. Акрамя мастацкага асэнсавання страшных падзей, увазе гледачоў прадстаўлены рэдкія кадры хронікі, фотаздымкі і карты, а таксама матэрыялы, звязаныя з расследаваннем у рамках крымінальнай справы па факце генацыду насельніцтва Беларусі падчас вайны і ў пасляваенны перыяд. За стварэнне графікі і відэакантэнту адказвалі спецыялісты тэлекампаніі “ВаенТБ”, ваеннага інфармацыйнага агенцтва Узброеных Сіл “Ваяр”, Генеральнай пракуратуры Беларусі. Для жыхароў сталіцы паказ канцэрта-рэквіема адбыўся 8 красавіка. Са сцэны гучала як музыка сучасных беларускіх кампазітараў — Валерыя Шмата, Ганны Сялук, Яўгена Алейніка, Ганны Благавай, так і папулярныя савецкія песні. Паэтычнай асновай канцэрта стаў “Рэквіем па кожным чацвёртым” Анатоля Вярцінскага.

Праект "За дзень наступны ўсяе зямлі"

Важны складнік мерапрыемства — выставы, прысвечаныя 80-годдзю Вялікай Перамогі. З імі гледачы могуць азнаёміцца да канцэрта. Так, шчырую цікавасць публікі выклікаў праект рэдакцыйна-выдавецкай установы “Культура і мастацтва” — “За дзень наступны ўсяе зямлі”. У экспазіцыі — карціны на ваенную тэматыку, “ажыўленыя” з дапамогай дапоўненай рэальнасці. Задума рэалізоўваецца сумесна з Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальным мастацкім музеем і Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў. 

Таксама ў Палацы Рэспублікі разгорнута сумесная выстава БелТА і Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны “Лёсы, складзеныя ў трохвугольнік”, экспазіцыя “Подзвігі і лёсы партызан у дакументах”, створаная па матэрыялах інтэрнэт-праекта выдавецкага дома “Беларусь сегодня” і Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. Нацыянальная бібліятэка падрыхтавала перасоўную выставу “Генацыд: дакументы і відавочцы сведчаць”, а “Мінскхлебпрам” — “Хлеб — нябачная сіла Перамогі” з дэгустацыяй буханак, вырабленых па рэцэптуры ваенных часоў. 

Падчас канцэрта

Акрамя жыхароў сталіцы, канцэрт-рэквіем ужо ўбачылі прадстаўнікі Брэсцкай, Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей. Паказы працягваюцца: 11 красавіка Палац Рэспублікі наведае дэлегацыя Мінскага рэгіёна, а ў суботу — Гомельшчыны. 

Данііл ПІЎКАРЭЦ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА