Космас на экранах

Апублiкавана: 13 красавiка 2025 Стужка Кіно Мінск

Аўтар: Аўтары

Дакументальная карціна “Наш космас” выйшла ў шырокі пракат 10 красавіка. Над стужкай працавала каманда Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” на чале з рэжысёрам Дзмітрыем Лосем. 

“Наш космас” — гэта захапляльнае падарожжа айчыннай касманаўтыкі ад летуценняў і першых крокаў да сучасных перспектыўных праектаў і адкрыцця новых гарызонтаў. 

Кіно распавядае пра выбітных асоб, што зрабілі вялізны ўнёсак у асваенне касмічнай прасторы. Гэта, у прыватнасці, спецыялісты Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ды іншых вядучых цэнтраў, якія разам з расійскімі калегамі стваралі лятальныя апараты, што могуць пераадолець зямное прыцягненне. Бясцэнныя прадукты інтэлектуальнай дзейнасці выкарыстоўваюцца і цяпер. 

І куды ж без легендарных лётчыкаў-касманаўтаў — выхадцаў з нашай краіны? Асаблівую цеплыню карціне надаюць унікальныя “нябесныя” і “зямныя” кадры з удзелам Пятра Клімука і Уладзіміра Кавалёнка, а таксама яркія, эмацыйныя расказы Алега Навіцкага і Марыны Васілеўскай аб гераічнай “касмічнай працы” і аб тым, як выглядае Беларусь з вышыні ў некалькі соцень кіламетраў.