Ансамбль танца “Равеснік” — адзін з найстарэйшых дзіцячых калектываў краіны. Амаль за 70 гадоў ён зацікавіў харэаграфічным мастацтвам больш за 12 тысяч юных талентаў і стаў буйным цэнтрам эстэтычнага і духоўнага выхавання беларускай моладзі.
Гэты ансамбль заснавала пры Рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў у 1958-м народная артыстка БССР Марына Мікалаеўна Бяльзацкая. Чатыры дзесяцігоддзі яе чулага кіраўніцтва прынеслі калектыву багата дасягненняў, у тым ліку званне “Народны” ў 1964-м.
Вялікі шлях разам з “Равеснікам” прайшлі заслужаны работнік культуры БССР Лёда Адамаўна Міхайлідзі і заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Таццяна Паўлаўна Семчанка, якая ўзначальвала ансамбль да 2023-га. Сярод заслуг руплівага кіраўніка — спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва ў намінацыі “Выхаванне творчай моладзі” і званне “Заслужаны калектыў”. Высокі статус, дарэчы, ансамбль атрымаў першым з дзіцячых гуртоў краіны ў 2004-м.
Наша нязменная місія — гадаванне новага пакалення ў любові да беларускай культуры.
Прадаўжальніцай слаўнай педагагічнай традыцыі стала Лізавета Валер’еўна Багданава — былая ўдзельніца “Равесніка”, якая вярнулася ў родны калектыў пасля заканчэння БДУКМ.
— Наша нязменная місія — гадаванне ў новым пакаленні любові да беларускай культуры, гонару за нацыянальную спадчыну і традыцыі, — адзначае Лізавета Валер’еўна. — А ключ да сэрца дзяцей — цёплая атмасфера. “Равеснік” — гэта вялікая дружная сям’я, якая дорыць кожнаму незабыўнае і яркае маленства.
Цяпер у складзе ансамбля — больш за 230 хлапчукоў і дзяўчынак ад 4 да 17 гадоў.
— Для самых юных працуюць падрыхтоўчыя групы, дзе будучыя зорачкі набіраюцца ведаў і вопыту. Кастынг для гэтых дзяцей ладзім штогод у канцы жніўня — пачатку верасня. Абавязкова ацэньваем фізічныя дадзеныя, музычнасць, успрыманне настаўніка і яго заданняў, — распавядае кіраўнік. — Наступны этап навучання — пераход у асноўны склад, які дзеліцца на малодшую, сярэднюю, сярэдне-старэйшую і старэйшую катэгорыі. У кожнай дзеці займаюцца каля трох гадоў.
Рэпертуар “Равесніка” ўключае больш за 50 харэаграфічных пастановак і кампазіцый: гульнявыя, сюжэтныя, аўтэнтычныя беларускія танцы, тэматычныя замалёўкі. Прыярытэтны напрамак — народны. Вывучаюцца таксама асновы класічнага і сучаснага танца.
— Застыласць і аднастайнасць не ўласцівыя ансамблю: за апошнія пяць гадоў педагогі стварылі дзясяткі новых харэаграфічных кампазіцый. Самыя прыкметныя сярод іх — “Прывітальная”, “Сінь валошкавая”, “Мітусь”, “Беларуская лявоніха”, “Марская сюіта”, “Козачка”, “Мой шлях”, “Тата, ты дзе?”, — расказвае Лізавета Валер’еўна. — Стараемся, каб колькасць нумароў расла. Нешта атрымліваецца вельмі ўдала і замацоўваецца ў рэпертуары надоўга, іншае выконваецца цягам года, потым адсоўваецца ў архіў і дапрацоўваецца. Цікава, што ў кожнай узроставай групе ёсць свае “любімчыкі”. Усе дзяўчынкі, напрыклад, мараць хутчэй патрапіць у старэйшую катэгорыю і станцаваць “Ружы”, а малышы чакаюць пераходу ў асноўны склад, каб упершыню выканаць “Весялуху”.
Нядзіўна, што любоў да харэаграфіі ўдзельнікі калектыву захоўваюць доўгія гады. Многія выбіраюць творчую прафесію, часам вяртаюцца ў ансамбль у якасці педагога.
Вынік плённай працы балетмайстраў і выхаванцаў калектыву — мноства прэстыжных узнагарод. Так, за апошнія гады “Равеснік” двойчы заваяваў гран-пры Міжнароднага фестывалю дзіцячай і юнацкай творчасці “Крок да мары” (Беларусь), дыплом лаўрэата I ступені Міжнароднага конкурсу “Скрыжаванні VII” (Беларусь), Міжнароднага конкурсу-фестывалю творчых калектываў і выканаўцаў “Час талентаў” у Смаленску, Міжнароднага конкурсу вакальна-харэаграфічнага мастацтва “Феерыя танца” і III Рэспубліканскага вакальна-харэаграфічнага конкурсу-фестывалю “Галактыка” ў Мінску.
— Любой перамозе папярэднічае працяглы шлях падрыхтоўкі — ад пастаноўкі нумара, прадумвання касцюмаў, напісання музыкі, адпрацоўкі кожнага руху да пражывання кампазіцыі на сцэне. Натуральна, удзельнічаць у конкурсах на Радзіме лягчэй: вялікую ролю адыгрывае падтрымка бацькоў і спагадлівых беларускіх гледачоў, — падкрэслівае Лізавета Валер’еўна.
Акрамя як з творчымі спаборніцтвамі, сцэнічная дзейнасць “Равесніка” цесна звязана з буйнымі сталічнымі пляцоўкамі: Палацам Рэспублікі, “Мінск-арэнай”, Палацам спорту, Беларускай дзяржаўнай філармоніяй, Рэспубліканскім Палацам культуры прафсаюзаў. У цэнтры ўвагі ансамбля — канцэрты, прысвечаныя дзяржаўным святам і знакавым датам, іншым падзеям у жыцці краіны.
— Захоўваючы традыцыі, стараемся спрабаваць нешта новае і цікавае, увасабляць творчыя задумы педагогаў і выхаванцаў. Цяпер распрацоўваем некалькі яскравых харэаграфічных пастановак, якія ўпрыгожаць і ўзбагацяць рэпертуар “Равесніка”, — распавядае Лізавета Багданава. — Важная мэта на перспектыву — пашырэнне гастрольнай дзейнасці ансамбля і праслаўленне нацыянальнай культуры Беларусі.
Віялета ГРЫНКЕВІЧ
Фота з архіва калектыву