Карціны, скульптуры, фатаграфіі, інтэрактыўныя зоны… Выстава “Мода. Паміж прыгажосцю і прымусам”, што працуе ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, не пра стыль, а пра жыццё, пра ўсё, што акружае нас. Для кагосьці гэта падасца выклікам і штуршком перагледзець сваё стаўленне да звыклых рэчаў, а для некаторых — складаным мастацтвам. У кожным выпадку…
Гледачы ацанілі высілкі творцаў: тэрмін працы выставы быў працягнуты праз вялікі попыт. І гэта пры тым, што імёны ўдзельнікаў у большасці нікому не вядомыя.
Чаго не знойдзеш на гэтай выставе, дык гэта ўласна моды. Тут не ўбачыць вычварных убранняў, якімі дызайнеры навыперадкі імкнуцца ўразіць на профільных фестывалях. Няма і гістарычнага або культуралагічнага экскурсу ў стасункі моды і мастацтва. Гэтыя самыя “відавочныя” тэмы нібы наўмысна абмінулі.
Бо задача праекта іншая: мастацкая рэфлексія над модай як свайго кшталту комплексам стэрэатыпаў, што вызначае крытэрыі прыгажосці — ці, прынамсі, на гэта прэтэндуе. Праект ставіць пытанне рубам: ці варта такім крытэрыям давяраць і адпавядаць?
На афішы — цяжкая гіра, прымацаваная да дзявочай касы. Праца аўтаркі Alice.in.Fotoland ілюструе амбівалентнасць моды: з аднаго боку, яна робіць чалавека прыгажэйшым, з іншага — абцяжарвае не заўсёды дасяжнымі стандартамі.
Выставу адкрывае праект “За занавескай”. Гэта вялізная падборка аматарскіх сэлфі, зробленых у прымяральнях. Здавалася б, у такіх здымках няма нічога асаблівага. Ды менавіта ў гэтай звычайнасці і тоіцца ўвесь цымус. Праект — свайго кшталту антытэза гламурнай фэшн-фатаграфіі з яе стаўкай на эксклюзіўнасць. Замест вывераных і карпатліва спрадукаваных вобразаў, над якімі працуе цэлая індустрыя спецыяльна навучаных людзей (мадэльераў, візажыстаў, дызайнераў…), бачым непасрэдныя выразы твараў нашых сучаснікаў.
Выстава ўздымае адно з самых надзённых у сучасным мастацтве пытанняў: што вартае ўвагі, а што не. Стандартны адказ відавочны: прафесійнае фэшн-фота мае куды большую каштоўнасць, ніж звычайны здымак звычайнага чалавека. Але праект перакульвае ўсё з ног на галаву… ці, магчыма, наадварот.
І высілкі маюць пэўны плён: глядзець на сэлфі сваіх “звычайных” сучаснікаў аказалася досыць цікава. Яшчэ цікавей далучыцца да праекта самім: сцены колішняга музея літаральна абрастаюць здымкамі гледачоў.
Тэму “звычайнай” прыгажосці, не адпаведнай навязанай глянцавай культурай стэрэатыпам, актыўна падхопліваюць і іншыя аўтары выставы. Прыкладам, Міша Дайліда абраў сюжэтамі сваіх графічных твораў самыя банальныя праявы рэчаіснасці. А мэтр беларускага канцэптуальнага мастацтва Ігар Саўчанка прапанаваў тыя відэавыявы жаночага цела, якія па- даліся яму адметнымі і прывабнымі. І яны не маюць нічога агульнага з набрынялым эротыкай глянцам, які, на думку маркетолагаў, падабаецца ўсім мужчынам.
На старонках класічных раманаў прадметы гардэроба часта апісаныя падрабязна і з пачуццём — як быццам гэта хай і другарадныя, але ўсё ж дзейныя асобы. Ды сёння масмаркет, што заваліў нас таннымі таварамі, зрабіў адзенне нечым чыста ўтылітарным: набыў, панасіў, выкінуў і забыў...
Не змаўляючыся, многія ўдзельнікі выставы напярэймы імкнуцца вярнуць рэчам іх асабістае жыццё — бо яно неаддзельнае ад біяграфіі гаспадароў. Для яго пошукаў фатограф Андрэй Шчукін выправіўся на блышыны рынак. Гэтая з’ява даўно мае не столькі эканамічны, колькі культурны характар: яна вабіць тым, што рэчы, якія там можна адшукаць, — эксклюзіўныя: кожная мае свой асабісты лёс. Нават калі гэта копія Джаконды, якая чакае пакупніка побач з плюшавай цацкай. І такімі ж непаўторнымі ў сваёй каларытнасці выглядаюць заўсёднікі “поля цудаў” — прынамсі, на здымках Шчукіна.
Максім Бухавец сканцэнтраваў увагу на такім аксесуары, як акуляры. Ён папрасіў розных іх “носьбітаў” парэфлексаваць на гэтую тэму ва ўласным жыцці. Чым адкрыў маленькую скрыначку Пандоры. Выявілася, што ці не кожны “акулярнік” можа падзяліцца цікавым досведам на гэты конт. Праект недарэмна называецца “Унутранае і знешняе”: ён маляўніча дэманструе каласальны ўплыў рэчаў на душэўны стан іх уладальніка.
Сапраўды, прыказка “свая кашуля бліжэй да цела” мае і яшчэ адно значэнне. Наша адзенне абрастае ўспамінамі, надзеямі і марамі — часам няздзейсненымі. Гэтую тэму дасціпна закранае інсталяцыя Вікторыі Батан і Андрэя Новікава “Кансервацыя”. Прадметы гардэробу тут закатаныя ў слоікі, кожны з якіх мае адмысловы подпіс. Напрыклад, “Паспяховае спатканне” або “Проста шкада выкінуць”. Так нашы асабістыя рэчы становяцца матэрыяльным увасабленнем эмоцый гаспадароў. І гэтыя эмоцыі — не раўнуючы бы старыя транты — мы беражліва захоўваем у сваіх шафах ды каморах.
Некаторыя ўдзельнікі выставы акцэнтуюць увагу менавіта на той самай гіры, што прымацаваная да дзявочай касы. Ці, дакладней, удзельніцы. Выстава яшчэ раз сведчыць: жаночы погляд на стандарты жаночай жа прыгажосці вельмі адрозніваецца ад погляду мужчынскага. Калі апошнія могуць успрымаць іх крытычна, першыя часам успрымаюць траўматычна.
Скульптарка Алена Ліпінская называе моду “сродкам сацыяльнага выжывання”: аўтарка прыпадабняе моднае адзенне да поўсці, панцыра або лускі, якія абараняюць жывёліну ў прыродным атачэнні і дазваляюць вытрымаць міжвідавую канкурэнцыю.
Аляксандра Лаўрышкевіч стварае антыканон прыгажосці — дзіўны-дзівосны гібрыд жанчыны і рыбы. Адзначым, таксама па-свойму прыгожа.
А вось Тоня Сідарава ў фотапраекце “Усё найлепшае ўва мне” мяняе “погляд звонку”, схільны да ацэнкі ды параўнання, на суб’ектыўнае ўспрыманне ўласнага цела — успрыманне, якое прыводзіць да прыняцця сябе. Кожная з яе гераінь — а гэта жанчыны рознага ўзросту — павінна была абраць тую частку свайго цела, якая ёй падабаецца, і тую, якая не. Прычым гэтыя фотадуплеты наўмысна не падпісаныя. Таму глядач зазвычай не можа зразумець, дзе плюс, а дзе мінус. Што прыводзіць да высноў адносна ўмоўнасці нават самаацэнкі (не кажучы ўжо пра вонкавую) — і звязаных з гэтым комплексаў.
Выкшлалцоны постмадэрніст Аляксандр Некрашэвіч прадэманстраваў працы з серыі “Чужыя”. Прыкладам, шлюбны партрэт Тэклі Ружы Радзівіл (1720-я) быў пераствораны ў выяву героя згаданага вышэй галівудскага блокбастара. Эфектны ход мае падвойнае дно: увасабляе тую адчужанасць погляду звонку, ды яшчэ і з іншай эпохі.
Урэшце, адзенне спакон веку ўспрымалася як нешта метафарычнае — пачынаючы, прынамсі, ад першых раздзелаў Бібліі, дзе вядзецца пра грэхападзенне Адама і Евы. На выставе такая трактоўка таксама прадстаўленая досыць пераканаўча.
Кацярына Жучэнка, якая мае адукацыю канструктара-мадэльера адзення, прапануе публіцы цікавую інтэрактыўную гульню “Канструктар асобы”. Трэба вымераць свае параметры сантыметрам і супаставіць іх з вызначанымі шаблонамі — каб урэшце прычапіць да сябе цэтлік з надпісам кшталту “Мужчына 54-га памеру”. І ў выніку кожны эксперыментальным чынам прыйдзе да высновы, што “правільных” (то-бок адпаведных нарматывам) фігур у прыродзе не бывае. Атракцыён карыстаецца сярод наведвальнікаў немалой папулярнасцю.
Зразумела, апеляцыя да звыклай кожнаму сістэмы памераў — толькі нагода для выказвання на куды больш важныя тэмы: “Якія ролі і рамкі мяне абмяжоўваюць? Якія з іх мне былі выдадзеныя, а якія я прыдумала/прыдумаў сама/сам? Якія «касцюмы» я забываю здымаць? Якія нормы мне ціснуць, а якія не? І самае галоўнае — што з гэтым рабіць?”
Аўтарка задаецца пытаннем: ці не з’яўляюцца ўсе створаныя намі шаблоны злом? Адказ неадназначны, як і амаль усё ў гэтым свеце: з аднаго боку, стандарты нівелююць індывідуальнасць, а з іншага — спрыяюць паразуменню паміж рознымі суб’ектамі (прычым маюцца на ўвазе не толькі вытворцы адзення і яго пакупнікі).
Выстава яшчэ раз сведчыць: адзенне можа выконваць таксама і ролю абстрактнай метафары. Як, напрыклад, у мінімалісцкай скульптуры Вольгі Орсік: адзін з кутоў бетоннага паралелепіпеду зроблены з белых медыцынскіх халатаў. Тут аўтарка робіць акцэнт на прыродныя ўласцівасці выкарыстаных ёю матэрыялаў: мяккая гнуткая тканіна супрацьпастаўляецца маналітнаму бетону. Ну а праекцыі на рэчаіснасць вольны рабіць кожны з гледачоў… або не рабіць, бо мінімалізм іх і не вымагае.
У тым, што арсенал мастакоў хутка папоўняць магчымасці штучнага інтэлекту, сумнявацца не выпадала. Болей за тое, саркастычныя языкі ўтрапёна цвердзяць, што неўзабаве ШІ зробіць мастакоў беспрацоўнымі.
Пра апошняе не станем сцвярджаць з пэўнасцю, але ясна адно: ужо сёння штучны інтэлект дазваляе аўтару лёгка, бюджэтна і, галоўнае, пераканаўча рэалізаваць свае самыя фантасмагарычныя ідэі. Выдатны прыклад — відэа Георгія Ляпкіна, на якім ён інсцэніраваў вар’яцкі паказ моды. На подыум выходзяць абвешаныя кедамі нямоглыя бабулі, розныя міфічныя стварэнні і нават двухгаловы шкілет, які развальваецца на вачах у здзіўленай публікі. І хаця ўсё выглядае даволі рэалістычна, ніводная жывая істота пры стварэнні гэтай працы не пацярпела — што, вядома, самае галоўнае.
Няма сумневу: ужо заўтра эксплуатацыяй магчымасцей ШІ будзе цяжка кагосьці здзівіць: тэхналогіі гэтыя даступныя ці не для ўсіх. Сам факт іх выкарыстання перастане прыцягваць хоць якую ўвагу, і яны пачнуць успрымацца звыклым інструментам выяўлення аўтарскай ідэі, як пэндзаль або, скажам, фотаапарат. На першы план высунецца аўтарская задума — як і ва ўсіх іншых творах мастацтва.
Як і многія ўдзельнікі выставы, Георгій Ляпкін выступае з крытыкай надмернага кансьюмерызму: яго персанажы падобныя да шапаголікаў, абвешаных непатрэбнымі ім таварамі. “Занурыцеся ў гэты абсурдны свет, дзе спажыванне становіцца ладам жыцця”, — заклікае аўтар, выкарыстоўваючы звыклую для мастацтва гіпербалізацыю.
Такі ж пасыл — але куды больш традыцыйнымі (прынамсі, на сёння) сродкамі — увасабляе ў інсталяцыі “Паглынанне” Настасся Акулава. Гэта свайго кшталту помнік ахвярам спажывання. Антрапаморфная постаць, зробленая з рознага адзення, з’яўляецца “метафарай грамадства спажывання, дзе рэчы не проста займаюць прастору, але і выцясняюць чалавечыя перажыванні, успаміны і сапраўдныя эмоцыі”. Прычым настолькі, што чалавечага ў чалавеку ўжо не застаецца.
У экспазіцыю ўключаныя артэфакты з калекцыі знакамітага Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый. Такое супрацоўніцтва выглядае неспадзяванкай. Здавалася б, што ў гэтай літаральна прасякнутай пахам ладану ўстанове могуць ведаць пра такую хуткаплынную з’яву, як мода?
Ды насамрэч здымкі з музейных калекцый, зробленыя на Веткаўшчыне, а таксама суседняй Браншчыне, не выклікаюць дысанансу ў сучаснага гледача. Пагатоў датуюцца яны, у сваёй большасці, адносна нядаўнім часам — 1970—1980 гадамі.
Здымкі пастановачныя (паспрабуй ты знянацку зняць вясковую кабету “не ў форме”!), але не зрэжэсіраваныя строгім староннім вокам. Скажам, на адным фота бабуля спалучае традыцыйную намітку з гольфам з лагатыпам моднага брэнда. І тым не меней, падораная ўнукам апранаха не пазбаўляе жаночы вобраз арганічнасці. Менавіта дзякуючы апошняй гэтыя фота і ўражваюць сучасную публіку, звыклую да гандлёвых цэнтраў і маркетплэйсаў.
Артэфакты з Веткі суседнічаюць з эфектнай (ад падлогі да столі) скульптурай Сяргея Арышчанкі, якая нібы вяртае нас у часіны, калі футра было не прадметам прэстыжу, а рэччу чыста функцыянальнай — і пры гэтым не пазбаўленай пэўнай эстэтыкі.
У выніку экспазіцыя атрымалася папраўдзе ўзорнай у плане сваёй эфектнасці, выверанасці ды пераканаўчасці. Бадай кожнаму твору спадарожнічае тэкставая эксплікацыя, якая скіроўвае ход думак гледачоў у пэўным напрамку ды не прымушае іх недаўменна паціскаць плячыма.
А што наконт тэмы выставы? Якое напрошваецца рэзюмэ? Дамо слова самім арганізатарам — у анонсе на сайце ncsm.by адзначана: “Мода — гэта адна з праяў чалавечай прыроды з усімі яе супярэчлівымі рысамі, добрымі і дрэннымі: цікаўнасцю, прагненнем да самавыражэння, схільнасцю падтрымліваць традыцыі, прагнненнем усяго новага і пратэсту супраць існага, натуральным памкненнем да развіцця і ўнутранай свабоды, апантанасцю спажываннем і марай аб шчасці”.
Ілья СВІРЫН
Фота аўтара