Народны майстар Рэспублікі Беларусь Валянціна Сільвановіч саткала кіламетры палатна для адзення, распрацавала складаную вышыўку дэталяў сарочак і фартухоў. Ёй удалося расшыфраваць і дакладна паўтарыць аўтэнтычныя ўзоры. Вынікам карпатлівай работы стала ўнікальная калекцыя белаўзорыстых ручнікоў.
— Мне было гадоў сем, калі ўпершыню ўбачыла, як працуюць ткачыхі, — дзеліцца ўспамінамі Валянціна Генрыкаўна. — Мая бабуля, якая памайстэрску валодала гэтым рамяством, перадала навыкі сваім дочкам. У доме адной з цётачак стаяў станок. Збіраліся жанчыны, снавалі і ткалі, а я назірала. Мне ж дазвалялі размотваць скруткі нітак, чым я вельмі ганарылася.
Другі раз з народным мастацтвам будучая майстрыха сутыкнулася ў 2012-м, калі пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка і шаснаццаці гадоў працы ў школе ўладкавалася ў аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Тут развіццём ткацтва ўжо займаліся знаўца мясцовых тэхнік Яўген Маркевіч і яго паслядоўніца Дар’я Маташук. Яны ткалі, а Валянціна шыла народныя касцюмы і паралельна спасцігала прамудрасці старажытнага рамяства: села за кросны па ініцыятыве загадчыка аддзела Алены Шчэлінай, якая і цяпер падтрымлівае яе ў гэтай справе.
Валянціна Сільвановіч з’яўляецца носьбітам элемента “Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння”, які ў 2018-м уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыкакультурных каштоўнасцей нашай краіны.
Асабліва прываблівае майстрыху белаўзорыстае ткацтва. Такія вырабы ні з якімі іншымі не пераблытаеш: на белым палатне — белыя ўзоры, дзіўна! Ткуцца льном па льне, бавоўнай па бавоўне; можа выкарыстоўвацца і шаўковая нітка, але абавязкова белая. Атрымліваецца багатая фактура і светлы край.
— Мы расшыфроўваем этнаграфічныя ўзоры на старых ручніках і робім рэплікі — імкнёмся паўтарыць да самай драбіначкі, — тлумачыць суразмоўца.
Тое ж тычыцца і абхінанак — вялізных клятчастых хустак, якія накідваюцца на плечы. Іх ткуць на асаблівым, двухметровым станку (яго выраблялі спецыяльна па замове цэнтра). Узораў, гледзячы на якія можна стварыць такія ж вырабы, на Гродзеншчыне засталося некалькі. Таму майстры шмат працуюць і на аснове старых фатаграфій.
Да нядаўняга часу белаўзорыстае ткацтва было абсалютным эксклюзівам гэтага краю. Але Валянціна Сільвановіч і яе калегі з радасцю перадаюць веды рукадзельніцам з іншых рэгіёнаў: цудоўным можна і трэба дзяліцца.
Адраджэннем традыцыйнага сялянскага строя Гродзеншчыны і лакальных мясцовасцей Лідскага раёна канца ХІХ — першай паловы ХХ стагоддзя супрацоўнікі аддзела рамёстваў займаюцца дзесяць гадоў. Валянціна Генрыкаўна ўваходзіла ў склад творчай групы аддзела па рэалізацыі маштабнага праекта “Ад мінулага да сучаснага”. У 2017-м калектыў стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва за адраджэнне традыцыйных унікальных тэхналогій ткацтва, стварэнне калекцыі традыцыйнага народнага адзення Панямоння і камплектаў стылізаванага адзення з народнымі матывамі. Валянціна Сільвановіч з цеплынёй распавядае пра калег:
— Вывучае традыцыйныя строі і з’яўляецца кансультантам у стварэнні традыцыйных тканін і пашыву касцюмаў малодшы навуковы супрацоўнік Ірына Дыдышка. Неацэнны ўклад у агульную справу ўносяць народны майстар Рэспублікі Беларусь, мая напарніца ў ткацтве Марыя Шылкоўская і майстар па шыцці Марыя Андрушкевіч, з-пад рук якой ужо больш за пяць гадоў выходзяць нашы касцюмы.
У раёне аўтэнтычных тканых вырабаў засталося мала — іх даўно выцеснілі пакупныя фабрычныя тканіны. Але энтузіясткам удалося адшукаць рарытэты ў вёсцы Збляны — спадніцы, кашулі і нават касцюмы. Супрацоўнічаюць таксама з рознымі музеямі Гродзеншчыны — і там сустракаюцца сапраўдныя скарбы.
Па словах Валянціны Генрыкаўны, гродзенскаму строю ўласцівая сціпласць. У традыцыйных кашулях вышыўка была па разрэзе пазухі, каўнеры і манжэтах. Па нізе выраб ніколі не расшываўся. Колеры выбіралі прыглушаныя. Да прыкладу, у андараку (спадніцы з воўны ў клетку ці ў палосы) пераважалі цёмна-сінія, фіялетавыя, зялёныя адценні. Але заўсёды ўкраплялася яркая нітка — малінавая, аліўкавая або белая, якая ішла асобнай тоненькай палоскай. Жаночыя галаўныя ўборы былі прадстаўлены ў асноўным хусткамі, у больш раннім перыядзе — каптурамі, часам з “вушкамі”. Іх характэрная асаблівасць — белая аблямоўка па вышываных “вушках” і па пярэдняй частцы, якая атуляла лоб.
Лідскія майстрыхі — заўсёдніцы айчынных творчых святаў, фестываляў, выстаў. З радасцю сустракаюць іх і за мяжой. Год таму яны ў складзе дэлегацыі Гродзеншчыны прадстаўлялі родны край на ВДНГ у Маскве, сёлета ў лютым — у Дзелавым і культурным комплексе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расіі.
— З сабой вазілі станок, на якім я паказвала, як ствараецца наш белаўзорысты цуд, — расказвае Валянціна Сільвановіч. — Беларускім традыцыйным мастацтвам цікавіліся і захапляліся многія, у тым ліку моладзь, і гэта асабліва парадавала. Кожны жадаючы змог сесці за кросны і паспрабаваць паткаць, што нязменна выклікала захапленне.
Валянціна Генрыкаўна актыўна ўдзельнічае не толькі ў выставачнай дзейнасці, яна вядзе кружок па ткацтве, майстар-класы па пляценні паясоў на ніце і ткацтве на кроснах. І ахвочых асвоіць народныя промыслы заўсёды шмат: у цэнтры праходзяць экскурсіі, разгортваюцца экспазіцыі з інтэрактыўнымі элементамі, вялікая ўвага надаецца рабоце з дзецьмі. Народны майстар упэўнена: калі ты беларус, то мусіш ведаць культуру роднай краіны! І стараецца дапамагчы ўсім жадаючым яе спазнаць.
Святлана ЧЭКАЛАВА
Фота з архіва гераіні