Нацыянальную кінастудыю “Беларусьфільм” узначаліў Дзмітрый Сямёнаў.
Назначэнне Дзмітрыя Сямёнава на пасаду генеральнага дырэктара Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” 27 сакавіка ўзгадніў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.
Міністр культуры, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі прадставіў калектыву новага кіраўніка 7 красавіка. Да гэтага Дзмітрый Сямёнаў працаваў загадчыкам сектара культуры ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Адміністрацыі Заводскага раёна Мінска, дырэктарам Палаца дзяцей і моладзі “Золак” і Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, а з красавіка 2024-га быў намеснікам начальніка ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама.
— На папярэдніх пасадах Дзмітрый Сяргеевіч праявіў сябе як моцны кіраўнік, чалавек выдатных прафесійных і асобасных якасцей, — адзначыў міністр культуры.
Руслан Іосіфавіч уручыў генеральнаму дырэктару студыі “Беларусьфільм” пасведчанне і пажадаў прадуктыўнай працы. Дзмітрый Сямёнаў у адказ падзякаваў Прэзідэнту, міністру і ўсяму апарату профільнага ведамства за давер.
— Апошняе прадпрыемства, якое я ўзначальваў, — Беларускі дзяржаўны тэатр лялек — дасягнула поспехаў у прыцягненні гледачоў і выкананні мэтавых паказчыкаў. Цікавасць да ўстановы прыкметна ўзрасла, а заработная плата супрацоўнікаў павысілася на 40 %, — распавёў Дзмітрый Сяргеевіч і выказаў спадзяванне, што сумеснымі намаганнямі ўсе пастаўленыя перад кінастудыяй задачы таксама будуць выкананы найлепшым чынам.