Творчы падыход — і ўзлёт

Апублiкавана: 07 красавiка 2025 Стужка Музыка Мінск Максіма маладых

Аўтар: ГРЫНКЕВІЧ Віялета

Вышэйшы бал падчас нацыянальнага адбору да “Славянскага базару ў Віцебску” займела Валерыя Бернатовіч. Зараз перад маладым талентам стаіць вялікая і адказная задача — годна прадставіць Беларусь на XXXIV Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск”.

Маштабнае спаборніцтва з году ў год праводзіцца ў рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. За ганаровую місію прадстаўляць у конкурсе Беларусь змагаюцца таленавітыя артысты з усіх куткоў краіны, а ў фінал нацыянальнага адбору праходзяць самыя моцныя і яркія выканаўцы. Сёлета прэтэндэнтаў на перамогу ў дарослай намінацыі было дзесяць. Харызму і творчую індывідуальнасць удзельнікаў ацэньвала прафесійнае журы, у выніку дыплом пераможцы атрымала навучэнка Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. 

— Валерыя, як пачаўся ваш шлях у свет музыкі? 

— У мяне з дзяцінства было шмат творчай энергіі — спачатку накіроўвала яе ў танцы. Сур’ёзна займацца імі пачала ў пяць гадоў, а крыху пазней, дзякуючы бабулі, паспрабавала сябе ў вакальным мастацтве. Неўзабаве паступіла ў музычную школу, дзе ўпершыню выйшла на сцэну. І вось ужо каля дзесяці гадоў спяваю! Адметная рыса майго характару — заўсёды даводзіць справу да канца, не спыняцца на паўдарозе да мэты. Не дзіўна, што пытанне з прафесіяй вырашылася дастаткова хутка: сумневаў, што хачу звязаць жыццё менавіта з музыкай, не ўзнікала. 

— А хто дапамог раскрыць ваш талент? 

— Педагог Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, член Міжнароднай асацыяцыі выкладчыкаў вакалу Вольга Ігараўна Міранчук. Вось ужо тры гады яна займае асаблівае месца ў маім творчым жыцці — і сэрцы. Разам з ёй мы прайшлі вялікі шлях, вынікам якога стала перамога ў нацыянальным адборы. 

— Гэта ваша першая спроба патрапіць на “Славянскі базар у Віцебску”? 

— Раней не замахвалася на спаборніцтва такога ўзроўню. У нашай краіне ёсць шмат маштабных пляцовак, дзе артысты могуць рэалізаваць свае творчыя памкненні. Але са “Славянскім базарам…” мяне звязваюць асаблівыя пачуцці: з маленства глядзела і дзіцячы, і дарослы конкурсы па тэлевізары, уяўляла сябе на вялізнай сцэне. І ўсё атрымалася! 

— Але ж якая праца за гэтым стаіць… 

— Да адбору рыхтаваліся доўга і ўпарта. Акрамя Вольгі Ігараўны, надзвычай дапамагала таленавіты педагог, кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву Беларусі “Сябрынка” Таццяна Трухан. Разам за месяц да фіналу мы паспелі палепшыць праграму, зрабіць новыя аранжыроўкі і абнавіць харэаграфію, каб выступленне атрымалася яшчэ больш яркім, цікавым і запамінальным. 

— У першым туры ўдзельнікі выконвалі славянскія хіты, у другім — сусветныя. Чым здзіўлялі вы? 

— Першая песня — “Аднойчы” (музыка Яўгена Алейніка, словы Ганны Сялук), другая — “Ain’t nobody” гурта Rufus. Абедзве кампазіцыі ў эмацыйным плане вельмі імпануюць мне, выконваю іх з вялікім задавальненнем. 

— Што дапамагло настроіцца на поспех? 

— Падтрымка ўважлівых, адкрытых і эмацыйных гледачоў! Пасля выступленняў бурныя апладысменты яшчэ доўга не змаўкалі. Станоўчы водгук неверагодна важны, бо ён імгненна паказвае: тваё выкананне ацанілі. Бясконца натхняла таксама творчасць Ганны Благавай. На беларускай эстрадзе яна з’яўляецца маім эталонам. 

— Нарэшце вам уручылі запаветны дыплом пераможцы... Што адчулі ў гэты момант? 

— Я так старанна і доўга ішла да яго, што мяне захліснула цэлая бура цёплых пачуццяў… Радасць была настолькі моцнай, што я расплакалася прама на сцэне! Велізарную ролю адыграла і адчуванне інтрыгі, якая захоўвалася да апошніх хвілін. Прыкладна я разумела, якімі вакальнымі дадзенымі валодаюць сапернікі і што выконваюць, паколькі са многімі пазнаёмілася нашмат раней. Але іх выступленні не слухала: гэта замінае маёй канцэнтрацыі, павялічвае хваляванне. Таму ацаніць свае шанцы на вышэйшую ўзнагароду было дастаткова складана. 

— Што для вас значыць гэтая перамога? 

— “Славянскі базар у Віцебску” — грандыёзная падзея ў культурным жыцці нашай краіны. Прайсці адбор на такі знакаміты фестываль — сур’ёзная адказнасць і вялізны крок у маёй кар’еры, уздым на высокую прыступку. 

— Раней вы ўдзельнічалі ў рэспубліканскай культурна-грамадскай акцыі “Марафон адзінства”. Атрыманы досвед, напэўна, дапамог на шляху да нацыянальнага фіналу? 

— Падчас марафону аб’ездзіла ўсе гарады, што былі ў маршруце праекта. У дуэце з Арцёмам Скаралем для ўдзельнікаў акцыі выконвалі песні “Код ДНК”, “Сапраўды”, выступалі спікерамі на “НЯнудных НЯлекцыях” у шматлікіх установах адукацыі. Дзясяткі пляцовак, тысячы гледачоў, насычаны графік — бясцэнная практыка для маладога артыста! 

— Не так шмат часу засталося да “Славянскага базару”. Чым пацешыце нас у ліпені? 

— Магчыма, тымі ж кампазіцыямі, што і на нацыянальным адборы. Зараз складана сказаць адназначна: праца над праграмай фестывалю ў самым разгары! Але на эмацыйным узроўні я ўжо гатова да конкурсу, пачуваюся сабранай. Я павінна годна выканаць ускладзеную на мяне місію і апраўдаць чаканні тых, хто дапамог дасягнуць высокіх вынікаў. 

Віялета ГРЫНКЕВІЧ