У лютым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, згодна з якім дзяржаўных узнагарод удастоены 45 прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці. Медалём “За працоўныя заслугі” ўганараваная начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч.
Падчас вучобы ў БДУ імя У.І. Леніна будучы гісторык Алена Клімовіч праходзіла архіўную, музейную, археалагічную і педагагічную практыкі. Веды спатрэбіліся і ў працы школьным настаўнікам, і калі вырашыла паспрабаваць сябе ў музейнай дзейнасці. У 1999-м яе прынялі малодшым навуковым супрацоўнікам навукова-асветніцкага аддзела ў Гродзенскі дзяржаўны гісторыкаархеалагічны музей. Стараннасць і ініцыятыўнасць маладога работніка кіраўніцтва заўважыла адразу, і неўзабаве Алена Віктараўна ўзначаліла аддзел.
— Тыя чатыры гады прыгадваю як вельмі цікавую частку жыцця, — дзеліцца ўспамінамі суразмоўца. — Гэта цяпер мы часам вымушаныя спыняць продаж квіткоў у Стары замак, бо пакуль яго праектная ёмістасць не дазваляе прыняць усіх жадаючых адначасова. А тады змагаліся за кожнага наведвальніка. Вялі праекты, звязаныя з музейнай педагогікай. Адзін з самых светлых — “Сямейныя нядзельныя сустрэчы ў музеі”. Клапаціліся, каб усім было цікава і камфортна. Напрыклад, каб экскурсіі не стамілі малых, шылі падушачкі, на якія яны маглі прысесці ў зале.
У 2003-м Алену Клімовіч запрасілі галоўным спецыялістам па музеях і ахове гісторыка-культурнай спадчыны ва ўпраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама, у 2012-м прапанавалі пасаду намесніка начальніка, а ў 2018-м — начальніка ўпраўлення. Пад яе кіраўніцтвам працуюць сем спецыялістаў, якія курыруюць розныя напрамкі: спецыяльную адукацыю, прафесійныя калектывы, музеі і інш.
— Сфера культуры Гродзеншчыны — гэта 580 устаноў, якія аб’яднаны ў 120 юрыдычных асоб: тэатральна-відовішчныя арганізацыі і музеі, установы бібліятэчнага тыпу і кінатэатры, клубныя ўстановы і заапарк, дзіцячыя школы мастацтваў і мастацкія школы. У іх працуюць сем тысяч чалавек. І наша задача выбудаваць іх работу так, каб вынік поўнасцю адпавядаў пастаўленым мэтам, — гаворыць кіраўнік. — Важны складальнік дзейнасці — узаемадзеянне з арганізацыямі раёнамі і Гродна, з Беларускім саюзам мастакоў і Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Шмат увагі надаём пытанням узвядзення аб’ектаў манументальнага мастацтва, правядзенню мерапрыемстваў.
Ва ўпраўленні выбудавана дзейсная праца са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб. Найбольш актуальныя пытанні пра змяненні заканадаўства аб правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў — тлумачым, кансультуем. Людзі прыходзяць і з ініцыятывамі: прапануюць зладзіць прэзентацыю кнігі, арганізаваць выставу, цікавяцца, ці можна паказаць у музеі прыватную калекцыю або выступіць на сцэне падчас свята.
Гродзенскі рэгіён асаблівы: звыш 700 захаваных аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, каля паловы з іх — помнікі грамадзянскай, культавай архітэктуры і замкі. Праводзіцца сістэмная работа па іх аднаўленні — перш за ўсё ў рамках дзяржпраграм “Замкі Беларусі” і “Культура Беларусі”. Адкрыўся пасля частковай рэканструкцыі і кансервацыі Гальшанскі замак, працягваюцца работы ў Крэўскім, Лідскім, Навагрудскім, Мірскім замках і ў Старым — у Гродне. У іх адраджэнне дзяржава ўкладвае вялікія грошы, выкарыстоўваюцца і пазабюджэтныя крыніцы. Ёсць яшчэ і аб’екты 3-й катэгорыі — менш знакавая, радавая забудова, якая, тым не менш, вельмі каштоўная для канкрэтнага рэгіёна ці населенага пункта. Паколькі ўзгадненне праектнай дакументацыі для правядзення рамонтных работ на такіх аб’ектах, а таксама прадастаўленне кансультацый ажыццяўляецца ў рамках юрысдыкцыі аблвыканкама, да нас паступаюць звароты і па гэтых пытаннях, якія рашаем.
— У 2018 годзе Гродзенскі аблвыканкам даў даручэнне рэгіёнам вобласці: кожны райцэнтр павінен мець сваё брэндавае мерапрыемства. Затым задачу дэталізавалі — ідэя закранула ўжо кожнага аграгарадка, — распавядае Алена Віктараўна. — Раённыя адміністрацыі, установы культуры і творчыя людзі ахвотна адгукнулісяна ініцыятыву. У аснову свят леглі мясцовыя традыцыі і гісторыя, свой асаблівы каларыт. І цяпер усе 17 раёнаў, а таксама горад Гродна, сталі вядомымі дзякуючы ў тым ліку і сваім брэндам. Прычым у некаторых мясцовасцях іх па некалькі. Так, Аўгустоўскі канал славіцца не толькі маштабнымі мерапрыемствамі “Аўгустоўскі канал запрашае сяброў” і “Свята мора”, але і маленькім — “Сапоцкінская пісанка”, што звязана з элементам з Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Ганненскі кірмаш у Зэльве, 2024
Немагчыма ўявіць Гродна без Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, Астравец — без маладзёжнага свята “АтамДвіж”, Ліду без яе крэатыўных задумак або Крэва без замка і фестывалю-кірмашу, які праходзіць у яго сценах. Гэта і “Смаргонскія абаранкі” — мерапрыемства, заснаванае на традыцыях выпечкі абаранак і існавання ў Смаргоні ў XVII—XVIII стагоддзях “Мядзведжай акадэміі”. А як не ўспомніць пра каравай-фэст “Бацькава булка” ў Свіслачы! За тры гады ён стаў адным з самых вядомых брэндавых мерапрыемстваў Беларусі.
Культурная афіша Гродзеншчыны поўная цікавых падзей. Паводле слоў Алены Клімовіч, стратэгічным напрамкам з’яўляецца падрыхтоўка да святкавання 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. У Слоніме пройдзе ўнікальны фестываль сямейнай творчасці “Жывіце ў радасці”. Большы размах атрымаюць леташнія навінкі, сярод іх — гастрафэст “Воранаўскі дранік” у аднайменным аграгарадку.
Святлана ЧЭКАЛАВА
Фота аўтара і з архіва гераіні