З душы народа

Фальклорны ансамбль “Журавінка”, вядомы сваім непаўторным стылем і разнастайным рэпертуарам, сапраўдны сімвал жывой культурнай традыцыі і гонар Іванавай Слабады. Пра самабытны калектыў з Палесся распавядае яго кіраўніца Наталля Забаўка.

Наталля Мікалаеўна з дзяцінства была ўцягнута ў культурнае жыццё роднай вёскі Тонеж. Дзяўчына актыўна ўдзельнічала ў працы мясцовага дома культуры, спявала разам са старэйшымі жанчынамі і збірала фальклор, наведваючы старажылаў. 

— Народныя песні — гэта не проста музыка, а жывая гісторыя, якая адлюстроўвае глыбіню пачуццяў і эмоцый. Гукі, прасякнутыя шчырымі перажываннямі, што надае ім асаблівую ўніверсальнасць і нязгасную каштоўнасць, — адзначае Наталля Забаўка. 

Прафесійны шлях Наталлі Мікалаеўны пачаўся з працы бібліятэкарам пасля пераезду ў Слабаду. У 2008-м яна атрымала дыплом Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, а з 2016-га ўзначаліла Слабадскі дом культуры, разам з ім і “Журавінку”. 

— Наша вёска заўсёды славілася талентамі. Мелодыя суправаджала тут і святы, і будні. Менавіта гэтая традыцыя стала асновай для творчай суполкі, створанай у 1987 годзе Ганнай Сакалоўскай. З цягам часу калектыў выйшаў за межы роднай вёскі, прадстаўляючы сваю творчасць на шматлікіх мерапрыемствах Гомельскай вобласці, у тым ліку на святочным канцэрце да Дня Незалежнасці і ўрачыстасцях, прысвечаных вызваленню Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — распавядае Наталля Мікалаеўна. — Ужо ў 1992-м ансамблю было прысвоена званне “Народны”, а ў 2002-м мы атрымалі ганаровы статус “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь”. 

ТВОРЧАЯ СКАРБНІЦА 

Сёння “Журавінка” аб’ядноўвае дванаццаць удзельніц ва ўзросце ад 40 да 85 гадоў. Жанчыны не проста спяваюць народныя песні — яны жывуць імі, захоўваюць мелодыі мінуўшчыны, перадаючы моладзі спрадвечную культуру. Іх галасы гучаць гэтак жа звонка, як і шмат гадоў таму гучалі спевы іх бабуль і прабабуль. 

— У нашым рэпертуары сабраны сапраўдныя скарбы фальклору: сямейна-абрадавыя, каляндарна-земляробчыя, пасляабрадавыя, працоўныя і нават жартоўныя песні, — пералічвае Наталля Забаўка. — Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца творы “Каблучок”, “Месяц”, “Страданне”, “Матлёт”, “Нарэчанька”. І, вядома, наша візітная картка — прыпеўкі “Ёлачкі-сасёначкі”. Гэтыя вясёлыя напевы ствараюць асаблівую энергетыку, заражаюць гледачоў радасцю і запалам. 

“Журавінка” — гэта не толькі песні і танцы, але і сапраўдны жывы музей беларускай культуры. Неад’емнай часткай сцэнічнага вобраза ансамбля застаюцца касцюмы, створаныя ўручную. Кожны строй адлюстроўвае традыцыйныя мастацкія асаблівасці рэгіёна — колеравую гаму, узоры і характэрны арнамент. Вышытыя кашулі, паясы, спадніцы, галаўныя ўборы — усе гэтыя элементы не проста дэкор, а жывы код нацыянальнай ідэнтычнасці. 

З ВЁСКІ НА ЭКРАНЫ 

Ансамбль з гонарам прадстаўляе сваю мясцовасць на прэстыжных мерапрыемствах. Асаблівае месца ў яго гісторыі займае першы фестываль этнакультурных традыцый “Клiч Палесся”, дзе “Журавінка” выступала на адной сцэне з Дзяржаўным акадэмічным хорам імя Цітовіча і легендарным гуртом “Песняры”. 

У 2011 годзе творчая група прадставіла ў Мінску абрад “Юр’я” на рэгіянальнай кансультацыйнай сустрэчы экспертаў ЮНЕСКА. 

Сапраўднай падзеяй стала выступленне ў 2022-м на рэспубліканскім свяце “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”), дзе “Журавінка” падзяліла сцэну з Яўгенам Ермалковічам (праект “Зінаіда Фурор”). У тым жа годзе калектыў шырока адзначыў 35-гадовы юбілей. 

Дзейнасць ансамбля таксама ўключае захаванне народных традыцый. 

— Мы ладзім калядныя і купальскія абрады, народныя гулянні на Масленіцу і Вялікдзень. Гэта дапамагае не толькі зберагчы культурныя карані, але і зацікавіць моладзь, якая з задавальненнем далучаецца да нашых мерапрыемстваў, — распавядае Наталля Мікалаеўна. 

Ансамбль неаднаразова з’яўляўся на тэлебачанні: у праграмах “Запрашаем на вячоркі”, “Раніца. Студыя добрага настрою”, “Наперад у мінулае”, дзе паказаў абрады “Слабадское вяселле”, “Слабадскія каляды”, “Чырка”. 

ЗВЯЗАНЫЯ ПЕСНЯЙ 

— Наш калектыў — гэта вялікая сям’я, — кажа Наталля Забаўка. — Мы падтрымліваем адна адну, радуемся поспехам і натхняемся на новыя здзяйсненні. Нягледзячы на розніцу ва ўзросце, нас аб’ядноўвае шчырая любоў да народнай песні і культуры. 

Тыя, хто ўпершыню знаёміцца з “Журавінкай”, здзіўляюцца нязгаснай энергіі і ўнутранай сіле ўдзельніц, сярод якіх нямала жанчын старэйшага ўзросту. Кожная з іх напаўняе выступленні яркімі эмоцыямі і сапраўдным запалам, быццам захоўвае ў душы жар-птушку. 

Сёлета творчая суполка зноў пацвердзіць сваё ганаровае званне Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь. Няма сумнення, што “Журавінка” і далей будзе радаваць гледачоў, перадаваць наступным пакаленням спеўную спадчыну продкаў. 

Ганна КАЛІНІНА 

Фота з архіва ансамбля