Прэмію Віцебскага аблвыканкама ў намінацыі “Найлепшы сельскі Дом культуры” надоечы атрымаў Дом культуры аграгарадка Дабрамыслі, філіял Лёзненскай цэнтралізаванай клубнай сістэмы.
Загадвае СДК Аляксей Агееў. За ўклад у развіццё культуры Беларусі Аляксей Міхайлавіч, які ў гэтай сферы працуе ўжо 46 гадоў, летась удастоены нагруднага знака Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
— У маленстве мне давялося пакалясіць па Савецкім саюзе, — распавядае Аляксей Міхайлавіч. — Нарадзіўся я 11 сакавіка 1955 года ў Лёзне. Потым наша сям’я з’ехала ў Казахстан — паднімаць цаліну. Бацька, Міхаіл Фёдаравіч, быў дырэктарам саўгаса, атрымаў медаль за засваенне цалінных земляў. Праз некаторы час мы перабраліся ў сяло Чумікан на ўзбярэжжы Ахоцкага мора. І заўсёды з намі “падарожнічалі” музычныя інструменты — на іх ігралі ўсе родныя, разам з дзецьмі, якіх было пяцёра. Памятаю: ледзь споўнілася пятнаццаць, я ў клубе пад гітару, не ведаючы замежнай мовы, спяваю англійскія песні, а дарослыя танчаць, — было вельмі радасна.
Аляксей Міхайлавіч тлумачыць, што любоў да музыкі ў сям’і перадаецца з пакалення ў пакаленне. Яшчэ яго дзядуля, Фёдар Іосіпавіч Агееў, віртуозна граў на скрыпцы, дырыжыраваў аркестрам Лейб-гвардыі Праабражэнскага палка пры імператары Мікалаі II і быў узнагароджаны чатырма Георгіеўскімі крыжамі і медалямі.
Але ў Аляксея звязаць жыццё са сферай культуры атрымалася не адразу. Пасля заканчэння васьмі класаў юнак паступіў у Хабараўскае рачное вучылішча, пасля яго заканчэння два гады хадзіў штурманам-механікам на цеплаходах. Потым уся сям’я вярнулася на Радзіму, у Беларусь.
— Прыехаў, а прафесіі грамадзянскай няма, — працягвае расповед Аляксей Агееў. — Уладкаваўся працаваць трактарыстам у ПМК у Дабрамыслях. Цётка, работнік культуры, бачыла, як я граю на баяне і наогул трапятліва стаўлюся да музыкі, настаяла, каб атрымаў вышэйшую адукацыю — “культурную”. Так, прайшоўшы навучанне на падрыхтоўчым аддзяленні Мінскага інстытута культуры, я стаў студэнтам “эстраднага дырыжыравання”.
У ВНУ хлопец з першага курса быў грамадскім актывістам: старастам групы, камсаргам, старшынёй вучэбна-выхаваўчай камісіі інстытута, перадавіком-камандзірам будатрада. Уменне арганізоўваць людзей і весці за сабой спатрэбілася і ў далейшай працы: спачатку ў якасці дырэктара Дома культуры ў вёсцы Бабінавічы, потым — кіраўніка РДК у Лёзне, а з 1981-га — загадчыка Дабрамыслінскага Дома культуры.
— Люблю фантазіраваць, — прызнаецца Аляксей Міхайлавіч. А калегі падказваюць: не толькі прыдумляць, але і ўвасабляць ідэі! За час працы Аляксея Агеева ў Доме культуры было рэалізавана шмат буйных праектаў. Гэта “Крыніца талентаў” і “Крыніца талентаў. Дзеці”, “Парад творчых сем’яў” і “Дабрабачанне” (прымеркаваны да Года малой радзімы).
“І хлебам вітаем, і песняй”. Выступае вакальная група “Сваякі”
Але галоўным загадчык ДК называе фестываль “Песні сунічных бароў”, які праходзіў у Дабрамыслях на працягу дзесяці гадоў.
— Я пішу вершы і песні — іх ужо каля паўтысячы. Вось і вырашыў аб’яднаць людзей, якія таксама займаюцца гэтай творчасцю, — распавядае Аляксей Агееў. — Да нас прыязджалі артысты з розных куткоў вобласці і нават з Расіі. Мерапрыемства праводзілі на прыродзе, з вогнішчамі. І фестываль так прыйшоўся народу даспадобы, што было вырашана зрабіць яго брэндавым мерапрыемствам Лёзненскага раёна.
Сёлета стартаваў новы праект Аляксея Агеева — “Ад усёй душы сярод сяброў”. І артысты, і гледачы тэлефануюць арганізатару, дзякуюць.
— Для ўдзелу запрасіў культработнікаў раёна: цікавыя людзі, хацелася пазнаёміць з іх творчасцю шырокую публіку, — кажа Аляксей Міхайлавіч. — Вось Тамара Дзмітрыеўна Дзядкова — знакаміты ў нашым раёне чалавек: 90 гадоў, а яна па-ранейшаму ў страі. Выконвае беларускія народныя песні а капэла — заслухаешся! У яе рэпертуары шмат і аўтарскіх твораў.
Загадчык ДК плануе праводзіць такія сустрэчы кожныя два месяцы. У Доме культуры рэалізуюцца і іншыя праекты. Да прыкладу — “XXI стагоддзе бярэ разбег”, першы тур якога прайшоў у снежні. А ў планах навінка — “Фестываль наймудрэйшых” — праект з удзелам пажылых людзей.
Усяго ў Доме культуры шчыруюць, з улікам Аляксея Агеева, пяць творчых работнікаў. Маленькі, але працаздольны калектыў не толькі паспяхова займаецца праектнай дзейнасцю, але і ладзіць шматлікія канцэрты. Вакальную групу “Сваякі” добра ведаюць і з нецярпеннем чакаюць работнікі сельскай гаспадаркі, якіх самадзейныя артысты цешаць творчасцю і ў сценах ДК, і ў полі. Тон задае загадчык: баян у яго руках не проста інструмент, а крыніца радасці для навакольных. Гледачы заўсёды рады вакальным групам “Сяброўкі” і “Тэмбр”, цёпла вітаюць дзіцячае аматарскае аб’яднанне “Непаседы”. Калектывы ДК неаднаразова станавіліся пераможцамі і лаўрэатамі конкурсаў, аглядаў, фестываляў.
Аляксей Агееў іграе на гітары, клавішных і духавых інструментах, але самым любімым застаецца баян. Г.п. Лёзна, свята “Масленічныя разгуляй — 2025”
І ў кабінеце Аляксея Міхайлавіча — больш за 60 асабістых дыпломаў і грамат. Асабліва ён ганарыцца гран-пры абласнога конкурсу творчых сем’яў “Мір вашаму дому”, дзе выступаў разам з роднымі. Жонка, Таццяна Міхайлаўна, працуе ў Доме культуры, кіруе народнай студыяй аўтарскай песні і паэзіі. Улетку пара адзначаць залатое вяселле. Любоў да мастацтва бацькі выхавалі і ў сына Алега, і ў дачкі Таццяны. Лічаць: культура — сацыяльная памяць, без яе немагчыма гарманічнае грамадства.
Святлана ЧЭКАЛАВА
Фота з архіва героя