У Крэве Смаргонскага раёна працягваецца кансервацыя муроў аднаго з самых адметных і знакавых помнікаў краіны, якія адраджаюць сёння, — замка канца XIII — пачатку XIV стагоддзя.
Тут будуць захаваныя і сляды пазнейшых падзей — нямецкія доты, прыбудаваныя да сцен падчас Першай сусветнай вайны, калі праз мястэчка праходзіла лінія фронту. Прыведзеныя да ладу рэшткі замка могуць зрабіцца акурат той разынкай, якой не ставала, каб турыстычны патэнцыял Крэва выйшаў на новы ўзровень.
Як адзначыў намеснік міністра культуры Сяргей Саракач, на 2025 год прадугледжана фінансаванне работ на тэрыторыі замка з рэспубліканскага бюджэту на суму 1,84 мільёнаў рублёў. Сёлета плануюць скончыць рэстаўрацыйныя работы па паўднёва-ўсходняй сцяне, закальцаваўшы перыметр замка, пасля чаго можна будзе прыступаць да добраўпарадкавання прылеглай тэрыторыі.
Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі Беларусі IX—XVIII стагоддзяў і археаграфіі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Алег Дзярновіч паведаміў, што нядаўна быў раскапаны краевугольны камень закладкі трэцяй замкавай вежы. Сама гэтая вежа была пабудаваная пазней за дзве астатнія, і доўгі час пытанне яе існавання заставалася дыскусійным.
Работы па часовай кансервацыі на Крэўскім замку распачаліся у 2017-м у рамках Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі”, тады замкавую вежу накрылі дахам. З таго часу выкананая кансервацыя трох сцен і вежы, а ў чэрвені 2018 года былі распачатыя пастаянная кансервацыя і аднаўленне паўночна-заходняй сцяны. Цяпер праводзіцца кансервацыя паўднёва-ўсходняй сцяны. У будучыні плануецца рэстаўрацыя вежы і яе прыстасаванне пад музейную экспазіцыю, а таксама рэканструкцыя з прыстасаваннем пад адміністратыўнае памяшканне будынка сінагогі пачатку ХХ стагоддзя, які размешчаны побач з замкам.
Яшчэ на пачатку 2017-га ля сцен замка былі праведзеныя геалагічныя даследаванні — тады замкавы падворак часткова расчысцілі ад буйных камянёў для пад’езду тэхнікі, якая зрабіла свідравіны і ўзяла ўзоры грунту. Геалагічныя даследаванні праводзяцца з мэтай высветліць, ці дастаткова моцныя сцены, ці не абрынуцца яны ў працэсе рэканструкцыі.
Цэгла для вонкавай кладкі сцен выраблена амаль уручную, каб максімальна адпавядаць выгляду старой муроўкі. Сцены адносна добра захаваліся ўнізе, але чым вышэй, тым яны танчэйшыя, камяні і цэгла з часам вылятаюць і асыпаюцца. Уверсе старую цэглу часта даводзіцца разбіраць і класці новую. Для ўмацавання сцен унізе выкарыстоўваюцца таксама камяні. Вышыня сцен, якія захаваліся, — да дзевяці метраў. У паўночна-заходняй сцяне, між іншага, адноўлены адзін з двух праёмаў, праз якія ў замак трапляла вада, — мяркуецца, што на падворку быў вадаём, якім карысталіся жыхары замка.
Вежа крэўскага замка ўяўляе з сябе данжон і выкарыстоўвалася як для абароны, так і ў якасці жытла. У выпадку аблогі данжон мог быць ператвораны ў аўтаномны цэнтр абароны: калі разабраць ці спаліць драўляныя галерэі, то ўваход у вежу на ўзроўні трэцяга паверха робіцца недаступным для ворага. Данжонаў, якія захаваліся хаця б часткова, на тэрыторыі Беларусі ўсяго два. Другі — славутая вежа ў Каменцы, што размешчана асабняком. Таму крэўскі данжон — адзіны ў сваім родзе: да яго прымыкаюць муры. Экскурсаводам ёсць што распавесці гасцям замка: менавіта ў гэтай вежы быў задушаны ў 1382 годзе на загад вялікага князя літоўскага Ягайлы яго дзядзька і канкурэнт у барацьбе за княжацкі пасад Кейстут, і менавіта адсюль толькі цудам здолеў уцячы яго сын Вітаўт. На другім ярусе, хутчэй за ўсё, захоўвалася зброя, на трэцім ярусе размяшчаліся княжыя пакоі, а на чацвёртым — дамовая царква. Пасярэдзіне ярусаў вежы стаяў апорны слуп, на які абапіраліся гатычныя нервюрныя скляпенні. Сцены ярусаў былі ўпрыгожаныя — археолагі знаходзілі тут багата рэштак тынкоўкі са слядамі роспісу. Адметна, што замак у Крэве быў адным з апошніх на тэрыторыі Беларусі, які будаваўся яшчэ для абароны толькі ад халоднай зброі — агнястрэльная з’явілася пазней. Пра гэта сведчаць знойдзеныя падчас археалагічных раскопак у замку так званыя балты — наканечнікі ад стрэл для арбалетаў.
Злева ад вежы, калі глядзець звонку, можна пабачыць масіўны контрфорс — выступ са сцяны, які робіць яе больш устойлівай. Гістарычна яго тут не было, ён з’явіўся толькі падчас кансервацыі, якая праводзілася польскімі ўладамі ў 1929 годзе. Акрамя контрфорса, сляды міжваеннай кансервацыі можна бачыць на замкавай вежы — навейшая цэгла вылучаецца сваім чырвоным колерам. Работы ў міжваенныя гады абмежаваліся кансервацыяй, рэстаўрацыю вежы і сцен палякі не праводзілі.
У леташнюю “Ноч музеяў” адкрылася экспазіцыя ў Малой вежы, прысвечаная гісторыі Крэва падчас Першай сусветнай вайны. Менавіта тут кайзераўскія салдаты абсталявалі доўгатэрміновы агнявы пункт, сляды якога былі захаваныя пры рэстаўрацыі. Цяпер тут можна пабачыць артэфакты Першай сусветнай, адшуканыя падчас археалагічных даследаванняў на тэрыторыі замка. Сляды той вайны дагэтуль застаюцца арганічнай часткай крэўскага жыцця. Так, яшчэ адзін нямецкі агнявы пункт можна знайсці праз дарогу ад замкавай брамы, ля сцен сінагогі, проста на падворку ў мясцовых жыхароў. Цікавае спалучэнне сярэднявечных умацаванняў і фартыфікацыі пачатку ХХ стагоддзя таксама можа прывабіць у Крэва аматараў вайсковай гісторыі — тым больш што ў ваколіцах мястэчка ёсць яшчэ багата іншых слядоў Першай сусветнай з жалеза і бетону — дотаў, бункераў, артылерыйскіх пазіцый.
Антон РУДАК
Фота аўтара