З пачуццём абсалютнага шчасця

Больш за 35 гадоў Святлана Лявонцьева працуе галоўным захавальнікам фондаў Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава. А ўсяго сваёй установе яна прысвяціла амаль паўстагоддзя.

Стаж сур’ёзны, ды Святлана Іванаўна прызнаецца: 

— Няма адчування стомленасці і жадання спыніць працоўную дзейнасць. Ёсць пачуццё абсалютнага шчасця: я там, дзе павінна быць, і займаюся тым, што люблю! Сярод маіх продкаў, якія родам са старажытнага бесарабскага горада Акермана (цяпер Белгарад-Днястроўскі), былі стараабрадцы. Таму вывучаць гісторыю гэтай рэлігійнай плыні для мяне вельмі цікава. Ува мне цячэ шмат рознай крыві — руская, украінская, малдаўская, польская... Але Беларусь стала для мяне родным і вельмі цёплым домам. 

МУЗЕЙ, ЯКІ МАЕ ДУШУ

— Рашэнне аб стварэнні музея было прынята ў 1978-м. А наступным летам мы прыйшлі сюды ўладкоўвацца з Галінай Нячаевай, абедзве — выпускніцы філфака Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, якія працавалі ў сельскіх школах, — распавядае Святлана Лявонцьева. — Заснавальнік і першы дырэктар музея Фёдар Шкляраў адразу папярэдзіў: шмат чаго мы будзем рабіць самі. Мы і не падазравалі, што давядзецца займацца зусім не “жаночым рукадзеллем”: у ход ішлі малаткі, стамескі, сякеры... Фёдар Рыгоравіч задумаў, каб у музеі і вароты, і дзверы, і парэнчы былі разьбяныя. Ён быў майстар на ўсе рукі, і мы імкнуліся дапамагаць, чым маглі. А заробак быў малюсенькі. Часам мы скардзіліся, дык ён у адказ: “У вас такая (!) праца, а вам за яе яшчэ і грошы плацяць! Гэта вы дзяржаве павінны прыплачваць”. 

І праўда, работа была вельмі цікавая. Амаль штотыдзень мы адпраўляліся ў экспедыцыі — выязджалі па стараабрадніцкіх паселішчах, здабывалі экспанаты для музея. Вывучалі іх, запаўнялі дакументацыю, фармавалі калекцыі, стваралі выставы. Пастаянная экспазіцыя была адкрыта 1 лістапада 1987 года. Праз год, на вялікі жаль, наш дырэктар памёр. Установу ўзначаліла Галіна Нячаева, а я стала галоўным захавальнікам фондаў. 

З кожным годам мы пераконваліся ўсё больш, што нам удалося стварыць не проста збор экспанатаў: наш музей мае душу! Спачатку ты яго гадаваў, як дзіця, потым глядзіш — а гэта ўжо ён на цябе ўплывае, і ты імкнешся быць вартым яго.

ДАСЛЕДАВАННІ ЯК АСНОВА 

— Чым займаецца галоўны захавальнік? Найперш гэта вялікая адказнасць за ўсё, што ёсць ў музеі, — распавядае суразмоўніца. — Трэба праводзіць інвентарызацыю, запаўняць інвентарныя кнігі, кнігі асноўнага паступлення, акты прыёмкі экспанатаў ад дарыльшчыкаў, іншай дакументацыі — яе штодзённа шмат. Адсочваць, у якім стане экспанаты, накіроўваць іх рэстаўратарам (у музеі іх пяць), адбіраць прыдатныя для стварэння выстаў. І яшчэ вельмі важны складнік працы — даследаванне. Калі атрымліваеш новы прадмет, то імкнешся высветліць дасканала яго прызначэнне, гісторыю, хто ім валодаў — пытанняў шмат, і на іх неабходна знайсці адказы. Толькі праз глыбокае вывучэнне можна вярнуць рэчы жыццё! 

У кожнага з супрацоўнікаў музея ёсць напрамкі, якім ён надае павышаную ўвагу. Нехта займаецца вывучэннем ткацтва ў кантэксце фальклорных і абрадавых традыцый, іншы — семантыкай беларускага арнаменту, хтосьці — іканапісам, або дэкаратыўна-прыкладной творчасцю, ці народным касцюмам. Прыярытэт Святланы Лявонцьевай — кніжная культура. 

— Больш блізкая тэма, па якой абараняла дысертацыю, — “Мастацтва рукапіснай кнігі Веткаўска-Старадубскага рэгіёна XVIII — пачатку XX стагоддзя”. І калі нам удалося ўкараніць у навуку такія паняцці, як веткаўская школа іканапісу, веткаўскія стыль, арнамент і веткаўска-старадубскія традыцыі рукапіснай кнігі, гэта шмат што значыць! Мы вядзём унікальны слоўнік майстроў Веткаўска-Старадубскага рэгіёна канца XVII — пачатку XX стагоддзя. У ім ужо больш за 180 імёнаў, 145 з якіх аднавілі мы.

Па кансультацыі да нас звяртаюцца ўстановы, калекцыянеры, таму мы абавязаны ведаць шмат. Да таго ж вывучаны матэрыял становіцца асновай для лекцый і дакладаў, у тым ліку для выступленняў на навуковых канферэнцыях, у якіх часта ўдзельнічаем. 

Вялікая частка працы — стварэнне тэматычных выставак. Дзякуючы ім удаецца прадэманстраваць найбольшай колькасці гледачоў прадметы, якія ёсць у фондах. Экспазіцыі размяшчаюцца не толькі ў самім музеі, але і ў Гомельскім філіяле. Дарэчы, 21 сакавіка ў ім адкрылася выстава “Заснавальнік”, прысвечаная стагоддзю з дня нараджэння Фёдара Шклярава.

“ПАГУТАРЫЛІ!” 

Святлана Іванаўна праводзіць шматлікія экскурсіі. Яна ўпэўнена: тое, як наведвальнікі ўспрымуць прапанаваны матэрыял, наколькі здзівіць, зачаруе іх кожны прадмет, залежыць ад экскурсавода. 

— І калі бачыш, што здолеў выклікаць у чалавека моцныя пачуцці — радасць, захапленне, а часам і слёзы, — гэта зараджае неверагоднай энергіяй, — распавядае Святлана Лявонцьева. — Неяк склалася, што кожная мая сустрэча з гасцямі музея завяршаецца добрай гутаркай. Людзі дзеляцца эмоцыямі, і гэта неацэнныя моманты. Нядаўна да нас прыйшоў хлапчук гадоў сямі з бацькамі. Сур’ёзна слухаў, распытваў, а пры развітанні сказаў: “У вас асаблівы музей. Я дакладна ведаю, бо шмат дзе быў”. Я цікаўлюся: “Чым асаблівы?” Ён у адказ: “Мы з вамі пагутарылі!” Вельмі кранальна... 

А ўвогуле ў музеі спісана шмат тамоў Кнігі падзяк. У іх — пра нашы неверагодныя калекцыі, пра новыя веды, якія наведвальнікі запазычылі з экскурсій. А яшчэ аб тым, што ніякая лічбавізацыя не заменіць чалавечыя стасункі. 

Святлана ЧЭКАЛАВА 

Фота з архіва гераіні