Трэцякурсніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Дар’я Ганчарэвіч увайшла ў топ-10 на сёлетнім конкурсе “Міс Глобал”, апярэдзіўшы наймацнейшых саперніц з розных краін свету. Гэта сведчыць аб высокім узроўні айчыннай школы прыгажосці і цудоўных якасцях нашай гераіні.
Рашэнне Нацыянальнай школы прыгажосці выбраць Дар’ю, каб яна прадставіла рэспубліку на міжнародным форуме, абгрунтаванае. Дзяўчына займаецца мадэлінгам з 13 гадоў, перамагла ў конкурсе “Міс Беларусь — 2021”, мае неверагодную харызму і заўсёды працуе з высокай аддачай.
— У падлеткавым узросце я была вышэйшая за многіх аднагодкаў і худзенькая, — прыгадвае суразмоўніца. — Мама перажывала, што пачну камплексаваць з-за знешнасці, таму прывяла ў Нацыянальную школу прыгажосці, дзе выхаванкі падобнага целаскладу. Мне там спадабалася: стала сваёй сярод сваіх, адкрыліся новыя гарызонты і магчымасці. Важным для сябе лічу і паступленне ў БДУКМ на факультэт культуралогіі і сацыяльна-культурнай дзейнасці. На кожным занятку не толькі атрымліваем глыбокія профільныя веды, але і праходзім грунтоўную гуманітарную падрыхтоўку. Мая будучая спецыяльнасць — арганізатар мерапрыемстваў. Ужо напрацоўваю прафесійны вопыт у арганізацыі дзіцячых фестываляў, што дапаможа рухацца ў гэтым напрамку далей.
Для ўдзелу ў “Міс Глобал — 2025” было заяўлена 65 прэтэндэнтак з розных краін свету. Аднак пяць дзяўчат дыскваліфікавалі.
— Правілы строгія, на працягу двух конкурсных этапаў у Камбоджы і Тайландзе арганізатары знаходзіліся з намі пастаянна. Прычым пра іх намеры немагчыма было здагадацца, — распавядае Дар’я. — Мы мелі цесныя зносіны з пераможцай “Міс Глобал — 2017”, але ж да самага фіналу не ведалі, што яна акажацца ў журы. Між тым Барбара Хуліяна дэ Мела Вітарэлі пільна назірала за намі ў розных сітуацыях, што дазволіла ёй зрабіць высновы аб характары і чалавечых якасцях кожнай.
Спаборніцтва праводзілі ў некалькі этапаў. Спачатку — дэфіле ў дызайнерскіх касцюмах з элементамі харэаграфіі. Папярэдне ўдзельніцы прайшлі адбор, які вызначыў, хто ў якой лініі будзе стаяць. Беларуску запрасілі ў самую прэстыжную, першую: адбіліся заняткі танцамі ў дзяцінстве.
Шмат кампліментаў Дар’я атрымала, калі выйшла на сцэну ў нацыянальным беларускім строі, які шылі ў нашым Вялікім тэатры. Журы і публіка падкрэслілі: вобраз вельмі лірычны. Падчас традыцыйнага дэфіле ў купальніках Дар’я таксама выглядала цудоўна.
— Завяршальны інтэлектуальны конкурс стаў сур’ёзным выпрабаваннем, — прызнаецца суразмоўніца. — Кожнай з нас выпадкова трапілася тэма, раскрыць якую трэба было на англійскай мове за 30 секунд (гэта разам з прывітаннем, развітаннем!). Тэмы розныя — пра мігрантаў, раўнапраўе мужчын, жанчын і іншыя. Мне дасталася fast fashion — “хуткая мода”. Я ведала, пра што варта казаць: масмаркет-брэнды капіруюць даражэйшыя брэнды і прапануюць свае калекцыі па нізкіх цэнах — і шматлікія пакупнікі аддаюць перавагу таннейшым вырабам. Аднак, лічу, арыгінал заўсёды лепшы за копію! Гэта датычыцца не толькі адзення. На жаль, дарэшты разгарнуць думку не паспела: мая англійская мова хоць і больш дасканалая за базавую, але не ідэальная. Падобную акалічнасць трэба ўлічваць дзяўчатам, якія мараць аб конкурсах такога ўзроўню.
Але ў выніку Дар’ю ацанілі высока.
— Мне падаецца, як падчас “Міс Беларусь — 2021”, так і зараз журы разгледзела маю шчырасць. Я чалавек, які ніколі не выконвае “прызначаную” ролю, — падкрэслівае прыгажуня.
Сапраўды, нават распавядаючы пра сваё падарожжа, дзяўчына адкрыта дзеліцца перажываннямі, думкамі, назіраннямі.
— Вельмі важна адчуваць падтрымку блізкіх. У мяне цёплыя адносіны з мамай. Яна паважае маё меркаванне і рашэнні, без яе дапамогі ў мяне б нічога не атрымалася. Бязмерна ўдзячная за гэта і ў цэлым за выхаванне. У паездцы ж я была адна, без каманды. Але грэла тое, што ўся Нацыянальная школа прыгажосці, родныя, сябры і нават незнаёмыя людзі былі са мной на сувязі, нягледзячы на розніцу ў часе, — прызнаецца Дар’я. — А яшчэ я сумавала па Радзіме, па сваім, беларускім, родным — па нашай гаворцы, чысціні, ежы і свежым паветры, па людзях і стаўленні беларусаў адзін да аднаго. У Камбоджы і Тайландзе для нас арганізоўвалі экскурсіі. Бясспрэчна, у гэтых краінах цікавыя культура, архітэктура, традыцыі. Але багата кантрастаў. На вуліцах бачыла шмат дзетак, і яны не такія, як нашы. Сэрца сціскалася…
Дарэчы, сэрца ў Дашы баліць і за братоў нашых меншых. У якасці міс Беларусь — 2021 яна займалася дабрачыннасцю.
— З дзяўчатамі-фіналісткамі праводзілі паказ мод — выступалі з жывёламі з пункта часовага ўтрымання. Як мы радаваліся, калі пасля шоу некалькіх з іх забралі ў сем’і! Таксама арганізавалі па ўсёй краіне збор сродкаў на корм для бяздомных жывёл. Для добрых спраў заўсёды можна і трэба знаходзіць час.
Што тычыцца планаў, наша гераіня адзначае:
— Досыць даўно я не працавала як мадэль — падумваю вярнуцца ў гэтую сферу. Буду рада паўдзельнічаць у падрыхтоўцы прадстаўніц нашай краіны да міжнародных конкурсаў, падзялюся ведамі і вопытам, якія набыла сама. Працягну выкладаць дзецям дэфіле ў Нацыянальнай школе прыгажосці — гэта маё любімае хобі, у якое ўкладваю душу.
А самае важнае на цяперашнім этапе — паспяхова закончыць універсітэт і рэалізаваць сябе ў прафесіі, якую зараз атрымліваю.
Пажадаем жа дзяўчыне здзяйснення ўсіх мар.
Святлана ЧЭКАЛАВА
Фота з архіва гераіні