У Міністэрстве культуры раскрылі дэталі XXXIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.
Як расказала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў Міністэрства культуры Іна Адамовіч, сёлетняе свята выклікала асаблівы ажыятаж:
— Заяўкі на набыццё білетаў дырэкцыя атрымлівае з лютага. Гэта сведчыць, што цікавасць да падзеі з кожным годам расце, як і прыток турыстаў у Рэспубліку Беларусь.
Ключавыя тэмы XXXIV “Славянскага базару ў Віцебску” — 80-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, 75-годдзе народнага артыста Беларусі Васіля Раінчыка, 70-годдзе народнай артысткі Расійскай Федэрацыі Ларысы Долінай і заслужанага дзеяча мастацтваў Расійскай Федэрацыі Кіма Брэйтбурга.
Традыцыйна асноўныя мерапрыемствы праграмы — урачыстае адкрыццё і гала-канцэрт. Запланаваны таксама шматлікія тэатральныя і выставачныя праекты, ініцыятывы для моладзевай аўдыторыі і многае іншае.
— Склад удзельнікаў хутка з’явіцца на афіцыйных рэсурсах дырэкцыі фестывалю і Міністэрства культуры. Будуць прыцягнуты самыя яркія і маштабныя фігуры, зоркі сусветнай велічыні, — заўважыла Іна Мар’янаўна.
У якасці вядучых выступяць некалькі пар ад Беларусі, Расіі ды іншых краін.
— Вялікую цікавасць заўсёды выклікаюць міжнародныя конкурсы, якія збіраюць артыстаў з усіх кантынентаў, — адзначыла спецыяліст. — Замежныя нацыянальныя адборы працягваюцца. Прадстаўнікі Рэспублікі Беларусь — таленавітыя Амалія Сухан і Валерыя Бернатовіч — пагружаны ў актыўную падрыхтоўку. Кандыдаты вызначаны таксама ў Расійскай Федэрацыі і ў іншых краінах постсавецкай прасторы. У найбліжэйшы час прыём заявак завершыцца.
З кожным годам, паводле слоў Іны Адамовіч, маштабная культурная падзея прываблівае ўсё больш краін, у прыватнасці такіх аддаленых, як Зімбабвэ, Нігерыя, Алжыр.
— Спадзяёмся, што сёлета геаграфія фестывалю працягне пашырацца і ўзбагачацца, — падкрэсліла прадстаўнік міністэрства.