Арына Чырыца — стыпендыятка спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі, прызёр шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў — распавядае пра шлях у прафесію і сакрэты поспеху.
— Арына, адкуль з’явілася любоў да музыкі?
— Дзіўна, што з чатырох пакаленняў нашай сям’і ажно 14 чалавек прысвяцілі сябе педагогіцы ў разнастайных галінах, але сферу музыкі абышлі бокам. Наватарам стаў старэйшы брат Іван, які асвоіў кларнет. Цікавасць да творчасці зарадзілася дзякуючы яму. Ужо ў дзевяць гадоў казала ўсім, што стану музыкантам! Многія не надавалі значэння гэтым словам. Але я сур’ёзна настроілася на працу.
— І як складаўся шлях да запаветнай мэты?
— Пачалося ўсё з флейты. Але па патрабаванні брата, які чамусьці разгледзеў ува мне саксафаністку, паступіла на адпаведны кірунак у мінскую дзіцячую музычную школу мастацтваў №14. Сустрэла там Вольгу Вітальеўну Селівонік — педагога з вялікай літары, маю пуцяводную зорачку. Бязмерна ўдзячная ёй за цярпенне і мацярынскае стаўленне, веру ў мае сілы, настаўленні і дальнабачнасць, падтрымку да апошняй секундачкі! Цяпер працягваю ўдасканальвацца ў Музычным вучылішчы імя Гнесіных у Маскве, дзе атрымліваю кваліфікацыю артыста і выкладчыка.
— Важным фактарам развіцця з’яўляецца сцэнічная дзейнасць. Калі вы зрабілі першыя крокі ў гэтым напрамку?
— Падчас адкрытага рэгіянальнага фестывалю-конкурсу “Шанц”, дзе ўзяла дыплом лаўрэата II ступені. Тады мне было восем гадоў. Гэтая перамога і натхніла на далейшае развіццё здольнасцей. Дысцыплінаванасць, мэтанакіраванасць, працавітасць, удумлівае і адказнае стаўленне да заняткаў прывяло да годных вынікаў. Высокія ўзнагароды ўдалося заваяваць у такіх буйных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, як “Свята саксафона — 2024”, JAZZ-TIME у 2023-м, Grodno Young Jazz і “Сярэбраныя фанфары” ў 2022-м, “Музыка надзеі” і Tutti- jazz у 2021-м і многіх іншых.
— Якія важныя высновы зрабілі для сябе пасля шматлікіх спаборніцтваў?
— Распаўсюджана меркаванне, што ўдзельнікі дзеляцца на пераможцаў і тых, хто прайграў. Не згодная з такім падыходам. Любы конкурс — каласальны вопыт, асаблівая атмасфера і хвалюючае адчуванне сцэны, магчымасць праявіць свае здольнасці і атрымаць асалоду ад праграмы іншых выканаўцаў, адкрыць нешта новае. Гэта неацэнны дар, які дастаецца табе незалежна ад высокіх ці нізкіх адзнак журы.
— Вынік пазітыўнага падыходу і стараннасці — бліскучае выступленне на ІІІ Рэспубліканскім адкрытым конкурсе выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах імя В.В. Волкава…
— Удзельнічала ў спаборніцтве яшчэ ў 2021 годзе. Дайшла да другога туру, але заваяваць прызавое месца не ўдалося. Затое ў 2024-м закрыла нарэшце “гештальт” са званнем лаўрэата I ступені. Гэта было ярка, феерычна, душэўна, кранальна, пазнавальна! Якасная арганізацыя і святочная атмасфера — заслуга работнікаў мінскай ДМШМ №14, на базе якой рэалізуецца мерапрыемства. Удзячная, у прыватнасці, дырэктару Генадзю Іванавічу Пінчуку, завучу Інэсе Іванаўне Клеўжыц, загадчыку аддзялення драўляных духавых інструментаў Анатолю Васільевічу Яйчуку.
— Якія магчымасці адкрыліся дзякуючы перамозе?
— Я апынулася на вялікай сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі падчас справаздачнага канцэрта мінскіх дзіцячых школ мастацтваў “Мы — дзеці сталіцы”. А самае галоўнае — прысуджэнне прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Нечаканая і прыемная навіна аб узнагародзе заспела мяне ў Маскве. Безумоўна, прызнанне на такім узроўні матывуе на далейшую працу! Вельмі ўдзячна Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і радзе спецфонду за ўвагу.
— Хто дапамог дасягнуць высокай планкі?
— Асаблівы ўклад у маё творчае станаўленне ўнеслі моцныя настаўнікі — сапраўдныя прафесіяналы, якіх пашчасціла сустрэць у школе і вучылішчы. Велізарная ў дасягнутым і роля бацькоў. Яны заўсёды суправаджалі мяне на конкурсах, слухалі ўсе выступленні, падтрымлівалі і давалі парады. Дзякуючы маме кожны сцэнічны вобраз выглядаў унікальна, а касцюм падбіраўся пад характар кампазіцыі. Натхнялі таксама выбітныя музыканты: Мікіта Зімін — адзін з найярчэйшых прадстаўнікоў рускай школы акадэмічнай ігры на саксафоне, Марсэль Мюль — заснавальнік французскай школы, джазавы выканаўца Кені Гарэт, кампазітар Дэвід Сэнбарн і непараўнальны Луі Армстранг.
— Калі зазірнуць у будучыню, то вы…
— Зараз мая галоўная задача — паспяхова скончыць вучылішча. Імкнуся да актыўных аркестравых і сольных выступленняў, удзелу ў цікавых праектах, у прыватнасці ў Міжнародным конкурсе саксафаністаў імя А.К. Глазунова ў Маскве.
У перспектыве спадзяюся прадстаўляць Беларусь на сусветнай сцэне, а таксама перадаваць назапашаны досвед малодшаму пакаленню. За ўсім гэтым стаіць працяглая і ўпартая праца. Трэба запасціся цярпеннем і дысцыплінай, каб ажыццявіць усе задумкі!
Віялета ГРЫНКЕВІЧ
Фота з архіва гераіні