У міжнародных конкурсах “Славянскага базару ў Віцебску” нашу краіну прадставяць 19-гадовая Валерыя Бернатовіч і 12-гадовая Амалія Сухан. Гэта вынік фінальных праслухоўванняў 15 сакавіка ў сёлетняй культурнай сталіцы — горадзе Іванава на Брэстчыне.
Фінал нацыянальнага адбору па традыцыі ператварыўся ў два паўнавартасныя канцэрты з трансляцыяй у прамым эфіры БТ-3. Апроч канкурсантаў, сваё майстэрства дэманстравалі ранейшыя лаўрэаты, мясцовыя калектывы, члены журы. Да некаторых з іх мы звярнуліся па каментарыі.
Уладзімір ГРОМАЎ, народны артыст Беларусі, вядучы саліст Вялікага тэатра, старшыня журы дарослага адбору:
— Конкурс ёсць конкурс, пераможца адзін. Але наперадзе ва ўсіх — пастаянная праца. Зычу маладым спевакам больш яркага выяўлення сябе на сцэне, каб гледачы бачылі сапраўдную радасць ад творчасці і магчымасці падзяліцца ёй з публікай. І яшчэ памятайце: голас — такая ж індывідуальнасць чалавека, як адбіткі пальцаў. Не хавайцеся за чужой манерай, не страчвайце сваё “я”. Шукайце сябе — і абавязкова знойдзеце!
Анжаліна МІКУЛЬСКАЯ, дырэктар прадзюсарскага цэнтра “Спамаш”:
— Удзельнікі парадавалі добрым рэпертуарам, складанымі кампазіцыямі. Але нашы адборачныя туры апошнім часам значна памаладзелі. Замежныя ж спевакі, што прыязджаюць спаборнічаць у Віцебск, — часцяком добра спрактыкаваныя артысты з багатым канцэртным вопытам, бо ўзроставы цэнз конкурсу — ажно да 31 года. А ў Валерыю Бернатовіч мы верым. У яе ёсць для перамогі ўсё: і выдатны вакал, і вялікі сцэнічны досвед канцэртных выступленняў сола і ў дуэце.
Ганна МАТОРНАЯ, галоўны рэжысёр Вялікага тэатра Беларусі, прафесар Акадэміі музыкі:
— Я першы раз на такім адборы, але з некаторымі ўдзельнікамі даводзілася працаваць пры падрыхтоўцы святочнага канцэрта да Дня Незалежнасці. І працаваць напружана! Бо спевакі павінны звяртацца да педагогаў, рэжысёраў. Пажадана і да кампазітараў, аранжыроўшчыкаў, каб у песні ўлічваліся найлепшыя якасці выканаўцы і яна была добра абкатана, стаўшы, па ўмовах конкурсу, славянскім хітом. Пераможца ж вылучалася добра падабраным рэпертуарам, моцнай падрыхтоўкай. Валерыя вучыцца ў каледжы мастацтваў, з ёй працавалі выдатныя спецыялісты.
Валерый ШМАТ, заслужаны артыст Беларусі, кампазітар, лідар арт-групы “Беларусы”:
— Раней я часта быў у журы дзіцячых адбораў і неаднойчы заўважаў, што дзеці бываюць больш падрыхтаванымі, чым дарослыя ўдзельнікі, бо з імі працуе цэлая каманда прафесіяналаў. Прырода гуку такая, што голас мы ўспрымаем “знутры”, зусім не так, як ён гучыць у зале на публіку. Таму нават найлепшыя спевакі свету да апошніх дзён канцэртавання маюць педагогаў па вакале. На праслухоўванні ж некаторым бракавала вопыту, нехта не спраўляўся з сучаснымі выканальніцкімі прыёмамі, асабліва джазавымі. Нягледзячы на нязначныя хібы, моладзь у нас таленавітая, ёсць добрыя галасы з вялікім дыяпазонам — гэта той прыродны патэнцыял, над якім трэба працаваць. Маю надзею, што ў хуткім часе мы іх пачуем на самых знакавых канцэртных пляцоўках!
Максім РАСОХА, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра імя М. Фінберга, старшыня журы дзіцячага адбору:
— Трэці год запар у першы конкурсны дзень дзеці будуць выступаць у Віцебску ў суправаджэнні нашага аркестра. На цяперашніх праслухоўваннях у якасці песні па выбары часцей быў сусветны хіт, як у дарослых. Думаю, надалей выкладчыкі пераглядзяць айчынныя песні, звярнуцца да “песняроўскай” класікі, якая дае выканаўцам багатыя магчымасці.
Алена АТРАШКЕВІЧ, старшыня Беларускага саюза кампазітараў, старшыня камісіі “Мастацтва эстрады (спевы)” Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, намеснік старшыні журы:
— Назіраю за юнымі выканаўцамі пастаянна, многіх чула не ўпершыню і разумела, што на ўдзел у “Славянскім базары” рэальна будуць прэтэндаваць шасцёра-сямёра дзяцей. Усё вырашала тое, як яны пакажуцца на фінальным адборы. Галасаванне было максімальна празрыстым, ніхто ні з кім не дамаўляўся: пасля кожнага выступлення ўсе члены журы перадавалі сваю паперку з выстаўленым балам, як гэта даўно прынята на тым жа “Белазаўскім акордзе” ў Жодзіне. У нас вельмі моцныя дзеці! З харызмай, артыстызмам, унутранай музычнасцю.
Аляксандр САЛАДУХА, заслужаны артыст Беларусі, пастаянны ўдзельнік “Славянскага базару ў Віцебску”:
— Я быў старшынёй журы Міжнароднага дзіцячага конкурсу на фестывалі ў Віцебску ў 2020-м. І заўважыў, як за гэты час узрос узровень нашых фіналістаў — гэтак жа, як і ўсё ў краіне ўзрастае-квітнее, ва ўсіх галінах. Сярод цяперашняй дзясяткі ўдзельнікаў былі цалкам гатовыя артысты!
Маргарыта АЛЕКСАНДРОВІЧ, народная артыстка Беларусі, вядучая салістка Музычнага тэатра, прафесар БДПУ імя М. Танка:
— Арганізацыя цудоўная, былі створаны ўсе ўмовы, што выяўляе клопат краіны пра дзяцей. Узрадаваў прафесіяналізм педагогаў: яны займаюцца не толькі вакалам, а развіваюць выхаванцаў усебакова. Атрымалася сапраўднае шоу!
Надзея БУНЦЭВІЧ