У рытмах джаза

Статус культурнай сталіцы Беларусі сёлета мае горад Іванава. Ганаровы тытул не толькі падкрэслівае багатую спадчыну мясцовасці, але і дае новы імпульс развіццю творчых ініцыятыў. Эстрадна-джазавы ансамбль Minimal Groove Band, які дзейнічае пры раённым Цэнтры культуры і народных традыцый, — адзін з яскравых прадстаўнікоў музычнай супольнасці рэгіёна. Аб здабытках і планах калектыву распавёў яго кіраўнік Яўген Шыршоў.

ІНТАРЭС ДА МАСТАЦТВА 

Ансамбль нездарма стаў часткай урачыстай цырымоніі адкрыцця рэспубліканскай акцыі “Іванава — культурная сталіца Рэспублікі Беларусь — 2025”, якая адбылася 22 лютага. Бо гэтым дзейнасць гурта ў рамках вялікага творчага праекта не абмяжоўваецца. 

— Калектыў зноў возьме непасрэдны ўдзел у арганізацыі і правядзенні II Міжнароднага фестывалю джазавай музыкі “Янаў Джаз 2025”. Упершыню мерапрыемства адбылося ў 2024-м і першапачаткова задумвалася як біенале. Але статус культурнай сталіцы ўнёс свае карэктывы — мы вырашылі не чакаць два гады і правесці свята сёлета. Гэта добры шанц для “раскачкі” нашага форуму. Таксама абмяркоўваецца магчымасць сольнага канцэрта ансамбля ў канцы года, — дзеліцца планамі Яўген Аляксандравіч. 

На думку кіраўніка Minimal Groove Band, творчая дзейнасць у Іванаве актыўна развіваецца. 

— Інтарэс да культуры ў нашым горадзе працягвае расці. Вядома, 2025-ы — асаблівы, але работа над мастацкімі праектамі ідзе пастаянна. Вядучыя калектывы абнаўляюць рэпертуар, удасканальваюць майстэрства, а ўлады аказваюць падтрымку ў плане матэрыяльна-тэхнічнай базы. Наш ансамбль уносіць свой уклад ва ўмацаванне іміджу горада, бо джазавыя суполкі — рэдкасць нават на ўзроўні вобласці, — распавядае Яўген Шыршоў. 

СТЫЛЯВЫЯ АСАБЛІВАСЦІ 

Ансамбль з’явіўся ў 2011-м з ініцыятывы былога начальніка аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама Уладзіміра Шаляговіча, які, на жаль, ужо пайшоў з жыцця. У 2015-м гурт атрымаў званне “Народны”. За час існавання склад калектыву неаднаразова змяняўся, і сёння ён уяўляе сабой унікальнае спалучэнне інструментаў: рытм-секцыя (электра- і бас-гітара, клавішы, перкусія, ударныя), тры духавыя і скрыпка. 

Назва таксама мае сваю гісторыю. 

— Я прыдумаў такое імя ў 2012-м, калі рыхтавалі першы сольны канцэрт. Groove — знак якасці ў музыцы, тое, што “качае”. У джазе і року гэтае слова выкарыстоўваецца пастаянна. Але тады ў нас было мала досведу, мінімальны груў — вось і нарадзілася назва Minimal Groove Band, — тлумачыць Яўген Шыршоў. 

Асаблівы почырк ансамбля праяўляецца ў рэпертуары, аранжыроўках і салістычных імправізацыях. Дарэчы, паслухаць калектыў можна будзе 25 красавіка ў Баранавічах на фестывалі Brand New Jazz, затым — на “Янаў Джаз 2025”, які мусіць адбыцца 14 чэрвеня.

РАЗВІЦЦЁ ПРАЗ РЭПЕРТУАР 

Выбар кампазіцый патрабуе ўважлівага падыходу. Штогод калектыў рыхтуе дзве-тры складаныя інструментальныя конкурсныя п’есы. 

— Раней гэта былі біг-бэндавыя свінгі і шафлы, цяпер больш схіляемся да сучаснага джаза. Астатнюю праграму стараемся зрабіць даступнай для шырокай аўдыторыі, — расказвае Яўген Аляксандравіч. 

Значная частка рэпертуару праходзіць праз аўтарскую аранжыроўку. У розныя перыяды калектыў спрабаваў ствараць уласныя кампазіцыі. 

— З 2012 па 2014-ы мы разам з Андрэем Зайцам, адным з кіраўнікоў ансамбля таго часу, пісалі аўтарскія творы, пераважна ў стылі фанк. Нам удалося прадставіць іх не толькі на канцэртах, але і на конкурсах, дзе наша гучанне атрымала высокую ацэнку калег-музыкантаў. Магчыма, у будучыні мы вернемся да гэтых распрацовак, — паведаміў Яўген Шыршоў. 

Гурт актыўна працуе з моладдзю, прыцягваючы юных музыкантаў да сумесных выступленняў. З 2023-га да калектыву на пастаяннай аснове далучыўся вучань Шыршова Павел Лось, які скончыў Баранавіцкі музычны каледж па класе электрагітары. 

— Мы — настаўнікі школы мастацтваў, таму стараемся прывіваць дзецям любоў да джаза. Таленавітыя выпускнікі нашых музыкантаў уступаюць у склад ансамбля, а найлепшыя вучні выходзяць з намі на адну сцэну, і гэта цудоўная традыцыя, якую хочацца захаваць, — адзначае суразмоўца. 

ФЕСТЫВАЛІ І АМБІЦЫІ 

Калектыў удзельнічаў у многіх прэстыжных фестывалях, сярод якіх “Гродна Джаз 2017”, “Джазавыя вечары ля Ратушы” ў Мінску, Art Jazz Cooperation у Луцку, Jazz May 2023 у Пензе. 

Што датычыцца планаў, у Яўгена Шыршова ёсць запаветная мара: 

— Галоўнае — захаваць стабільнасць складу. Хочацца, каб музыканты заставаліся ў горадзе і ў ансамблі, а “Янаў Джаз” з году ў год станавіўся ўсё больш маштабным. 

Minimal Groove Band не проста гурт, а візітная картка джазавага Іванава. І мяркуючы па амбіцыях яго ўдзельнікаў, назва сёлетняй культурная сталіцы яшчэ не раз прагучыць на музычнай карце Беларусі і за яе межамі. 

Ганна КАЛІНІНА 

Фота з архіва калектыву