Пяць букетаў за вечар

Апублiкавана: 02 красавiка 2025 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Наведвальніцы ТЮГа атрымалі з нагоды 8 сакавіка “Букет”. Нават не адзін, а адразу некалькі — і запар, і нават разам. Як паказалі першыя прагляды, спектакль мае карыстацца неверагодным попытам.

АД П’ЕСЫ ДА СПЕКТАКЛЯ 

П’еса “Букет” маладога, але ўжо не аднойчы ўганараванага расійскага драматурга Яны Старадуб-Афанасьевай вельмі прыдатная для антрэпрыз. Дзве дзеі пабудаваны на паўторнасці сітуацыі, дзе агрэсар і ахвяра мяняюцца месцамі. У астатнім усё заснавана на дыялогах-спрэчках, што патрабуюць акцёрскай пераканаўчасці. Таму ў спектаклі могуць быць занятыя ўсяго двое артыстаў (пажадана зорных) на двух зэдліках, і ў дадатак — папярэдні запіс відэатэлефанаванняў. 

Маскоўскі рэжысёр Аляксандр Несцераў не абмежаваўся гэтым мінімумам і зрабіў паўнавартасную тэатральную пастаноўку, выціснуўшы з п’есы ўсё, што магчыма і нават немагчыма. Літаратурны тэкст атрымаў значную рэдактуру з гульнёй слоў, крыху змяніўся фінал, дадаліся дакладныя мінскія назвы, адрасы, што робяць аповед “праўдзівым” і яшчэ больш смешным. Акцёрскі склад пашырыўся да дзвюх пар: апроч бацькоў, іх дачка Каця з жаніхом Маціясам. 

Мастак ТЮГа Ларыса Рулёва стварыла шматузроўневую сцэнаграфію на некалькі лакацый. На першым плане — фрагментарныя абрысы гарадской кватэры: стол, два крэслы, канапка, частка сцяны з недаклеенымі шпалерамі. На другім — пляцоўка для шматлікіх музычна-танцавальных уставак, што сталі прыкметай несцераўскага почырку. Рэжысёр візуалізуе ўспаміны герояў (згадваюць паход у кіно — і садзяцца, бы ў кінатэатры), скарыстоўвае інтэрактыў (выхад акцёраў у залу і непасрэдны зварот за парадай да гледачоў), робіць укручванне лямпачкі падабенствам лейтматыву, пашырае відэаўключэнні: маўляў, героі глядзяць Першы псіхалагічны канал, сентэнцыі якога звернуты ў залу, а ў ролі вядучага — сам пастаноўшчык. 

Спектакль ярка выяўляе найлепшыя якасці артыстаў, дэманструе як імгненныя пераключэнні настрою, так і доўгае знаходжанне ў адным псіхалагічным стане.

Спектакль азначаны як “іскрамётная камедыя пра каханне”. Але ж ахоплівае куды большую тэматычную амплітуду — ад рэўнасці-недаверу-нянавісці да паразумення. Закранае праблематыку бацькоў і дзяцей, папярэджвае пра магчымы пераход жывога жыцця ў віртуальны фармат гаджэтаў, матывуе на засваенне чагосьці новага — у любым узросце. І ў выніку становіцца не проста пра каханне, а пра важнасць рэальных чалавечых зносін і ўмення дамаўляцца. Але ж дылема! У рэальнасці героі толькі і робяць, што сварацца, абражаюць адно аднаго. А вось віртуальныя “ўключэнні” са з’яўленнем дачкі і яе абранніка вымушаюць бацькоў імітаваць добрую сямейную атмасферу. Так што відэасувязь можа быць і выратаваннем.

 

Фінал канчаткова пераключае аповед ад побытавай лініі на сімвалічную. Усе прадметы ўзнімаюцца ў паветра і знікаюць пад каласнікамі — застаецца толькі зорнае неба як знак лунання душы, перавагі эмацыйнага, духоўнага над матэрыяльным.

ПАСТАНОЎЧА-АКЦЁРСКІ БУКЕТ

Пры ўсёй сімволіцы, рэжысура, што зусім не дзіўна, скіравана найперш на акцёраў. І справа тут не толькі ў п’есе, але і ў тым, што Несцераў — муж знакамітай Ноны Грышаевай і часта ставіць менавіта на яе: дастаткова згадаць лістападаўскі паказ у канцэртнай зале “Мінск” гастрольнай камедыі “Шпіёны назаўжды”. Цяперашні “Букет” пераконвае, што артысты нашага ТЮГа ніяк не саступаюць расійскім зоркам. Спектакль ярка выяўляе іх найлепшыя якасці, дэманструе як імгненныя пераключэнні настрою, так і доўгае знаходжанне ў адным псіхалагічным стане — раз’юшаным, калі вельмі важнай становіцца разнастайнасць адценняў, уменне лагічна адбудаваць агульнае развіццё. 

Заслужаная артыстка Беларусі, дырэктар тэатра Вера Палякова-Макей (Надзя) у адзін з момантаў хаваецца за канапай і паказвае трапны па вобразах “тэатр рук”. Генадзь Гаранскі (Косця) заўзята круціць складаныя элементы брэйк-данса. Абодва віртуозна вядуць свае ролі, не адпускаючы гледача нават у моманты стоп-кадраў, калі ўвага пераключаецца на танцавальныя інтэрмедыі (Маргарыта Кісялітэ, Андрэй Дудко і яшчэ два склады адоранай творчай моладзі). 

Харэограф Кірыл Балтрукоў апошнім часам спецыялізуецца на сучасных напрамках, але пачынаў ён калісьці менавіта з бальных танцаў. І зладзіў у спектаклі своеасаблівую энцыклапедыю гэтага кірунку, знайшоўшы тыя рухі, што вымушаюць успрымаць драматычных артыстаў лаўрэатамі прэстыжных бальных конкурсаў. Да ўсяго праз тыя нумары можна здагадацца, як маладыя пазнаёміліся і як іх стасункі развіваліся. Музыка — у запісе Прэзідэнцкага аркестра Беларусі на чале з Віталём Кульбаковым. Фінальная песня — у жывым выкананні галоўнай гераіні, да якой далучаюцца астатнія. 

РУЖА Ў ПРАГРАМЦЫ 

Дэталёвая прадуманасць спектакля адбіваецца і на яго праграмцы, дзе малінавы парашут перагукаецца з такімі ж кветкамі. Аркушык складзены спрэсаваным кулёчкам, унутр дададзена паперка з намаляванай чырвонай ружай. Чым не сапраўдны сціплы букецік? А на зваротным баку ружы напісана напаўжартоўная парада, якая, тым не менш, мае рацыю: падарыце важнаму для вас чалавеку букет з той колькасцю кветак, што адпавядае лічбам вашага месца ў зале, — і “цуд не прымусіць сябе чакаць”. Гэту ідэю можна было б працягнуць, запрашаць у фае гандляроў кветкамі — накшталт таго, як да дзіцячых спектакляў часцяком прымяркоўваюць продаж цацак і прысмакаў. Хтосьці набудзе кветкі ў антракце — для ўлюбёных артыстаў. А хтосьці пасля прагляду — для блізкіх. Тады на выхадзе з тэатра букетаў у гледачоў можа быць адно пяць: п’еса, спектакль, праграмка, букет талентаў — і жывыя кветкі. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА