Грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферы культуры сёлета атрымала Елізавета Пастушэнка — мастак-графік, загадчыца падрыхтоўчага аддзялення і дацэнт кафедры малюнка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Сродкі выдзелены на стварэнне серыі графічных партрэтаў “Памяць”, прысвечанай дзеячам культуры і мастацтва — удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Пра важны праект і творчы лёс — у размове з Елізаветай Анатольеўнай.
— Калі прыйшло разуменне, што мастацтва для вас не часовае захапленне, а справа ўсяго жыцця?
— Не магу сказаць, што з дзяцінства марыла стаць мастаком. Але выяўляла непадробную цікавасць да малявання. Бацькі гэта бачылі, таму аддалі мяне ў студыю выяўленчага мастацтва. З таго моманту я, сама таго не ўсведамляючы, зрабіла першыя крокі ў прафесію.
Вучылася ў Дзіцячай мастацкай школе №1 імя Віталя Цвіркі, потым былі Мінская дзяржаўная гімназіякаледж мастацтваў і Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў. Гэта насамрэч традыцыйны шлях, па якім прайшло мноства беларускіх аўтараў. Безумоўна, ёсць прыклады, калі людзі без дыплома знайшлі сваю нішу. Але менавіта вышэйшая адукацыя дае шырокі спектр уменняў і ведаў, дае аб’ёмную карціну ўспрымання выяўленчага мастацтва. І, як вынік, пашырае прафесійны гарызонт.
— Як узнікла ідэя стварэння серыі графічных партрэтаў “Памяць”, на рэалізацыю якой выдзелены грант Прэзідэнта?
— Летась па ўсёй краіне праходзілі ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Не засталася ўбаку і Акадэмія мастацтваў: на базе ўстановы была арганізавана выстава “Наш абавязак — памятаць!”. Яе наведвальнікі маглі ўбачыць работы аб ваенным часе, створаныя нашымі студэнтамі, выпускнікамі і выкладчыкамі. Спецыяльна для гэтага праекта я намалявала партрэты мастака Тараса Паражняка і архітэктара Сяргея Баткоўскага — беларускіх дзеячаў культуры, якія абаранялі краіну на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Вырашыла развіць тэму і падала заяўку на грант, якую ў хуткім часе адобрылі.
Серыя будзе складацца з 13 партрэтаў прадстаўнікоў розных сфер творчай дзейнасці — мастакоў, скульптараў, акцёраў, архітэктараў і кампазітараў, якія прымалі ўдзел у супрацьстаянні фашызму на беларускай зямлі. У працэсе работы я знаёмлюся з жыццёвым шляхам і творчасцю майстроў: шукаю інфармацыю ў акадэмічнай бібліятэцы, архівах і інтэрнэце. Атрыманыя звесткі кладуцца ў аснову кампазіцыі малюнкаў. Важна, што ўсе гэтыя людзі ў розны час працавалі ў Акадэміі мастацтваў. Таму для мяне работа над праектам не толькі даніна памяці выбітным дзеячам культуры, але і прысвячэнне сваёй альма-матар. У далейшым партрэты будуць перададзены ў фонды музея ўстановы.
— Сярод вашых паспяхова рэалізаваных праектаў — стварэнне партрэтаў “Падзвіжнікі Жыровіцкай абіцелі”. Чым адметная гэта серыя?
— Рэалізацыі задумы папярэднічала работа над партрэтамі царкоўных дзеячаў па замове уладыкі Гурыя, архіепіскапа Наваградскага і Слонімскага, намесніка Свята-Успенскага Жыровіцкага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра. Неўзабаве з’явілася ідэя стварыць жывапісныя выявы падзвіжнікаў, якія жылі і працавалі ў манастыры ў мінулым. На яе рэалізацыю ў 2021-м таксама быў выдзелены грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Падчас работы над партрэтамі духоўных дзеячаў я адчувала асаблівую адказнасць. Для мяне было важна паказаць іх інакшасць — бо людзі, якія прысвяцілі сябе служэнню Богу, адрозніваюцца ад астатніх. Калі шукала інфармацыю, арыентавалася ў тым ліку на ўспаміны іх сучаснікаў. Аказалася, што ў савецкі час падзвіжнікі адыгралі немалаважную ролю ў справе захавання манастыра, ва ўмацаванні праваслаўнай веры ў нашай краіне. Пры гэтым іх імёны не былі вядомыя шырокай грамадскасці. Таму праект меў і важнае асветніцкае значэнне.
— Вы спалучаеце актыўную творчую дзейнасць з выкладаннем у акадэміі і адміністрацыйнай працай. Як усё паспяваеце?
— За ўсё трэба плаціць сваю цану. Мне часта даводзіцца ахвяраваць асабістым часам, паўнавартасным адпачынкам. Але шчырая цікавасць да сваёй справы матывуе рухацца наперад.
— Дайце параду маладым — як знайсці сябе ў мастацтве?
— У кожнага свой шлях. Мой стыль фармаваўся натуральным чынам у працэсе творчай дзейнасці, я не шукала яго спецыяльна.
Але ёсць яшчэ шмат напрамкаў і тэхнік, у якіх хацелася б паспрабаваць сябе. Такія эксперыменты могуць накласці свой адбітак на мой падыход да творчасці. Дзякуючы творчым пошукам змяняецца ўспрыманне звыклых рэчаў, адкрываюцца новыя шляхі развіцця. Галоўнае, каб хапіла сіл і часу. Але ёсць аўтары, якія свядома выбудоўваюць канцэпцыю, прыводзяць у адпаведнасць з ёй усе складнікі сваёй творчасці. І такі варыянт таксама мае права на жыццё. У любым выпадку, што б ты ні рабіў, ты робіш сябе.
Данііл ПІЎКАРЭЦ
Фота з архіва гераіні