(Працяг. Пачатак у № 6—8, 2025)
Працягваем знаёміцца з гісторыяй роду, які пакінуў важкі след у гісторыі нашай краіны. Сёння вяртаем з забыцця імя графіка Міхала Чарноўскага, знаўцу Віленскай мастацкай школы.
Ва ўспамінах “Колькі гадоў маёй маладосці ў Вільні (1818—1825)” Станіслаў Мараўскі (1802—1853), вядомы віленскі і пецярбургскі лекар і пісьменнік, суаўтар сатырычнага выдання “Баламут” (Пецярбург, 1830—1836), прысвяціў сям’і Чарноўскіх пяць старонак. Але падзяліў іх паміж нашчадкамі і жонкай Юзафа Чарноўскага вельмі няроўна. Петранэлі з роду Ваяводскіх (маці Марыі і Міхала, народжанай на Лагойшчыне) ён адвёў адзін радок. Пра Марыю (не згадваючы яе імя) Мараўскі напісаў асцярожна, але трошкі іранічна, ажно два радкі. Крыху больш, па чатыры радкі (таксама з лёгкай іроніяй), было ўдзелена ўвагі Міхалу (мастаку) і Станіславу (лекару). Затое Людвіку, які нічым карысным, на думку Мараўскага, у жыцці не займаўся, а толькі “жыў у рытме вальса” на балях-рэдутах і трапляў у розныя анекдатычныя сітуацыі, было прысвечана цэлыя чатыры старонкі.
На малюнку Напалеона Орды "Дом Уладзіслава Сыракомлі" (1875) адлюстраваная вуліца Каралеўская
Вось што паведамляе пра Міхала Гіяцынта спадар Мараўскі: “Міхал, найстарэйшы, з сівымі ўжо вусамі, акадэмік, вучыўся пільна каля дваццаці пяці гадоў і малюнку, і жывапісу. Аніводнай не прапусціў лекцыі. Але пасля столькіх гадоў вучобы нават не мог галавы па-людску нарысаваць, не тое каб намаляваць. Працаваў і разважаў падоўгу. …Аднак сур’ёзна лічыўся за знаўцу і добрага крытыка. Але як што рабіў сам, крычалі «Гвалт!», бо было тое — злітуйся, Божа. Казаў мала і ўнікаў людзей. А можа, і яны яго”.
І калі б мы ведалі толькі гэта, то наўрад ці нарадзіўся б гэты артыкул. Але ведаем мы значна больш, і зусім з іншых крыніц.
Давайце паспрабуем разабрацца, дзякуючы каму Міхал на ўсё жыццё зрадніўся з мастацтвам. І за падказку падзякуем беларускаму фалькларысту, выдаўцу Рамуальду Падбярэзкаму, рэдактару віленскага выдання “Навукова- літаратурны дзённік”. У 1850-м ён апублікаваў невялічкую, але вельмі важную для нас нататку Зыгмунта Барташэвіча (сябра Адама Міцкевіча, літаратар і настаўнік). Вось што ў ёй адразу прыцягвае ўвагу: “Бацька Чарноўскіх быў знаёмы ў Рыме са Смуглевічам, і Міхал Чарноўскі, адданы праз клапатлівага бацьку Смуглевічу, цэлы год пад вокам таго знаходзіўся”.
Вострая брама (Вільня). Зыгмунт Фогель,1846
А цяпер пра тое, пры чым тут Лапацінскі. У 1763-м Францішак Смуглевіч трапляе ў Рым. З 1765-га вучыцца там на стыпендыю Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Потым працуе. Недзе тады (да 1775-га) лёс зводзіць яго з Янам Дамінікам Лапацінскім (1708—1778), буйным дзеячам каталіцкай царквы ВКЛ. Там жа, у Рыме, у 1774-м Смуглевіч робіць акварэльны партрэт Яна Лапацінскага. Думаецца, што пры Яне ў гэты час знаходзіўся яго пляменнік Юзаф Лапацінскі (таксама стаў каталіцкім дзеячам) і Юзаф Чарноўскі (бацька Міхала). Як ведаем, Чарноўскі ў далейшым вельмі доўгі час быў адміністратарам маёнткаў Лапацінскіх. Таму, калі Смуглевіч вярнуўся з Рыма ў Вільню і прыступіў да стварэння Віленскай мастацкай школы, Міхала аддалі яму “ў навукі”. Было гэта, пэўна, калі Міхал скончыў гімназію і паступіў ва ўніверсітэт (1801).
У 1847-м у альманаху “Атэны” Юзафа Крашэўскага выйшаў артыкул “Да ўспамінаў пра Віленскую школу жывапісу А. Шэмеша, дадатковыя звесткі В. Смакоўскага”. Апісваючы падмурак, закладзены Францішкам Смуглевічам, Вінцэнт Смакоўскі пералічвае самых галоўных яго вучняў і распісвае іх дасягненні. Пачаўшы з Каспара Бароўскага, праз Францішка Пелікана, падбіраецца аўтар і да Міхала Чарноўскага (на шостай пазіцыі). І вось што вынікае. Міхал атрымаў вельмі грунтоўную адукацыю, і быў адным з найпрацавіцейшых вучняў школы. Паспеў ён павучыцца ў Смуглевіча, але далей вучыўся ў Яна Рустэма. Смакоўскага бязмерна здзіўляла адданасць Чарноўскага рысунку, адмаўленне ад “пэндзля і фарбаў”, нецікаўнасць да поспеху ў рабоце. І тое, што Чарноўскі маляваў шэрай крэйдай усё жыццё. А гэта было, на думку жывапісца, такімі пакутамі, “якіх, пэўна, і Тантал не зведаў”.
Вінцэнт Смакоўскі. Ян Стыфі, 1876
Вылучаўся Міхал Чарноўскі яшчэ і ўмельствам перадачы ўзору: кожны яго рысунак, з чаго б ні быў зроблены (хоць з чалавека, хоць з ваколіцы), меў усе рысы дагератыпа… Малюнкі Міхала Чарноўскага былі высокага мастацкага ўзроўню, падобныя да работ тагачаснай нямецкай школы. На думку Смакоўскага, Чарноўскі быў адным з тых, хто мог бы найлепей і найдакладней напісаць гісторыю віленскай жывапіснай школы. А менавіта да гэтага схіляў яго стары сябра, кажучы, што калі б Міхал адгукнуўся на заклік і вырашыў гэтым заняцца, то аказаў бы вялікую паслугу тым, хто піша гісторыю ўніверсітэта. Тым больш што “пан Чарноўскі так добра абазнаны ў пісьменстве, як аніводзін да таго мастак”, а да ўсяго не раз пісаў аб мясцовым мастацтве для “Дзённіка віленскага” і “Тыднёвіка віленскага”.
Францішак Смуглевіч і Ян Рустэм… Але ці былі гэта “ўсе ўніверсітэты” Чарноўскага?
Урыўкі звестак пра Міхала можна знайсці багата ў якой літаратуры, дзе гаворка вядзецца пра гісторыю мастацтва ў Вільні.
Прыкладам, у трохтомным выданні “Віленскі ўніверсітэт” (т. ІІ). Там пішацца, што вучыўся ён з 1817 па 1823 і “яго працы (партрэты, краявіды) адзначаліся фатаграфічным падабенствам”.
Ёсць яго імя і ў знакамітых “Матэрыялах да гісторыі рамяства артыстычнага ў Вялікім Княстве Літоўскім” (XV—XIX) архівіста і мастацтвазнаўцы Яўзебія Лапацінскага.
Францішак Смуглевіч (аўтапартрэт), да 1807
Не раз згадваецца ён і ў кнігах вядомай расійскай мастацтвазнаўцы Інэсы Свірыды (1937—2019). Прыкладам, яна называе Чарноўскага ў 1807 годзе вучнем прафесара Ісідора Вэйса (1774—1821), які выкладаў ва ўніверсітэце гравюру з 1805 года. Пазней, у 1811-м, там пачаў працаваць прафесар Джозэф Сандэрс. У студзені таго самага года Сандэрс пісаў, што з шасці вучняў класа гравюры ён можа адзначыць чатырох, якія пераўзыходзяць яго надзеі і абяцаюць стаць упрыгожаннем сваёй краіны. Ці паспеў трапіць у гэты спіс Міхал? Не ведаем. Выхаванцы Сандэрса спецыялізаваліся ў розных кірунках — “пейзажах і гісторыі”, партрэце, вырабе віньетак, геаграфічных карт, займаліся таксама і каліграфіяй. А ў 1816-м для ахвочых дадалося гравіраванне нот. З Парыжа быў выпісаны адпаведны рыштунак, і выдавец Завадскі абяцаў у кожным нумары “Дзённіка віленскага” змяшчаць песню, змест якой узяты з айчыннай гісторыі ці які адносіцца да айчынных звычаяў: музыка будзе сачыняцца мясцовымі кампазітарамі, хоць яны, можа, і не дасягнуць (узроўню) вядомых замежных кампазітараў, аднак іх работы прынамсі “паслужаць гісторыі паказчыкам, на якім узроўні мастацтва сачынення знаходзіцца ў нашай краіне”. Тым самым праца Сандэрса аказалася звязанай з першай праграмай папулярызацыі нацыянальнай музыкі. Цікава было б пачуць меркаванне нашых музыказнаўцаў. Ці ажыццявіўся такі эксперымент Завадскага?
Трапіўшы ва ўніверсітэт у 1801 годзе, Міхал спярша вучыўся архітэктуры і тапаграфічнаму рысунку. З 1804-га — рысунку, а з 1807-га — скульптуры і графіцы (тэхніцы аквацінта, калі гравюра выглядае як малюнак акварэльнымі фарбамі). З 1823 па 1825 гады Міхал вучыцца жывапісу. І нарэшце, у 1829 годзе ён атрымлівае ступень кандыдата прыгожых мастацтваў і магістра філасофіі. Як бачым, Міхал прысвяціў вучобе амаль трыццаць гадоў.
Ян Рустэм (аўтапартрэт), пач. XIX ст.
Імя Міхала Чарноўскага ўпісана паміж важнейшымі вучнямі першага перыяду гісторыі віленскай школы (1797—1832), такімі як Казімір Бахматовіч, Тытус Бычкоўскі, Ігнат Цэйзік (пазней скарыстаў навык і праславіўся гучнай справай падробкі грашовых знакаў), Ян Дамель, Генрык Дмахоўскі, Юзаф Крашэўскі (вельмі пладавіты пісьменнік і рэдактар “Атэнаў”), Міхал Кулеша, Яахім Лялевель (старэйшы сябра філаматаў і любімы студэнтамі прафесар гісторыі універсітэта), Юліян Мішэўскі (мастак і паэт, загінуў трагічна ў маладыя гады), Уладзіслаў Невяровіч (псеўданім “Ян Тысевіч”, ураджэнец Міншчыны, да нядаўняга часу быў невядомы на радзіме), знакаміты мастак і першы абаронца правоў жывёлаў Юзаф Аляшкевіч, Юзаф Пешка, Караль Рыпінскі, Адам Шэмеш, Рафал Слізень (выдатны медальер і апошні апякун Яна Чачота), Генрык Жукоўскі і многія, многія іншыя.
Да заслуг Міхала Чарноўскага можна аднесці збор і захаванне накідаў, зробленых вучнямі віленскай школы ў 1820-х, у іх ліку “Сцэна са сляпым перад домам” (Антон Клюкоўскі), “Прадстаўленне звяроў” (вол, баран, казёл) (Караль Рачынскі) і “Відарыс палаца ў парку” (Юзаф Главацкі). У 1844 годзе творы былі перададзены ў лагойскія зборы Тышкевічаў.
Ян Дамінік Лапацінскі. Францішак Смуглевіч, 1774
За больш чым паўвекавое служэнне мастацтву Міхалам Чарноўскім было намалявана нямала. Прычым крытыкі адзначалі высокі ўзровень майстэрства мастака. Але згадку пра нейкае прыстанішча яго карцін удалося знайсці толькі адну.
Перад Другой сусветнай вайной жывапісныя працы Міхала Чарноўскага захоўваліся ў палацы роду Абуховічаў у Сваяцічах (цяпер Ляхавіцкі раён). Вядомы даследчык Раман Афтаназы пісаў пра гэты збор так: “Да 1939 года было трохі пейзажаў, пераважна мясцовай тэматыкі, выкананых пераважна віленскімі мастакамі: Міхалам Чарноўскім, Фердынандам Рушчыцам, Станіславам Богуш-Сестранцэвічам”. Знаходжанне твораў Чарноўскага ў кампаніі з карцінамі больш вядомых мастакоў, якія нарадзіліся ўжо пасля яго скону, кажа толькі на карысць узроўню нашага героя.
Што гэта за карціны, невядома. Ці былі яны намаляваны на мясцовых пленэрах або ўжо гатовымі былі набыты гаспадарамі для калекцыі? Хто ведае. На жаль, палац быў разрабаваны двойчы — у 1914-м і 1939-м. І ад вялікага збору карцін і велізарнай бібліятэкі пасля вайны нічога не засталося. А потым і сам палац быў спалены.
Міхал Чарноўскі адышоў у лепшы свет 15 красавіка (трэцяга па старым стылі) 1861 года ў Вільні. Прычынай стала вадзяная пухліна (вадзянка?). Меў на той момант, як запісана ў метрыцы, 75 гадоў. Праз тры дні на Росах адбылося пахаванне.
Джозэф Сандэрс. Ян Рустэм. 1810
Працяг будзе.
Газета "Культура" №10 ад 7 сакавіка 2025 г.
Зміцер ЮРКЕВІЧ