Шляхам міру і стварэння

Апублiкавана: 30 сакавiка 2025 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Аляксандр Лукашэнка заступіў на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Цырымонія інаўгурацыі прайшла 25 сакавіка ў Палацы Незалежнасці.

Сімвалічна, што Аляксандр Рыгоравіч прыбыў на ўрачыстасць па маршруце, які пралягаў па дзвюх галоўных сталічных магістралях — праспектах Незалежнасці і Пераможцаў. Гэты шлях як дарога суверэннай дзяржавы: упэўнены рух да станаўлення і развіцця краіны, справядлівасці і шырокіх магчымасцей для кожнага, да міру і стварэння. 

Такім аказаўся і лейтматыў прамовы Прэзідэнта. Падчас інаўгурацыі Аляксандр Лукашэнка адзначыў: 

— Я перш за ўсё хацеў бы павіншаваць усіх нас з перамогай на выбарах! Гэта перамога не толькі мая, Прэзідэнта, але і мільёнаў нашых беларусаў. 26 студзеня мы пераадолелі чарговае гістарычнае скрыжаванне. Прайшлі яго ўпэўнена і мудра, не звярнуўшы з дарогі, па якой ідзём трэць стагоддзя. Гэта шлях міру і стварэння, нацыянальнай еднасці і патрыятызму, справядлівасці і шырокіх магчымасцей для кожнага — усё тое, што мы называем дзяржавай для народа. Гэта наш беларускі шлях! 

Аляксандр Рыгоравіч заўважыў: як у самым пачатку таго шляху, так і цяпер беларусы большасцю выбралі сваю незалежнасць, пераемнасць палітычнага курсу і ўпэўненую будучыню, паказалі сталасць нашай нацыі, перамогу еднасці. 

— Прысягаць краіне і беларускаму народу ў 80-годдзе Вялікай Перамогі — найвялікшая адказнасць. Сёння мы ўсе прыносім клятву вернага служэння Айчыне і нікому не дазволім сцерці стваральны след у гісторыі — наш і нашых папярэднікаў. Мы з вамі стварылі суверэнную дзяржаву. Нам ёсць чым ганарыцца, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт падзякаваў усім выбаршчыкам за галасы, за сумесныя дасягненні. Пералічваючы поспехі беларусаў, ён прыгадаў касмічную галіну, першую атамную станцыю, нацыянальную біятэхналагічную карпарацыю, нашу нішу ў сферах лічбавых тэхналогій, оптыкі і мікраэлектронікі, самы вялікі самазвал БелАЗ, кожны дзясяты трактар на планеце, які сышоў з канвеера МТЗ. А яшчэ МАЗы, электробусы, легкавыя аўтамабілі. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на медыцыну — адну з самых высокатэхналагічных і самых даступных на планеце, на харчовую бяспеку — па многіх пазіцыях мы трапілі ў дзясятку сусветных экспарцёраў прадуктаў харчавання. 

— Гэта ўсё мы — новая Беларусь, краіна працаўнікоў і стваральнікаў. Мы сталі моцнымі, значнымі і прыкметнымі, — сказаў лідар. 

Разам з тым ён нагадаў і пра выклікі, з якімі выпала сутыкацца: пандэмія, каляровыя рэвалюцыі, санкцыі, правакацыі на заходніх і паўднёвых граніцах Беларусі. “І мы стаялі і стаім”, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. 

— На шчасце, у нас шмат сяброў і саюзнікаў. Братэрская Расія, Вялікі Кітай, партнёры Садружнасці Незалежных Дзяржаў, ШАС, БРІКС. Фактычна ўсе краіны, якія сёння ўтвараюць глабальную большасць. Мы нацыя, дастойная павагі! — падкрэсліў Прэзідэнт. 

Уступаючы ў новы гістарычны перыяд, Беларусь абапіраецца на вывераную часам стратэгію развіцця. І агульным напрамкам руху Кіраўнік дзяржавы вызначыў традыцыі, працавітасць, тэхналогіі. Прыгадваючы перадвыбарную праграму, Аляксандр Лукашэнка сказаў: 

— Наша перамога — гэта новы гістарычны шанц, магчымасць зрабіць яшчэ больш на карысць роднай Беларусі. 

Выбар зроблены, надыходзіць час новых перамог!

Падрабязней — на сайце president.gov.by