Дыяна Касцюк, студэнтка чацвёртага курса Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, уганараваная стыпендыяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Сярод прафесійных інтарэсаў дзяўчыны прыкметна вылучаюцца fashion-дызайн і разьба па дрэве. Унікальны тандэм — сакрэт поспеху юнага творцы?
— Дыяна, як адбывалася ваша творчае станаўленне?
— З дзяцінства любіла маляваць, а бацькі ўсяляк заахвочвалі мае памкненні. Калі надышоў час выбіраць спецыялізацыю, усвядоміла, што кірунак класічнага жывапісу, як і папулярнага ў той момант дызайну, мяне не прываблівае. Шукала тое, што паглыбіць наяўныя веды і ўменні. Спынілася на дрэваапрацоўцы. Вывучала яе ў Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжы імя А.К. Глебава. Дзякуючы філасофскаму, чуламу падыходу педагога Алега Валер’евіча наша група палюбіла гэты від мастацтва ўсёй душой! Той запал захаваўся па сёння.
Пасля заканчэння каледжа паступіла ў Акадэмію мастацтваў на спецыяльнасць “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (касцюм)”. Ва ўніверсітэце з’явілася маса магчымасцей для самавыяўлення і свабоднай творчасці. Мае працы сталі больш “жывымі”!
— За плячыма ў вас — мноства экзаменацыйных аглядаў. Напэўна, сярод работ ёсць “любімчыкі”?
— Першай на розум прыходзіць “Лён” — дэкаратыўнае пано з драўлянага масіву. Гэта дыпломная праца, якую стварыла на чацвёртым курсе каледжа. Яна адлюстроўвае важную ролю жанчын у ткацкай справе. Выкананы “Лён” ва ўнікальнай тэхніцы ажурнай разьбы. У яе аснове — выпілоўванне вольных месцаў паміж аб’ектамі кампазіцыі, дзякуючы чаму выраб набывае лёгкасць, становіцца “паветраным”.
— А яшчэ вы стварылі калекцыю адзення, якую прадставілі на Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе моды і фота “Млын моды — 2024”…
— Упершыню паспрабавала свае сілы ў гэтым спаборніцтве ў 2023-м. Атрымалася насычана і плённа. Другі раз усё адчувалася больш спакойна і мерна. Няпростым аказаўся толькі эскізны этап. З хваляваннем я выносіла на ўсеагульны агляд ідэі, што раней сядзелі толькі ў маёй галаве.
— Раскажыце пра вашу калекцыю “Трансгенерацыя”, якую прызналі найлепшай сярод жаночых.
— Назва адсылае да псіхалогіі. Тэрмін азначае перадачу несвядомага досведу ад старэйшага пакалення да малодшага, трансляванне культурнага кода, патэрнаў паводзін, пачуццяў.
Калекцыя разлічана на маладых жанчын і складаецца з сямі вобразаў, што ўключаюць камплект адзення (блузкі, спадніцы, сукенкі), абутак, сумкі і калье. Асноўныя матэрыялы — пасцельны паркаль белага і чорнага колераў, натуральная скура і дрэва.
На стварэнне, пачынаючы з эскізаў, лякал і да вырабу калье, спатрэбілася каля двух месяцаў. Самым складаным аказаўся этап абування мадэлей. Лавіла вольныя ад вучобы моманты, каб выпілоўваць драўляную падэшву.
— Што натхняла падчас няпростай працы?
— Графіка, якая нагадвае фактуру дрэва, і народны касцюм. Імкнулася адаптаваць яго пад сучасныя рэаліі, пры гэтым захаваць камфорт, каб элементы вобраза можна было насіць кожны дзень і камбінаваць з астатнім гардэробам.
— Як ацэньваеце сваё “дзецішча”? Атрымалася ўвасобіць ідэю ў жыццё?
— Першапачаткова задумвала, што калекцыя будзе ўключаць толькі адзенне. Але ў працэсе з’явілася дакучлівая ідэя зрабіць сумкі ў тэхніцы маркетры, якую я самастойна асвоіла ў каледжы. Гэта досыць складаны кірунак, папрацаваць з якім да “Млына моды” не ўдавалася. І раптам з’явіўся такі шанц. Пазней вырашыла стварыць набор калье. Без дадатковых аксэсуараў вобразы выглядалі нудна. Да таго ж хацелася дапоўніць калекцыю дэталямі, што адсылаюць да народнай спадчыны.
У выніку паспела зрабіць нават болей, чым планавалася! Удалося злучыць атрыманы ў каледжы і акадэміі вопыт, аб’яднаць разьбу па дрэве і шыццё.
— У якіх кірунках дэкаратыўна- прыкладнога мастацтва хочацца развівацца далей?
— Даўно прыцягвае стварэнне лялек, што, дарэчы, развівае вялікі спектр уменняў. У гэтай справе мала проста шыць прыгожыя сукеначкі. Важна разбірацца ў анатоміі, пластыцы, старанна пра- думваць прадметы мэблі. Нават скрыня для захоўвання вырабу павінна ўпісвацца ў адзіную канцэпцыю!
— Каго лічыце эталонам на гэтай ніве?
— Расійскую мастачку Пашу Сятрову! Больш за дзесяць гадоў яна стварае ўнікальныя шарнірныя лялькі, якія кардынальна адрозніваюцца ад звыклага віду дзіцячых цацак. Аўтарскі стыль майстра ні з чым не зблытаеш!
— Летась вы атрымалі стыпендыю спецфонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь…
— Заўсёды здавалася, што на падтрымку такіх прэстыжных фондаў могуць разлічваць толькі сапраўдныя унікумы. Сябе да іх не адносіла, але дакументы ўсё ж падала. Памятаю, як мне патэлефанавалі ўвечары, адразу пасля прысуджэння. Была вельмі рада, што старанні прызналі на высокім узроўні. І дасюль дзіўна ўсведамляць, што я ўваходжу ў лік таленавітай моладзі Беларусі.
— Што ў бліжэйшых планах?
— Спадзяюся паспяхова абараніць дыплом. Пачну актыўна прасоўваць сваё мастацтва ў сацыяльных сетках. Магчыма, паступлю ў магістратуру. І дакладна буду тварыць на карысць Радзімы.
Віялета ГРЫНКЕВІЧ
Фота з архіва гераіні