Размовы аб важным

Апублiкавана: 28 сакавiка 2025 Стужка Музыка Мінск

Аўтар: Аўтары

Агульнарэспубліканская акцыя “Разам з мастацтвам” крочыць па краіне. Яе новы этап праходзіць пад лозунгам “Слава Пераможцам!”.

Арганізатары — Маладзёжны тэатр эстрады і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. 

Урачысты старт праекта, прысвечанага 80-годдзю Перамогі над фашызмам, прайшоў напрыканцы лютага ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Галоўныя задачы акцыі — падкрэсліць уклад беларускага народа і дзеячаў культуры ў Вялікую Перамогу, аддаць даніну памяці героям, якія ваявалі і працавалі дзеля росквіту краіны. 

Першая дыялогавая пляцоўка разгарнулася на базе Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Сустрэча стала шчырай гутаркай пакаленняў: артысты Маладзёжнага тэатра эстрады расказвалі навучэнцам пра лёс родных, якія на сабе адчулі цяжкасці і страты ваеннага часу, — бо памяць аб бессмяротным подзвігу беларускага народа павінна захоўвацца і перадавацца будучым пакаленням. Таксама адбыўся канцэрт — выступілі вядомыя вакалісты Гюнэш, Інга Кісялёва, Кацярына Мядзведзева і Шыр. Гучалі песні ваенных гадоў і сучасныя кампазіцыі. Свае таленты прадэманстравалі юныя артысты вакальна-харэаграфічнага ансамбля “Заранак” і вакальнага ансамбля каледжа мастацтваў “Фермата”. А юныя мастакі падрыхтавалі выставу малюнкаў “Яны па- дарылі нам мір…”. 

Наступнай кропкай на маршруце агульнарэспубліканскай акцыі стала Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў. Гасцей сустракалі экспазіцыяй работ студэнтаў, выпускнікоў і педагогаў. Пасля адкрытага дыялогу распачалася творчая частка, у якой былі задзейнічаны вакалісты Маладзёжнага тэатра эстрады Яўген Ермалковіч і Інга Кісялёва, артысты ансамбля “Верасы”, выхаванцы Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя Уладзіміра Мулявіна, студэнты і магістранты акадэміі. У сакавіку акцыя “Разам з мастацтвам” рушыла за межы сталіцы: спачатку яе віталі ў Беразіно. Жыхары раёна — як моладзь, так і старэйшае пакаленне — са шчырай зацікаўленасцю слухалі расказы артыстаў аб тых, хто са зброяй у руках адстойваў свабоду і незалежнасць Беларусі. 

— У нашай краіне няма сем’яў, якія б не закранула Вялікая Айчынная вайна. Мой дзядуля зусім маладым сышоў на фронт. У 1944-м быў паранены, трапіў у шпіталь. Але праз два месяцы вярнуўся ў строй і дайшоў да Берліна, — падзялілася сямейнай гісторыяй салістка Маладзёжнага тэатра эстрады Вольга Булай. 

Затым праграма “Разам з мастацтвам” — “Слава пераможцам!” разгарнулася ў Чэрвені. Тут да сталічных зорак далучыліся мясцовыя: вакалісты Аляксандра Макольская і Рэнат Табалевіч, а таксама курсанты ваенна-патрыятычных клубаў “Дазор”, “Патруль” і “Нашчадкі”. 

У Дзяржынскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці выступілі артысты беларускай эстрады Гюнэш, Інга Кісялёва, Вольга Калеснікава, Аляксандр Сухараў, Кацярына Шумская, Кірыл Кучынскі, Дзмітрый Стрэж, а таксама вакалісты з рэгіёна Вадзім Сарафіновіч, Любоў Рагоза, Лізавета Маслоўская. 

Наступная сустрэча ў рамках акцыі адбудзецца ў красавіку. Усяго запланавана зладзіць 18 дыялогавых пляцовак. Вынікі праекта падвядуць летам: імпрэзу мяркуюць правесці на базе Мінскага гарадскога палаца культуры да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. 

Данііл ПІЎКАРЭЦ